Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Каленік



Вольга Каленік, 20 гадоў, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Піша вершы, некаторыя зь іх сьпявае пад гітару, што ацанілі прыхільнікі дома і журы некалькіх міжнародных моладзевых фэстаў. Аднак сама яна найбольш адметным фактам сваёй біяграфіі лічыць пакуль што места народжаньня – старажытную сталіцу краіны горад Полацак. Заўсёды любіць чытаць Караткевіча, Малярмэ і Маркеса, а цяпер захопленая Бабковым, Баярыным і Анемпадыставым. Слухае “Тройцу”, “Палац”, “Эру”, Крэйсьлера, Рахманінава, часам Элтана Джона.

(Вольга Каленік: ) “Жыцьцём я задаволеная, таму што, па-першае, мне шанцуе на цудоўных людзей. Я гэта магу сказаць пра ўсіх, пачынаючы ад сваёй сям’і і сканчаючы тымі людзьмі, зь якімі лёс мяне спатыкае, нават з тымі, зь кім я сустракаюся можа толькі раз у жыцьці. Гэта цудоўна, калі на тваім шляху трапляюцца людзі прыгожыя, цікавыя…

Акрамя таго, мне шанцуе на настаўнікаў, на Настаўнікаў зь вялікае літары і ў самых розных сфэрах майго жыцьця. Я ня ведаю, што было б са мной і як бы разьвівалася мая асоба бязь іх, таму ім вялікі дзякуй.

Мне шанцуе на прыгажосьць. Можа быць таму, што зноў жа тыя самыя настаўнікі навучылі яе ў пэўны час бачыць.

Я хацела б зьмяніць сваю фінансавую абмежаванасьць. Калі ты сядзіш толькі ў сваім горадзе, толькі ў сваёй краіне, можа быць, табе дастаткова тых прыбыткаў, якія ты маеш. Але ў мяне шмат сяброў за мяжою і мне хочацца часьцей бываць зь імі. Мне хочацца бачыць іншыя краіны. Вось якраз на гэта сродкаў не хапае. На жаль. Але я спадзяюся, што гэта справа часу, і некалі зь фінансамі ў мяне ўсё будзе добра.

А вось абмежаванасьць у часе – гэта таксама яшчэ адна праблема. Калі было б хаця трыццаць гадзінаў у суткі, можа б гэта мяне і ўратавала …

Таму я б параіла маладым: ня трацьце часу на тое, што не патрэбнае вам, і на тых людзей, якія не патрэбны вам. Пакуль мы маладыя, нам можа здавацца, што ў нас вельмі багата часу наперадзе, але чым далей, тым, я думаю, усё больш моцным будзе адчуваньне, што часу не хапае і хапаць ніколі ня будзе. Таму беражыце яго!

Яшчэ хацелася б сказаць пра тое, як быць шчасьлівым у Беларусі. Вельмі актуальнае пытаньне і, я думаю, шмат для каго і балючае. Але праз пару тыдняў растане сьнег, прыйдзе сапраўдная вясна, і тады нам варта будзе толькі паглядзець па бакох, каб зразумець, што мы ні ў якой іншай краіне, акрамя Беларусі, шчасьлівымі быць ня можам. Проста – ня можам, і ўсё!”
XS
SM
MD
LG