Ягор Вяршыла, 25 гадоў. Прадпрымальнік з Кобрыні. Слухае беларускі й украінскі рок. Чытае кнігу ўспамінаў Васіля Быкава, паводле газэтных публікацыяў.
(Вяршыла: ) “Маё жыцьцё мяне задавальняе, бо я займаюся сваёй улюбёнай справай, у мяне ёсьць каханая жонка, у мяне ёсьць сын. Я бы ў сваім жыцьці хацеў бы зьмяніць шмат чаго, але калі толькі адну рэч, то хацеў бы зьмяніць у сваім асабістым жыцьці толькі адну рысу характару — ляноту.
У гэтым жыцьці — я баюся пражыць яго бессэнсоўна. Я не дасягнуў посьпеху, таму й рэцэпту прапанаваць не магу, але, на мой погляд, трэба верыць у сябе, і тады ўсё ў нас атрымаецца. Каб пазьбегнуць памылак, трэба чытаць кнігі й вучыцца на чужых памылках.
У Беларусі можна жыць шчасьліва. Ад нас залежыць дастаткова шмат. Але ўлады ствараюць нам тыя ўмовы, тыя правілы, па якіх мы дзейнічаем. Калі яны будуць вельмі цудоўнымі й добрымі, тады будзе й грамадзтва разьвівацца, і бізнэс разьвівацца, і мы будзем жыць добра. Таму і ад улады залежыць шмат.
Я слухаю разнастайную музыку. Мне падабаюцца такія гурты як “Воплі Відоплясова”, “Тартак”, “Океан Эльзі”. І беларуская музыка, “NRМ” — музыка, якая даходзіць да душы.
Ідэалаў у мяне няма. Ёсьць тыя людзі, якія падабаюцца мне сваімі дзеяньнямі, сваёй сумленнасьцю. Тут я выдзяляю чэскага прэзыдэнта Вацлава Гаўла. Сярод беларускіх палітыкаў падабаюцца спадары Кудзінаў і Клімаў, якія не пайшлі на ўгоду са сваім сумленьнем. Кожны чалавек індывідуальны. І я жадаў бы быць падобным на самога сябе”.