Віталю Палішчуку 16 гадоў. Ён вучыцца ў менскай сярэдняй школе № 216. Марыць стаць прафэсійным праграмістам і ствараць беларускамоўныя інтэрнэт-сайты. Лічыць, што гэта адзін з прагрэсіўных кірункаў выратаваньня беларускай мовы ад заняпаду. Сёньня Віталь Палішчук распавядае аб сваіх плянах на будучыню.
(Палішчук: ) “Я захапляюся камуптарамі й ужо даўно вырашыў стаць праграмістам і зараз займаюся любімай справай. Хачу пасьля адзінаццатай клясы паступіць у БДУ на інфарматыку й радыёэлектроніку, каб стаць праграмістам.
На маю думку, беларускія сайты вельмі патрэбныя. Бо куды ні паглядзі – ўсё рускамоўнае. Беларускіх сайтаў многа, але ў асноўным яны расейскамоўныя. Таму я мару многае перайначыць, каб беларуская мова больш распаўсюджвалася і ў інтэрнэце таксама. Беларусізацыя сайтаў – гэта асноўнае, што сёньня неабходна Беларусі. Хто ня марыць быць кіраўніком? Але ж добра быць і прафэсійным праграмістам, каб гэтым займацца.
Мяне вельмі палохае тое, што зьнішчаюць беларускую мову. Таму мару, каб уся Беларусь перайшла, да прыкладу, на беларускую мову адукацыі, каб зрабілі толькі беларускую мову дзяржаўнай.
Падабаецца неба, сонейка, сябры, вера ў Бога. Не падабаецца палітычны стан Беларусі, эканамічнае становішча. Я жадаю больш каханьня, менш войнаў, верыць у Хрыста й усё будзе добра”.