Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Філатава


Юлія Філатава, 25 гадоў, студэнтка Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. У Беларусь прыехала некалькі гадоў таму з расейскага гораду Самары, пабраўшыся шлюбам зь менчуком. Жывучы ў Менску, зрабілася беларускай нацыяналісткай. Лічыць, што беларускія мужчыны – самыя прыгожыя ў сьвеце. У яе няма тугі па Радзіме. Юля ўпэўненая, што выцягнула ў жыцьці шчасьлівы білет.

"Гэта была першая мая заграніца ўвогуле, Беларусь. Касьцёлы ўразілі, цэрквы, іншыя ад самарскіх цэркваў. Вуліцы, асфальт уразіў, як яго робяць. Разьметкі ўразілі. Разьметак у Самары няма. Зашмат аўтамабіляў, іншамарак. Не зашмат, а ўвогуле толькі яны. І адразу такое ўражаньне, што як жа так? У нас у Самары толькі мафія разьяжджае на такіх самаходах.

Я сапраўды стала такой нацыяналісткай, я стала жыць жыцьцём беларусаў. Мяне зацікавіла гісторыя, архітэктура гэтага краю. Увогуле, іншы погляд на жыцьцё. Я стала езьдзіць на Захад. Пабачыла, як там людзі жывуць. Я стала нечым цікавіцца. І ўсё гэта я выкладала на ліст, на паперу. Мяне спачатку не паразумелі мае блізкія, родныя. Напісалі, што "ты расіянка, ты павінна то помніць". Пачалі мне ідэалёгію круціць. А сяброўкі, якія засталіся, пытаюцца: "Ну, як? Як ты? Яшчэ не расчаравалася?"

Я вучуся ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце, на другім курсе, беларуская філялёгія, кафэдра славістыкі. Я буду настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Я хачу несьці беларускім дзеткам, выкладаць іх кульутуру, гісторыю. Каб яны былі зацікаўленыя гэтым, каб яны былі падрыхтаваныя да гэтага жыцьця нялёгкага. Калі будзе так і ў будучыні, дык сапраўды будзе нялёгкае жыцьцё для іх. На гэтым этапе я хачу быць настаўніцай.

Я лічу, што ў жыцьці выцягнула шчасьлівы білет, сапраўды. Нават пажадала б кожнай сваёй сяброўцы выцягнуць такі білет. З такімі мужчынамі, як беларусы можна шчасьце здабываць у сваім жыцьці.

Я не прывыкла асуджаць людзей. Тым болей, ня мне асуджаць гэту нацыю. Таму мяне нічога не раздражняе. Ёсьць такія людзі, ёсьць такія беларусы. Ну памяркоўныя яны, добрыя. І гэта ня кепска. Гэта нармальна. А што няма нацыянальнай сьвядомасьці... ну гэта яўна ня мне гаварыць, расіянцы. Таму што хто іх ганьбіў? Я, можа быць, першая, а, можа, ня першая скажу. Прашу парабачэньня ў беларусаў, за то, што так расіяне шмат чаго зрабілі кепскага для беларусаў. І зараз робяць... вярхі, так скажам.

Усё будзе нармальна. Усё пачынаецца з думкі. Калі кожны будзе думаць так і гэтага жадаць, гэта абавязкова будзе. Усё будзе ў беларусаў. Я лічу так”.
XS
SM
MD
LG