Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Чарняўка



Ірына Чарняўка, 25 гадоў. Жыве ў Горадні. Карэспандэнтка закрытай уладамі незалежнай газэты “Пагоня”. Сёлета адкрыла для сябе сучасную беларускую музыку. Чытае Мілана Кундэру.

(Чарняўка: ) “Маё жыцьцё мяне задавальняе, бо я маю ўсё, чаго хацела. Я маю пэрспэктывы, я маю магчымасьць дасягнуць таго, чаго я хачу дасягнуць. Пакуль што перада мной не зачыненыя ніякія дзьверы. Пакуль што ўсё жыцьцё наперадзе. Мне ўдаецца быць шчасьлівым чалавекам — а гэта галоўнае, чаго я дасягнула. Здаецца, што я надалей змагу быць шчасьлівым чалавекам і памерці шчасьлівай.

Я бы вельмі хацела, каб зьмянілася ўлада ў Беларусі. Я бачу, што ўсе тыя перашкоды, якія ёсьць на маім шляху, на шляху маіх сяброў — яны маюць менавіта гэтую прычыну. Дагэтуль не ўдаецца ў Горадні зарэгістраваць ніводнай новай незалежнай газэты. Мы ня можам пераадолець сьцяну зь мясцовых уладаў.

Кожны раз, калі сутыкаесься зь людзьмі, якія ламаюць іншыя лёсы (гэта вось як у “справе Пагоні”), глядзіш на гэтых людзей… Звычайныя людзі, нашыя гарадзенцы. Тыя, з кім побач мы жывем. Але для мяне заўсёды застаецца дзіўным: як гэта так можна ўзяць і зламаць?! Ведаць, што ты ламаеш жыцьцё чалавека й рабіць гэта. Яны адчуваюць сябе нейкай дэтальлю вялікага мэханізму. Калі гэта так, мне ня хочацца, каб гэты мэханізм кіраваў маім лёсам.

Не магу сказаць, што ў мяне ёсьць такі адзіны ідэал на ўсё жыцьцё, на ўсе ягоныя праявы. Ёсьць нейкія прыклады. Прыкладам зьяўляецца пазыцыя Паўла Мажэйкі ў ягонай судовай справе. Як тая жабка: “Ніколі не здавайся!” Хутчэй за ўсё, гэта дэвіз майго жыцьця. Каб адчуваць сябе шчасьлівай у Беларусі, трэба ніколі не здавацца, таму што падставаў для гэтага тут ёсьць вельмі многа. І я вельмі шмат бачу людзей, якія здаліся, людзей, якія зламаліся пад гэтымі абставінамі. Мне ня хочацца стаць адной зь іх.

Зараз я вельмі цікаўлюся нашай славянскай літаратурай: чытаю Мілана Кундэру, Грабала. Нядаўна чытала Габрыэля Гарсія Маркеса. Мяне вабіць шчырасьць гэтай літаратуры, ейная блізкасьць да майго сьветапогляду.

Хоць мне й сорамна, але я толькі мінулым летам адкрыла для сябе “Народны альбом”. І вельмі доўгі час яго слухала. Пасьля гэтага я адкрыла для сябе сучасную беларускую музыку. Цяпер я яе слухаю і атрымліваю вялікае задавальненьне”.
XS
SM
MD
LG