Галіна Гараніна, 23 гады. Скончыла Гарадзенскі катэхетычны інстытут. Працуе катэхеткай у Красьненскім касьцёле (Маладэчанскі раён) — навучае дзяцей асновам рэлігіі.
(Гараніна: ) “Ад самага дзяцінства я была вельмі цесна зьвязаная з Панам Богам. Хоць сама нарадзілася ў Маладэчне, але першыя такія крокі — хрост — адбыўся менавіта ў Красным, у касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі. Пасьля ў гэтым касьцёле была мая першая сьвятая камунія. Сьвятар, які працаваў у тым касьцёле, заўсёды прыцягваў да працы. Каб магла працаваць зь дзецьмі, забаўляцца зь імі.
І так атрымалася, што ў Горадні адкрыўся такі інстытут — кажучы па-расейску, інстытут багаслоўя, то я й пайшла ў такі інстытут. Каб можна было працягваць сваю такую сьцяжынку, можна было весьці далей людзей да Пана Бога.
І сапраўды лёс далей так пакіраваў, што я зноў у гэтай Красьненскай парафіі, якая для мяне была самым першым крокам з Панам Богам. І цяпер у гэтым касьцёле, дзе хрысьцілася, дзе прыняла сьвятую камунію, магу рыхтаваць дзяцей да гэтай першай сустрэчы з Панам Богам. І сапраўды дзеці ідуць зь вялікай ахвотай. Яны, можа праз мой прыклад, можа праз прыклад сваіх бацькоў, бачаць, што сапраўды Бог ёсьць, і бачаць любоў Пана Бога да іх.
Калі дзеці, якіх я вучу, будуць заўсёды выконваць тыя загады Божыя, якія мы вучым, якія даў нам Пан Бог, то будучыня іх будзе сьветлай. Бо гэта асноўныя правілы нашага жыцьця.
Можна заўважыць, што ідзе розная прапаганда забіцьця чалавека, але адзін з галоўных загадаў Божых, і калі людзі будуць яго выконваць, то людзі будуць шчасьлівыя і нічога для іх не патрэбна — толькі выконваць гэтыя Божыя загады.
На жаль, такія заняткі, як я праводжу ў касьцёле, праходзяць толькі ў касьцёлах і цэрквах. А ў школах іх пакуль няма, і гэта вельмі шкада”.