Аліса Бізяева, 23 гады, скончыла журфак БДУ, працуе ў газэце "Чалавек і Інтэрнэт", пачынае ўласны кірунак у галіне інтэрнэт-сэрвісу. Пяць зь лішкам гадоў таму прыехала ў Беларусь зь Прыднястроўя. Ад мінулага году сталася вядомая як рэдактар літаратурнага сайту Літара.net.
(Бізяева: ) "Літара, яна зробленая так, каб яна магла разьвівацца і бяз нашага ўдзелу. Нават калі я туды не заходжу, усё роўна там цячэ жыцьцё. Канечне, я была зьдзіўленая, таму што цікавасьць ў першыя дні, у першыя месяцы была вельмі вялікай. Зьяўляліся знакамітыя людзі беларускай літаратуры. Я ня думала, што ў нашым інтэрнэце ёсьць столькі людзей, якія цікавяцца беларускай літаратурай, якія хочуць размаўляць па-беларуску і якія могуць гэта рабіць прыгожа. Але яны ёсьць. І Літара й была такім індыкатарам таго, што такіх людзей нават шмат. У Літары ёсьць рэзэрв, ёсьць магчымасьць разьвівацца далей. Яна ня вычарпала сябе.
Мне б хацелась напісаць кнігу, гэта тое, што я ведаю дакладна. Але я ня ведаю нават, пра што. На якой мове – ня ведаю. Ня ведаю, калі прыйдзе той час, калі я здолею яе напісаць. З працай я свае мары ніяк не асацыюю. Мне б хацелася ў іншым дасягнуць нейкіх рэчаў, таму што кар'ера – гэта ня тое, чым я хачу займацца ўсё сваё жыцьцё, каб яна захіліла астатняе. Я б хацела падарожнічаць, я б хацела пісаць, хацела б знаёміцца з новымі людзьмі, вучыць мовы, чытаць кнігі, думаць пра іх, неяк разьвіваць сябе як чалавека.
Я сюды прыехала паступаць, давучылася, і зараз думаю, як бы мне тут пусьціць карані. Мае сваякі ў Тыраспалі, гэта Малдова, Прыднястроўе, а я тут адна прарываюся. Я адразу трапіла ў такую кампанію, што мне стала цікава вучыць тое, што ёсьць тут беларускім. Яго ня так шмат, вышукваць яго. І яшчэ наўперад, калі я толькі ехала ў цягніку сюды, я разумела, што я еду ў іншую краіну, што тут беларуская мова, беларуская культура, і я сказала сабе, што я яе абавязкова вывучу. Абавязкова далучуся да яе, бо я не хацела адчуваць сябе тут эмігранткай, чалавекам чужым. Але, калі прыехала, зразумела, што ня так тут усё проста і вызначана, але не памяняла сваёй гэтай мэты".