Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багдан Арлоў



Багдан Арлоў, дваццацігадовы студэнт Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Нарадзіўся ў Наваполацку. Любімыя пісьменьнікі – лацінаамэрыканцы Хуліё Картасар і Габрыэль Гарсія Маркес. Зь беларускіх аддае перавагу празаіку Вінцэсю Мудрову. З музычнай клясыкі найбольш любіць слухаць Вівальды ды Брамса, з сучасных рок-выканаўцаў захапляецца ўкраінскім гуртом “Танок на майдане Конго” ды айчыннымі супольнымі праэктамі – “Крамбамбуля”, “Я нарадзіўся тут” ды “Народны альбом”. Любіць вандроўкі, філязофію ды футбол. Для тых, хто падзяляе апошняе ягонае захапленьне, цяпер складае расейска-беларуска-гішпана-англа-нямецкі футбольны слоўнік.

(Багдан Арлоў: ) “Ці задаволены я сабой і сваім жыцьцём і чаму? Я лічу, што калі параўноўваць нашае жыцьцё зь бегавой дарожкай, а нас зь бегунамі, каторыя бягуць па ёй, то калі адзін бягун раптам стане задаволеным самім сабой, яго проста ўсе абгоняць і ён застанецца ззаду. Таму я лічу, што задаволеным сабой ніколі нельга быць.

Сваім жыцьцём таксама, бадай што, ня вельмі задаволены. Я лічу, што кожны чалавек жыве ў пэўным рэчышчы, якое яму прадвызначана загадзя. Максымум, што ён можа зрабіць, гэта зьмяніць дэкарацыі – павесіць новыя фіранкі, купіць новую мэблю… Рэчышча ўсё роўна застанецца тое ж самае. І, магчыма, самай запаветнай марай кожнага чалавека зьяўляецца мара зьмяніць гэтае рэчышча, гэта значыць – зьмяніць лёсавызначэньне.

Калі спускацца з такіх філязофскіх нябёсаў на нашую грэшную зямлю, то вось якую адну канкрэтную рэч я хацеў бы зьмяніць у сваім жыцьці. Я хацеў бы, каб дзяўчаты, якія падыходзяць да мяне знаёміцца на вуліцы, пыталіся не “номер моего телефона”, а “нумар майго тэлефону”. Тады, магчыма, я буду на прыступку бліжэй да шчасьця.

Што я магу параіць маладым слухачам “Свабоды”? Я параю ім заўсёды мець перад сабой мэту. Няхай гэта будзе маленькая мэта. Няхай яна будзе адносна лёгка дасяжная. Але дзеля руху наперад мы мусім мець далягляд, да якога павінны імкнуцца. Галоўная памылка, на якой я часта сябе лаўлю, гэта нявера ў сябе. Вось менавіта гэтая нявера яна і змушае чалавека спыніцца ды нават часам рабіць крокі назад. Таму верце ў сябе і рухайцеся толькі наперад!

Як быць шчасьлівым у Беларусі? У мяне вельмі шмат сяброў, каторыя з’ехалі за мяжу, і, да жалю, яны разумеюць і я разумею, што яны там нешчасьлівыя. Я лічу, што беларус, асабліва малады чалавек, – зрэшты ўзрост тут ня мае вялікага значэньня – беларус можа быць шчасьлівым толькі ў Беларусі. Я шчасьлівы ўдвая, калі я вяртаюся з-за мяжы, нават калі гэтая вандроўка доўжылася ўсяго двое-трое сутак. Проста перажываю незвычайнае адчуваньне, калі зноўку ступаю на беларускую зямлю, якое, відаць, таксама называецца шчасьцем.

Што прыносіць посьпех? Прыносіць посьпех усьмешка. Усьмешка адчыніць вам шмат якія дзьверы, і ўсьмешка заўсёды выйграе ў параўнаньні зь пьяным аскалам, на які пакутуюць многія беларусы. Усьмешка – гэта тое, што яднае нашае раз’яднанае грамадзтва. Таму ўсьміхайцеся часьцей!”
XS
SM
MD
LG