Юля Пратасеня, 21 год, студэнтка Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Захапляецца харавымі сьпевамі, лічыць, што менавіта сьпевы дапамагаюць жыць, асабліва ў сытуацыі, калі іншых магчымасьцяў атрымліваць асалоду ня так шмат вакол цябе. Любіць кіно, прозу Васіля Быкава, Міхаіла Булгакава, Міларада Павіча.
(Пратасеня: ) “Люблю стан задаволенасьці, але, праўду кажучы, стан незадаволенасьці люблю больш. Бо калі незадаволеная — будзе нешта добрае, значыць, рухаюся наперад, да нечага прыйду. Да стану задаволенасьці прыйду, але ня ведаю, на які працяглы час.
Ці задаволеная я сёньняшнім жыцьцём у сваёй краіне? Так, задаволеная, але, канечне, хацелася б зьмяніць шмат чаго, бо разумею, што заўсёды ў жыцьці ёсьць намнога больш рэчаў добрых, чым дрэнных. І вельмі становіцца прыкра, калі людзі цыкляцца на нейкіх толькі адмоўных рэчах і кажуць табе: “А ты паглядзі, як жывуць іншыя. Іншыя жывуць горш, а ты вось тут сядзіш і скардзісься нам”. Заўсёды хочацца адказаць: “Ну паглядзіце, ёсьць шмат людзей, якія жывуць значна лепей, значна весялей. Дык чаму ж нам так ня жыць?”
У сваім жыцьці мне хацелася б менш баяцца, бо шмат чаго не раблю проста з-за таго, што баюся, што не атрымаецца. Але чым больш жыву, тым больш разумею, што калі больш нешта спрабую, тым больш нешта з гэтага атрымліваецца. Калі не рабіць нічога, не атрымаецца нічога. І па-мойму, гэта ня толькі мая праблема, але праблема многіх маладых людзей у нашай краіне. На нейкую прапанову яны адказваюць, што нічога не атрымаецца, ды ўсё роўна ўсё так і будзе, дык навошта спрабаваць. А каб паспрабаваць хаця бы разоў дзесяць, каб з гэтых дзесяці разоў адзін раз нешта атрымалася — рэдка такое бачыла.
Што б яшчэ я хацела зьмяніць? Я чалавек, які вельмі любіць падарожнічаць, то хацела б бачыць Беларусь у кантэксьце эўрапейскіх краінаў, бо Беларусь — гэта краіна, якая вельмі хутка можа ўвайсьці ў гэты кантэкст і ўзбагаціць эўрапейскую культуру. Мы маем усё для гэтага, але нас не ўспрымаюць у сьвеце, і мы самі сябе ў сьвеце не ўспрымаем. І гэта самае крыўднае.
Посьпех прыносіць (з уласнага вопыту ведаю) падарожжа. Бо калі сядзіш тут і зусім не вылазіш нікуды, то губляеш адчуваньне аптымізму, губляеш надзею на нешта сьветлае і добрае, што недзе ёсьць, і што можна ў сябе зрабіць. Калі падарожнічаеш, то зь цябе спадае ўвесь гэты цяжар, які ўскладзены на цябе гэтымі людзьмі, гэтымі абставінамі, усёю атмасфэраю, якая акружае цябе ў гэтай краіне, і ты пачынаеш жыць больш свабодна, больш аптымістычна.
Вельмі хочацца пажадаць аптымізму, якога вельмі не хапае ўсім, і асабліва маладым людзям. Таму, калі ёсьць магчымасьць, мяняйце месцы, атмасфэру, падарожнічайце нават па сваёй краіне. Чым больш вы пазнаеце мясьцінаў, людзей, рэчаў, тым больш вам дапамае гэта ў жыцьці”.