Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Брацун


Максім Брацун, вучань 11-й клясы СШ №2 гораду Фаніпаль Дзяржынскага раёну. Навучаецца ў клясе з матэматычным ухілам, аднак зьбіраецца стаць гуманітарыем — журналістам альбо сацыёлягам. Аматар поп-музыкі, цікавіцца кампутарнымі тэхналёгіямі. У Фаніпалі Максіма ведаюць таксама як мясцовага актывіста моладзевага руху. Адным словам, 17-гадовы юнак — надзвычай разнаплянавая асоба.

(Брацун: ) “Я лічу сябе вельмі неардынарным чалавекам. Я вось зараз у нязвыклай воку чырвонай куртцы. Мяне цікавіць у людзях неардынарнасьць. Я гэта шукаю ў людзях. Бо людзі, яны такія сьмешныя ў нашым маленькім Фаніпалі, але гэта ўсё можна выправіць.

Фаніпаль маленькі горад, але я лічу, што ўся гэтая дынаміка разьвіцьця, што прысутнічае ў кожным такім маленькім горадзе, залежыць ад моладзі, ад нас — вось такіх 17–18-гадовых хлопцаў і дзяўчат, якія будуць уздымаць усё тое, што мы бачым вакол. Бо зараз усё гэта ў такім стане, што брыдка глядзець.

Сёлета мне трэба паступаць. Мяне вельмі вабіць псыхалёгія і сацыялёгія, бо вось калі я гутару зь людзьмі, гэта найбольшая для мяне крыніца навучаньня. Я спазнаю многіх людзей, і я лічу гэта найвялікшым скарбам і ў гэтым горадзе, і ў сьвеце наогул. Усё, што мяне атачае, гэта стварылі людзі. Я хачу ведаць, чаму яны гэта стварылі, кім яны жадаюць быць, якія іхныя мэты ў жыцьці.

Я жадаю ведаць свае мэты. На гэты час яны яшчэ ня вызначаныя. Але я лічу, што для 17 гадоў гэта нястрашна. Мяне займаюць пытаньні сацыяльнага становішча людзей нашага маленькага гарадку, і я ўсе свае сілы накіроўваю на тое, каб больш гутарыць зь людзьмі, адкрываць іх.

Калі я паступлю ў БДУ на псыхалёгію альбо, калі атрымаецца, на журналістыку, то ў мяне будзе больш часу, і я больш буду займацца тым, што мяне вабіць. Я так жыву. Я жадаю бачыць сонца. Жадаю дыхаць свабодным паветрам, я жадаю слухаць музыку, якая мне падабаецца. Не жадаю, каб людзі былі такія злыя. Я жадаю, каб яны разьвіваліся, як і я. Каб яны шукалі крыніцы гэтага шчасьця, гэтага чалавечага шчасьця”.
XS
SM
MD
LG