Ігар Банцар, 23 гады. Беспрацоўны. Жыў у Польшчы. Вярнуўся на Радзіму. Захапленьні — музычная творчасьць гарадзенскіх панк-гуртоў.
(Банцар: ) “Мяне жыцьцё на дадзены момант задавальняе: я жыву ў бацькоў, якія мяне кормяць і пояць. Пакуль з хаты не выганяюць. Мне падабаецца. Сёньня маё жыцьцё файнае.
Хацеў бы зьмяніць на дадзеным этапе свой сацыяльны статус: зь беспрацоўнага пераўтварыцца ў пасьпяховага клэрка банку. Пакуль яшчэ дзяцей няма, я магу сабе дазволіць шукаць працу два-тры месяцы. Трэба шукаць працу, і хочацца знайсьці працу добрую. Калі гэта будзе замежны банк, замежная фірма, замежнае прадпрыемства — я з радасьцю. Разгледжу ўсе прапановы. Калі хтосьці хоча адсюль зьехаць, я толькі радуюся. Радуюся, што зьяжджаюць маладыя кадры. Чым больш іх зьедзе, тым больш будзе ў мяне шанцаў знайсьці добрую працу.
Мая стратэгія дасягненьня посьпеху палягае ў тым, што калі камусьці каля мяне стане лепей ад таго, што я раблю, то гэта будзе для мяне ўласным посьпехам.
Ці маю я ідэал альбо чалавека, на якога я магу спасылацца ў яукасьці ідэалу? Я такога не назаву: я нігіліст. У сучасным сьвеце беспадстаўна казаць пра некія ідэалы, бо ў бальшыні людзей яны адсутнічаюць. А тыя, хто мае іх, яны проста пакутуюць праз свае ідэалы, праз тое, што яны хочуць жыць у згодзе зь імі ў гэтым несправядлівым грамадзтве. Я раю ўсім выпрацоўваць не ідэалы, а ў залежнасьці ад сытуацыі шляхі паводзінаў у канкрэтных сытуацыях. Цяжка ў жыцьці мець ідэалы. Я жыву без ідэалаў, але я жыву як чалавек.
У свой час я дастаткова доўга жыў за мяжой Беларусі. І я вярнуўся сьвядома, зрабіўшы выбар на карысьць благіх умоваў, якія тут існуюць, на карысьць гэтай шэрасьці й бруду. Гэтыя некалькі гадоў, праведзеных за мяжой, стварылі ўва мне псыхалягічную пустэчу. Яе трэба было запоўніць. І толькі Беларусь дала мне гэта.
А хто сваё шчасьце хоча знайсьці недзе, хоць у Кітаі, хай яму будзе добра там. А мне добра тут. І я спадзяюся, што нягледзячы на тое, што ў нас тут усё так фігова, стане лепей, і жыць мне стане яшчэ больш хораша”.