Глеб Рубанаў, асьпірант Інстытуту фізыкі Нацыянальнай акадэміі навук. 23 гады. У студэнцкія гады спрабаваў сябе ў самых розных сфэрах: навуцы, журналістыцы і нават у шоу-бізнесе. Працаваў у газэтах “Згода”, “Беларуская маладзёжная”, “Навінкі”. Пасьля заканчэньня фізычнага факультэту БДУ паступіў у асьпірантуру – прага да навукі ўсё ж перамагла, дый, магчыма, гены паўплывалі – Глеб з дынастыі вядомых беларускіх фізыкаў Рубанавых. Займаецца фундамэнтальнымі дасьледаваньнямі. Нягледзячы на тое, што пэрспэктывы і будучыню беларускай навукі ацэньвае не вельмі аптымістычна…
(Рубанаў: ) “Цяжка сказаць, ці ёсьць будучыня ў беларускай навукі, таму што навукоўцы і тыя, хто фінансуе яе, разумеюць паняцьце навука як розныя рэчы. Навукоўцу патрэбныя, як паветра, перш за ўсё ўмовы для таго, каб займацца фундамэнтальнымі распрацоўкамі. Любыя прыкладныя распрацоўкі вынікаюць з фундамэнтальных. Альбо з тых фундамэнтальных, якія зробленыя на Захадзе, да якіх вельмі цяжка дабрацца, бо ёсць і патэнтнае права. Альбо яны вынікаюць са сваіх фундамэнтальных распрацовак. Але вярхі кажуць: калі гэта немагчыма паставіць на канвэер, мы не дадзім вам грошай, шукайце самі.
З палітычных прычынаў у апошнія гады стала значна цяжэй знайсьці кантакты ў той жа Эўропе і ЗША. І тут справа з аднаго боку ў тым, што мы – краіна ў ізаляцыі, зь іншага боку яшчэ і ў мілітарным абвастрэньні, бо фізыка была заўжды такой навукай, якая шчыльна спалучаная з ВПК.
У выніку – у нас няма нармалёвай магчымасьці займацца фундамэнтальнымі распрацоўкамі, якія непасрэдна на канвэер паставіць немагчыма. Але яны даюць падмурак для далейшага разьвіцьця. Так ці інакш, укладаць грошы ў гэта трэба. У нас гэта робіцца зь вялікай неахвотай, бо генэральная ўстаноўка, Лукашэнкам дадзеная, і Мясьніковіч яе падтрымлівае, што найперш – прыкладныя распрацоўкі, тое, што можна пусьціць у прамысловасьць, а на фундамэнталку грошы шукайце самі. Альбо варыянт – нашыя навукоўцы, якія яшчэ сядзяць тут, будуць працаваць фактычна на заказы заходніх кантораў, рабіць ім распрацоўкі, якія будуць патэнтавацца там, і Беларусь з гэтага нічога мець ня будзе, апрэч тых даляраў, якія навукоўцы атрымаюць як ганарары. Але маглі б мець, можа, і больш, калі б самі прадавалі гэтыя патэнты свае.
Пры такой схэме, як зараз, будучыні ў беларускай навукі няма. Але аптымісты ёсьць маладыя. А ў прынцыпе занятак навукай сёньня прынамсі мае хоць адзін плюс. Ён дае тое, што ў рэзюмэ можна напісаць: працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук. Гэта ў пэўных колах працадаўцаў як тут, так і за мяжой усё ж такі дае нейкі адбітак. І канечне, такі голы ідэалізм, што ўсё ж такі трэба разьвівацца, а не стаяць на месцы – я маю на ўвазе на ўзроўні ўдасканаленьня ведаў, ведаў аб прыродзе, як іх можна прыкласьці, ён прысутнічае, канечне”.