Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Лява



Арцём Лява, 26 гадоў. Працуе інжынэрам-дызайнэрам у праектна-будаўнічай фірме “Архітэкс”. Арцём мае ўласную старонку ў Інтэрнэце, любіць перачытваць Караткевіча, Мандэльштама. Свой маналёг Арцём Лява пачаў з тэмы, што яго не задавальняе ў жыцьці:

(Лява: ) “Духоўны стан грамадзтва. Мне здаецца, тая ўлада, якая зараз утварылася, яна неяк нэгатыўна ў цэлым уплывае на грамадзтва, дэградуе шмат у чым. Здаецца, няма такіх праграм добрых па адраджэньні культуры, па адраджэньні мовы, якія былі б вельмі эфэктыўныя для кансалідацыі. Зараз такая сытуацыя, што трэба неяк аб’яднаць грамадзтва, каб пераадолець цяжкасьці...

Адзін шлях, такі больш-менш не рэвалюцыйны – гэта ўдзельнічаць у выбарах.

Я зараз удзельнічаў у выбарах – прэзыдэнцкіх, мясцовых – і шмат такіх зьяваў заўважыў. З такімі фактамі сутыкнуўся, што нават закон, які зьяўляецца фармальна больш-менш дэмакратычным, ён вельмі часта не выконваецца. І вельмі часта вялікую ролю адыгрываюць інструкцыі Цэнтравыбаркаму і іншых, якія не дазваляюць заяўленыя ў законе прынцыпы рэалізаваць – дэмакратычнасьць, празрыстасьць, адкрытасьць выбараў. Шмат такіх парушэньняў...

Можна, канечне, і больш актыўна ўдзельнічаць у акцыях вулічных. Проста гэта на сёньняшні дзень адзіны сродак, які дазваляе выказаць нязгоду з палітычнымі крокамі кіраўніцтва краіны. Астатнія ўсе шляхі блякаваныя – тэлебачаньне, радыё, дзяржаўныя СМІ, тыраж якіх значна большы за незалежніцкі, і ўсе сродкі масавай інфармацыі, якія ўплываюць на думку грамадзкую, яны пад кантролем дзяржавы. Яшчэ адзін шлях, дакладней, адзіны, які застаецца – масавыя акцыі вулічныя. А другі – спрабаваць усё ж такі выбарчае заканадаўства зьмяніць. Бо сёньняшні стан не дазваляе ніякіх дэмакратычных зьмен правесьці ў краіне.

Застаецца спадзявацца, што ў безвыходнай сытуацыі псыхалёгія людзей ўсё ж такі зьмяняецца, грамадзкая думка мяняецца ўсё больш. Я сам бачыў, калі хадзіў агітаваць па кватэрах, што даволі прыязна, зь цікавасьцю людзі ставяцца да незалежных кандыдатаў. Крытычная маса незадавальненьня накапліваецца, і, здаецца, ня зможа супрацьстаяць адміністрацыйны рэсурс гэтаму грамадзкаму супраціўленьню”.
XS
SM
MD
LG