Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Казьміна



Валянціна Казьміна – 17-гадовая менская школьніца. Любіць матэматыку і танцы, захапляеца паэзіяй Максіма Багдановіча і Поля Вэрлена, пад пэўны настрой слухае Моцарта, Вівальды і “Beatles”, марыць стаць журналісткай.

(Валянціна Казьміна:) “Я лічу, што кожны чалавек на працягу свайго жыцьця павінен імкнуцца да лепшага, змагацца за яго, удасканальваць мэты жыцьця. Я лічу, што ўвогуле быць задаволеным сабой проста немагчыма. У мяне цудоўныя бацькі, цудоўныя сябры, але я жыву ў краіне, якая ня мае сваёй свабоды. Чаму мы ня можам паўсюль размаўляць па-беларуску? Чаму свабодна ня можам выказваць свае думкі? Чаму нас не прызнаюць у сьвеце? Гэта цяжка для мяне.

Я хачу размаўляць паўсюль па-беларуску, я хачу, каб да маёй краіны ставіліся ў сьвеце на парытэтных пачатках. Я хачу ўсё рабіць, улічваючы сваю волю, але ўлічваючы ня толькі свой асабісты інтарэс, а слухаючы найперш сваё сумленьне…

Я хачу, каб мяне акружалі добрыя сябры. Я хачу, каб у мяне заўсёды быў той востраў шчасьця, на які, нягледзячы ні на якія абставіны ў жыцьці, я змагла б прыйсьці і там мяне б чакалі, любілі…

Першае, з чаго трэба пачынаць, гэта проста зазірнуць у сябе. І вучыць сваю родную культуру, шанаваць яе, паказваць усім, што мы таксама вартыя павагі. Я вельмі люблю гісторыю Беларусі і лічу, што кожны паважаючы сябе чалавек павінен ведаць гісторыю свайго народа. Я імкнуся размаўляць па-беларуску і я пішу свае артыкулы толькі па-беларуску. Сярод сваіх сяброў я прапагандую гэтыя ідэі і гэта ўсё, што я магу пакуль што зрабіць.

Руплівая праца – гэта самае галоўнае ў жыцьці. Бяз працы нічога ня будзе. Гэта я ўжо заўважыла на асабістым вопыце. Калі я штосьці раблю з захапленьнем, я заўсёды дамагаюся сваёй мэты. Я лічу, што без змаганьня жыцьцё не цікавае. Чалавек павінен імкнуцца да нечага, удасканальваць сябе, прыкладваць для ажыцьцяўленьня сваіх мэтаў велізарныя, неймаверныя намаганьні, толькі тады, калі дасягаеш задуманага, атрымаеш сапраўдную асалоду ад пладоў саёй працы. І мне б хацелася пажадаць усім веры ў свае сапраўдныя магчымасьці, веры ў тое, што вы сапраўды дасягнеце таго, пра што марыце”.
XS
SM
MD
LG