Аляксей Кудрыцкі, 23 гады. Пяцікурснік факультэту журналістыкі БДУ. Спэцыялізацыя – міжнародная журналістыка. 5 гадоў ужо працуе ў “Нашай ніве”, піша на эканамічныя тэмы.
(Кудрыцкі: ) “Зараз такая сытуацыя, на мой погляд, працаваць журналістам-міжнароднікам – ня вельмі ўдзячная справа, бо праца журналіста-міжнародніка шараговага на Беларусі – гэта сядзеньне перад кампутарам, чытаньне Інтэрнет-сайтаў, перакладаньне іх, спроба зрабіць даволі цікавы артыкул, хоць ты сапраўды нічога ня бачыў з таго, што адбываецца, пра што ты пішаш. А пісаць пра гаспадарку крыху лягчэй ў тым пляне, што ты бачыш тыя рэчы, пра якія пішаш, ты можаш размаўляць зь людзьмі, можаш кудысьці зьезьдзіць... Ты пішаш пра тое, што побач з табою, а не пра тое, што вельмі далёка.
Зараз я пішу на гаспадарскія тэмы. Мне падабаецца. Бывае часам цяжкавата, бо ў нас даволі строгі рэдактар, у яго вялікія патрабаваньні, на мой погляд. Але даводзіцца трымаць планку, хоць гэта часам даволі цяжка рабіць. Гаспадарка – ня вельмі лёгкая тэма, каб пісаць. Калі пішаш на гаспадарскую тэму ня дужа разабраўшыся, то гэта адразу заўважна, артыкул будзе нецікава чытаць.
Хацелася б трошкі больш свабоды, хаця калі свабоды ня дужа шмат, гэта таксама няблага. Адчуваеш смак свабоды лепш... Мне здаецца, было б няблага, каб у гэтай краіне было больш магчымасьцяў, можна б было дамагацца чаго ты хочаш ня шляхам такіх вялікіх намаганьняў, як гэта часам даводзіцца рабіць.
Вольнага часу ў мяне ня дужа шмат. Я займаюся керамікай. У мяне бацька – мастак, маці таксама. Я ім дапамагаю, і гэта таксама маё хобі, якое дапамагае і падзарабіць у гэты нялёгкі час.
Зараз вясна, праўда, халаднавата яшчэ. Мабыць, голас у мяне ня дужа вясёлы, проста зараз жыцьцё такое цяжкаватае, але ня ўсё так дрэнна. Вясна падыходзіць, цяплей становіцца, у мяне таксама цяплей на сэрцы, бо ў мяне падрастае маленькі сынок, у мяне выдатная жонка, і мне ёсьць да каго вяртацца пасьля працы, нават калі я стомлены, я ня буду галодны, і мне ня будзе холадна. За гэта хачу сказаць “дзякуй” лёсу і сям’і сваёй.
Безумоўна, я шчасьлівы. Я адчуваю асалоду ва ўсім – і ў працы, і ў сям’і, і ўвогуле, што я жыву тут. Бо я даволі доўга жыў за мяжой, мне здаецца, што тут жыць ва ўсялякім разе цікавей, спакойней. Тут сапраўды можна быць шчасьлівым, ня гледзячы ні на што”.