Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Каратыш



Віталь Каратыш, 18 гадоў. Нарадзіўся і жыве ў вёсцы Кажан-гарадок Лунінецкага раёну Берасьцейскае вобласьці. Вучыцца на першым курсе завочнага аддзяленьня Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту на факультэце мэнэджмэнту. Да гэтага часу ўжо скончыў эканамічны каледж у Століне, працаваў у калгасе “Перамога” эканамістам. Некалькі месяцаў таму старшыня сельсавету прызначыў Віталя дырэктарам сельскага дома культуры.

(Каратыш: ) “Мне толькі 18 гадоў, і я на дырэктара ніяк не выглядаю... У мяне ў падчыненьні знаходзіцца толькі прыбіральшчыца – цётачка пад гадоў 55, і ў мяне нават язык на яе не падымаецца за нешта накрычаць. Таму, калі яна нешта не прыбірае, – я сам лепш прыбяру...

Чым займаецца дырэктар клюбу? У маім выпадку – усім: пачынаючы ад таго, каб што-небудзь прыбраць, і заканчваючы правядзеньнем мерапрыемстваў. І яшчэ ў абавязкі дырэктара нефармальна ўваходзіць спойваньне ўсіх дзяржаўных структураў, якія прыяжджаюць туды. Напрыклад, калі прыяжджае які-небудзь Дзяржназдор, то мая місія – яго напаіць, каб ён не запісаў, што ў нас там аголеныя правады, што няма нідзе тушыцеляў... А я ня ведаў першы раз, і мне запісалі ўсё гэта. Але цяпер ужо вопыту набіраюся...

Гэта ня тое што праблема, а гэта філязофія жыцьця – алькагалізм у вёсцы. Неалькаголікаў там вельмі мала. І самае страшнае, што моладзь, пачынаючы ад гадоў 14, ужо спрабуе пацягнуць за вуглом “бырла” невядома якой вытворчасьці... А да гадоў 18 яны ці, у лепшым выпадку, куды-небудзь зьедуць вучыцца, што іх выратуе ад гэтага, ці, калі ім не пашанцуе і яны застануцца ў вёсцы, то стануць “алканаўтамі”, як я іх называю...

Калі сказаць праўду, каб было мне дзе працаваць у горадзе і я мог атрымаць нармальную зарплату, – уцёк бы. Але я б застаўся ў вёсцы, каб у нас працавала лазьня, было больш крамаў... Канечне, ведаю, што гэта нерэальна, але каб у кожнай больш-менш забясьпечанай сям’і быў кампутар... Каб зімой не замярзалі клемы на тэлефонных станцыях і можна было датэлефанавацца нармальна... Вось тады б я застаўся, і тады б засталіся мае дзеці. Хаця – для мяне ёсьць тое, чаго я хачу, і тое, што я лічу патрэбным... Я лічу, што трэба, каб у вёсцы жылося лепш. І калі я ў гэтым нечым змагу дапамагчы, то я застануся”.
XS
SM
MD
LG