Глеб Канунікаў, 20 гадоў. Вучыцца ў Амэрыканскім унівэрсытэце Баўгарыі. Будучы дасьледчык-маркетоляг. Марыць займацца ў Беларусі рэклямным бізнэсам.
(Глеб Канунікаў: ) “Мяне задавальняе маё жыцьцё ў тым сэнсе, што ўсё, што ад мяне залежыць, я магу на дадзеным этапе зрабіць. Я магу палепшыць сваё жыцьцё. І я яго паляпшаю: я вучуся й дасягаю новых узроўняў, я падвышаю свой прафэсіяналізм у тым занятку, які, спадзяюся, будзе мяне карміць у будучыні. Я вучуся кіраваньню бізнэсам: кіраваць людзьмі, ставіць мэты, распрацоўваць стратэгію, прадбачыць жаданьне пакупніка, працаваць з пакупніком. Гэта азбука сучаснага жыцьця.
На дадзены момант канкрэтнай асобы, канкрэтнага ідэалу, да якога я бы хацеў імкнуцца, няма. Для мяне зараз найкаштоўнейшая якасьць у чалавеку — гэта працаздольнасьць. То бок любы мой настаўнік, які пакажа мне, як трэба працаваць, і стане ідэалам на дадзены момант.
У сваім жыцьці я баюся не рэалізаваць таго, што я мог бы рэалізаваць, калі складзецца такая сытуацыя, што мае навыкі й здольнасьці ня будуць запатрабаваныя.
У сваім жыцьці я бы хацеў зьмяніць, магчыма, толькі адну рэч. Працягнуць маладосьць — самы цікавы й прадуктыўны пэрыяд майго жыцьця. У астатнім мяне ўсё задавальняе.
Каб пазьбегнуць памылак, толькі й трэба, што рацыянальна да ўсяго ставіцца, не перабольшваць значэньне няўдачаў. У маім жыцьці найбольшая частка залежыць ад мяне. Ад уладаў Беларусі, дзякуй Богу, залежыць няшмат. Могуць быць толькі такія прымусовыя ўзьдзеяньні, кшталту ня выдаць мне своечасова дакумэнты. Але гэта, я лічу, тэхнічная праблема, якую можна вырашыць.
Вельмі падабаецца брытанская літаратура, віктарыянскі пэрыяд да пачатку ХХ стагодзьдзя. Віктарыянская эпоха сымпатычная мне тым, што людзі не засяроджваліся на цяжкасьцях, на якія мы шмат увагі зьвяртаем сёньня. Такая пастаральная атмасфэра, якая мне вельмі імпануе. Гэта як глядзець мэксыканскі сэрыял. Ежа для розуму, але яна ня грузіць, дапамагае пазытыўна ставіцца да жыцьця”.