Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Латушкін



Андрэй Латушкін, 23 гады. Нарадзіўся ў вёсцы П'емонт на Талачыншчыне. Зараз вучыцца ў асьпірантуры гістарычнага факультэту БДУ. Працуе ў Нацыянальным Гістарычным Архіве, у аддзеле старажытных актаў над апісаньнем Радзівілаўскага фонду. Улюбёныя заняткі – фольк-сьпевы і рэканструкцыя старажытнай рыцарскай зброі. Акрамя таго, Андрэй рыхтуе альбом сваіх бардаўскіх песень. Чакае нараджэньня дачкі, якой вырашыў даць імя Багдана – Богам дадзеная.

(Латушкін: ) "Беларускаму рыцарскаму руху ў гэтым годзе дзесяць гадоў. Адзін фактар ці стымул – адраджэньне гісторыі сваімі рукамі. А другі – гэта нейкі дух, нейкая весялосьць, якая з гэтым зьвязана. Езьдзілі мы на Грунвальдскае поле ў мінулым годзе. І езьдзіў з намі хлопец адзін з Тулы. Таксама такі заядлы ваяка, рыцар. Хаця якія ў былой Расійскай дзяржаве рыцары – я ня ведаю. І гэты хлопец, баявы, гаваркі, пастаянна імкнецца быць у цэнтры ўвагі. І, разам з тым, расейскі мат – гэта неад'емная частка яго лексыкона, безумоўна. Мы яго пакуль туды ехалі ўсё страшчалі. Патрабавалі ад яго крышачку пасьмірнець. Казалі: "Калі ты ня вывучыш пару слоў на беларускай мове, мы цябе назад ня возьмем". Патэльня там, каханьне... Едзем назад. А ў праграме гэтага фэсту была рэканструкцыя бітвы, а пасьля пір рыцарскі. А на піру давалі парсюкоў смажаных. Ну і ўсе беларусы, як падалі гэтых парсюкоў, "Якія файныя парсюкі", – казалі. А назад едзем, а ён кажа: "Ну, слухайце, такія класныя былі барсукі. Барсукі такія харошыя, вкусныя былі!"

Архівы – гэта нешта такое неапісальнае і шыкоўнае. Калі ты гартаеш, чытаеш дакументы 18-га, 17-га, 16-га стагодьдзяў, настолькі адчуваеш сябе ўнейкім рэчышчы, настолькі неяк сам гарманізуешся, калі гэта можна так сказаць. Я нядаўна працую з гэтым фондам Радзівілаўскім. Бяру справу. У справе зьмяшаныя розныя паперкі, нейкія лібрэта, ноты, вершы, афішы старыя. Карацей, куча ўсяго. І адкопваю некалькі вершаў. Ну такіх пашляцкіх. Ну такіх, што проста стыне кроў у жылах. На польскай мове, але яўна з такім нашым духам ліцьвінскім. А разам з тым на адваротным баку гэтых вершаў... абсалютна патрыятычныя песьні генэрала Красіцкего. Дзьве крайнасьці, на мяжы з такой пошласьцю паэзія, і тут такая высокапатрыятычная ўзьнёслая рэч.

Я ня веру ў тое, што наша беларуская справа неяк загіне ці зьнікне. Для мяне, напрыклад, для майго пакаеньня таксама інфармацыя нейкая падала па крупіцах, па кроплях. А зараз, за апошняе дзесяцігодзьдзе вельмі шмат створана. І створана таго, што ўжо ня зьнікне. Што будзе базай і для будучых пакаленьняў. І, акрамя таго, дзеці растуць у сем'ях беларускіх. Мы па большай меры расьлі ў сем'ях савецкіх. Гэтым дзецям ужо меней трэба будзе вагацца і шукаць сябе. Думаю, што ў іх вялізная будучыня. Магчыма, кардынальна ў гэтай краіне нічога ня зьменіцца. Але, думаю, нас паболее. І пашырыцца. Пакуль жывы мы, і пакуль у нас зьяўляюцца дзеткі, усё доўжыцца і будзе доўжыцца бясконца”.
XS
SM
MD
LG