Менчуку Вячаславу Шпілеўскаму 16 гадоў. Ён навучэнец Беларускага гуманітарнага ліцэю. Любіць гісторыю, шмат чытае і марыць пра кар’еру навукоўца. Адно з найвялікшых захапленьняў — заняткі ў Беларускім рыцарскім клюбе.
(Шпілеўскі: ) “Быў на фэсьце ў Наваградку, і гэта падштурхнула мяне запісацца ў рыцарскі клюб. Мне гэта цікава: бачыць сярэднявечныя строі, апранаць іх, самому зрабіць што-небудзь. Гэта мне вельмі-вельмі цікава.
Сваім жыцьцём я ня вельмі задаволены з абставінаў і грамадзкіх, і эканамічных. Вельмі мала культурных нацыянальных мерапрыемстваў. На жаль, усё хіліцца да Расеі. Людзі звыкліся з расейскай мовай — і гэта перашкода, бо ім цяжка паказаць неабходнасьць усяго роднага.
Кожны чалавек нечага баіцца. Я баюся зьнікненьня беларускай мовы. Цяпер я навучаюся па-беларуску і выхоўваю ў сабе ідэю беларускасьці. Вучуся ў гуманітарным ліцэі, таму абраў для сябе гуманітарны кірунак і спрабую сябе выявіць у гэтым кірунку. Па-першае, я клапачуся пра гісторыю сваёй краіны, нашыя продкі размаўлялі па-беларуску й жылі годна. Хачу, каб і цяпер было гэтак жа. Спадзяюся, што ў далейшым жыцьці зраблю нешта добрае для нашай краіны.
Мая мара — аб лепшым жыцьці, каб людзям жылося лепш. Каб яны ня думалі, што ў нас заробак дрэнны й яго не выплачваюць. Але каб у фінансавым пляне людзям жылося добра, як у Эўропе. Каб яны не забываліся на сваю гісторыю й адчувалі сябе годнымі беларусамі. Я пажадаў бы ўсім ведаць гісторыю сваёй краіны, ведаць мову, цікавіцца гэтым і тады ўсё будзе добра”.