Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціна Марачкіна



Мянчучцы Хрысьціне Марачкінай 19 гадоў. Яна студэнтка Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Займаецца ў беларускамоўнай групе, чым вельмі ганарыцца, і вывучае адразу некалькі замежных моваў. Ганарыцца сваім дзедам — вядомым мастаком Аляксеем Марачкіным. Пад ягоным уплывам пачала займацца аматарскай фатаграфіяй.

(Марачкіна: ) “Я ўдзельнічала ў выставе, арганізаванай ААН, якая была прысьвечаная году пітной вады, і вельмі ганаруся тым, што атрымала 3-е прызавое месца. Я лічу, што пра экалёгію трэба задумацца ня менш, як і пра нашую мову, культуру й гісторыю. Бо нашая Беларусь — вельмі прыгожая краіна, і мы павінныя думаць пра тое, што ўбачаць нашыя дзеці.

Я лічу, што самае найгоршае, што існуе ў нашым грамадзтве — гэта няздольнасьць народу сабрацца, няздольнасьць быць разам. Бо існуе вельмі вялікая канфрантацыя, і гэта замінае людзям ісьці да лепшага, ісьці ў будучыню. Але я бачу сваю будучыню ў Беларусі. Я лічу, што нельга забывацца, дзе ты нарадзіўся й дзе ты жывеш, і рабіць усё, што ты можаш для сваёй краіны.

Я яшчэ нічога не зрабіла, але можа быць у будучыні я змагу хоць нештачка зрабіць. Бо, як кажуць, калі ты ня можаш рабіць вялікія рэчы, то можаш зрабіць малыя, але каб яны мелі карысьць.

Я атрымаю адукацыю перакладчыка альбо настаўніка й не цураюся працы настаўніка, магу выкладаць у школах — і гэта мяне ніколькі не палохае. Але я лічу, што трэба больш глябальна падысьці да гэтага пытаньня: я хачу займацца беларускімі перакладамі й вывучаць мастацтвазнаўства іншых краінаў і народаў. Я думаю, што такім чынам буду ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці сваёй краіны.

На гэтым шляху мне пакуль дапамагае мая ўпэўненасьць, маладосьць. А замінае тое, што існуюць многія перашкоды, якія перашкаджаюць рабіць тое, што бы ты хацела. Мы ўсе ведаем, што гэта й улады цяперашнія, і органы. Я лічу, што няма свабоды, і гэта адчувальна ня толькі зьнешне, але й унутраным сваім сьветам. Я пажадала бы моладзі трымацца разам, жыць новымі ідэямі й глядзець у будучыню з аптымізмам. Жыць у сваёй краіне, ганарыцца сваёй краінай і ведаць, што ты застаесься чалавекам нават у цяперашніх умовах”.
XS
SM
MD
LG