Алесю Тарасевічу 17 гадоў. Ён узначальвае Заводзкую раду Маладога Фронту й зьяўляецца сябрам пяхоты Беларускага рыцарскага клюбу. Займаецца там фізычнай загартоўкай і кажа, што гэта дапамагае падчас вулічных акцыяў. Асноўны занятак – вучоба ў менскім ПТВ №38 па спэцыяльнасьці кухар-абвальшчык. Па заканчэньні вучэльні намерваецца паступаць у ВНУ, але ўжо на іншую спэцыяльнасьць. Алесь Тарасевіч выказвае сваё бачаньне жыцьця ў сёняшняй Беларусі.
(Тарасевіч: ) “Я повар-абвальшчык, але буду вучыцца далей і зараз паступаю на паліталёгію. Думаю, што адно другому не перашкаджае. У нармалёвых краінах так і ёсьць: там навука пераплятаецца з прафэсіяй і тое надае прафэсіяналізму. Жыцьцё прымушае прыходзіць у Малады Фронт, бо з краінай робяць невядома што, і трэба скідаць гэты рэжым. Дыктатура – гэта ня ёсьць добра. Ну, як можа падабацца сёняшняе жыцьцё: усё блага й надалей горш і горш. І калі нічога не зьмяняць, то нічога й ня будзе, калі мы самі ня выйдзем на вуліцы й ня будзем нешта рабіць.
Я шмат дзе ўдзельнічаю, маю шмат праектаў розных і тое, што размаўляю па-беларуску, лічу, што гэта таксама плюс. Я размаўляю паўсюдна, акрамя дому, бо дома ў бацькоў нейкі нэгатыў адразу зьяўляецца. Яны ня супраць і ня за. Яны не за рэжым, але яны баяцца за мяне: арышты, штрафы, зьбіцьцё. Але ня робячы нічога, нічога й ня зьявіцца. І гэта адзінае выйсьце, якое на сёньня ёсьць – гэта выхады на вуліцу. Толькі гэта, і ніякія культурніцкія праграмы зараз не дапамогуць. Бо ўсё, што не радыкальнае й што блізка да нэўтральнага, рэжым блякуе.
Я займаюся ў Беларускім рыцарскім клюбе, і гэта адрэналін у крыві. У нас няма пакуль што строяў, але рыхтуем, трэніруемся, і гэта можа нам спатрэбіцца на вуліцы. Якая мара? Нават ня ведаю. У наш час нават не пра мары думаць, а – каб збавіцца ад рэжыму. Ня хочацца, каб дзеці жылі ў такой краіне. Я ўяўляю, што будзе гадоў праз дваццаць. Я бы хацеў пажадаць нармалёвага культурнага адпачынку, а ня так, як цяпер любяць адпачываць з чарнілам. І годнага жыцьця ў нармалёвай краіне”.