Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Аношка



Любоў Аношка, 16 гадоў. Вучыцца ў Нацыянальным гуманітарным ліцэі імя Я. Коласа на трэцім курсе (гэта адпавядае 10-й клясе сярэдняй школы). Грае на гітары, піша музыку на ўласныя вершы; некалькі разоў перамагала на раённых конкурсах бардаўскай песьні. Займаецца ў студэнцкім драматычным гуртку, дзе цяпер разам зь сябрамі-ліцэістамі рэпэтуе спэктакль “Паўлінка”.

(Аношка: ) “Тут вельмі цудоўныя людзі, я такіх нават не сустракала, і тут вельмі добрая атмасфэра... У школе сярэдняй так няма: там нейкія групкі людзей, у якіх свае інтарэсы. А тут усё ж такі інтарэсы агульныя – гэта беларуская мова, разьвіцьцё беларускай культуры. Гэта аб’ядноўвае людзей... Асабістым дасягненьнем, якое лічу адным з самых важных для мяне, зьяўляецца тое, што я граю ў тэатры: для мяне проста прыемна стаяць на сцэне, гэта – “маё”.

Ведаеце, у чалавека маладога толькі здаецца, што няма ніякіх праблем. У мяне даволі цяжкі характар, я б хацела менш крытычна ставіцца да людзей: мне б лягчэй жылося. А тое ж самае каханьне! Колькі гэта разьбітых сэрцаў і колькі гэта шчасьця... У мяне, мусіць, яно было ва ўсіх сваіх праяўленьнях: было і няшчаснае каханьне, і шчасьлівае, і безадказнае... Я ўжо магу лічыць, што нешта пра гэта ведаю. Хаця, таксама, 16 год... Якое там каханьне?

Зараз цяжка казаць аб будучыні: 16 гадоў – гэта самы такі ўзрост, калі ня ведаеш, што куды і як трэба... Ведаеце, такіх, як я, проста тысячы, якія прагнуць славы, прагнуць на сцэну. Я проста стараюся рэалістычна да гэтага ставіцца: гэта яшчэ ня факт, што я буду адметнай сярод іх. Ну што зараз тэатр? Зараз каб людзі імкнуліся ў тэатр, а то неяк у апошні час людзі імкнуцца больш да матэрыяльнага дабрабыту. Можа, мне толькі так здаецца? Але, калі стараешся завесьці размову з людзьмі аб тым жа тэатры, аб сьпевах, аб нечым высокім і духоўным – бывае, пашанцуе, з табой пагавораць “па душах”. А бывае, проста так паглядзяць: “Навошта табе гэта трэба? Жыві сёньняшнім днём, зарабляй грошы й ня думай аб нечым узьнёслым!” Проста неяк усё вельмі прыбліжана да зямлі. Хаця, можа, гэта і да лепшага...”
XS
SM
MD
LG