Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімох Акудовіч


Цімох Акудовіч, 20 гадоў. Студэнт гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Яшчэ непаўнагадовым быў затрыманы за ўдзел у пікеце за байкот парлямэнцкіх выбараў. Ідэалы незалежнасьці Беларусі ўважае за найвялікшую каштоўнасьць.

(Акудовіч: ) “Тое, што незалежнасьць для мяне не пусты гук, а рэальная каштоўнасьць, я ведаў даўно. Апошняе пацьверджаньне гэтаму я атрымаў, калі ў часе тэлевізійнага выступу расейскі прэзыдэнт запатрабаваў поўнага далучэньня Беларусі да Расеі. Першае пачуцьцё было — страху і прыгнечанасьці: усё прыціснулі, ня выкараскаемся. Але, дзякуй Богу, усё абышлося. Адзінае, што засталося, дык гэта разуменьне, што незалежнасьць для мяне — гэта не пустое слова, не абстракцыя, а шэраг зусім канкрэтных умоваў, безь якіх і жыцьцё не жыцьцё: можна размаўляць па-беларуску дзе заўгодна, можна вывучаць сваю гісторыю бязь нейкіх састарэлых фармулёвак.

Часам думаю: а што было б, калі Ластоўскі або Луцкевічы, ці Доўнар-Запольскі патрапілі ў наш час? Пэўна, узрадаваліся б, заўсьміхаліся: Беларусь жа — незалежная краіна, нягледзячы на ўсе сёньняшнія праблемы, значыць, недарма паклалі жыцьцё сваё. Дзякуючы ім сёньня мы маем ня проста чарговы дзень вясны, а Дзень Волі — сьвята нараджэньня цэлай краіны. Напэўна, сымбалічна тое, што 85 гадоў таму Беларусь была абвешчаная незалежнай якраз пасьля вясновага раўнадзенства, калі дзень становіцца даўжэйшым за ноч, а прырода абуджаецца і выходзіць на новы колазварот.

Я думаю, што тая цаглінка, якая была пакладзеная ў 1918 годзе, стала часткаю фундамэнту, на якім трымаецца нашая цяперашняя незалежнасьць. А каб зрабіць гэты дзень сапраўды сьвяточным, не абавязкова ісьці на мітынгі, махаць транспарантамі, біцца зь міліцыянтамі. Я думаю, што трэба проста паглядзець навокал, усьміхнуцца людзям, для якіх, магчыма, дата 25 сакавіка нічога й ня значыць. Дый павіншаваць сяброў і родных.

Я думаю, што галоўнае тое, што незалежнасьць зараз з намі, і няма нікога, хто здольны яе ў нас забраць. Хутка абяцалі пацяпленьне, вось-вось прылятуць першыя птушкі з выраю і распусьціцца лісьце на дрэвах. А таму трэба ўсьміхацца, і ўсё будзе добра”.
XS
SM
MD
LG