Валеры Кісель, 27 гадоў. Інжынэр-будаўнік, праектуе шматпавярховыя жылыя дамы. Удзельнічаў у выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы.
(Кісель: ) “Мяне жыцьцё задавальняе: у мяне ёсьць праца, у мяне ёсьць сябры. Мае захапленьні — гэта гістарычная архітэктура Горадні, самага прыгожага гораду ў Беларусі. На жаль, яна цяпер знаходзіцца ў такім занядбаным стане. Наведваючы такія прыгожыя эўрапейскія гарады як Вільня, Прага, Варшава, я бачу, як гэта ўсё можна прыгожа зрабіць. Тое самае будзе і ў Горадні. Магчыма, менавіта я сваёй працай зраблю Горадню прыгожай. Гэта можа прынесьці плён у будучыні.
У Беларусі можна жыць шчасьліва. Напрыклад, я зьвязваю сваю будучыню менавіта зь Беларусяй і не зьбіраюся нікуды зьяжджаць. Проста бачу гэтую будучыню і сам прыкладаю шмат намаганьняў, каб гэтая будучыня спраўдзілася. Трэба вучыцца ўсё жыцьцё, вывучаць ня толькі вузка спэцыяльныя прадметы, якія патрэбныя вам у справе прафэсіі, але вывучаць з розных галінаў ведаў. І тады посьпех прыйдзе да вас.
Як пазьбегнуць памылак? Аналізуючы памылкі іншых. Я не жадаю быць падобным да нейкага канкрэтнага чалавека. Так, ёсьць людзі, пэўныя рысы, якія варта было б пераняць. Эрых Марыя Рэмарк, Эрнэст Гемінгуэй — іхная філязофія, якую паказваюць у раманах, гэта тое, што мне блізка. Але я лічу, што кожны чалавек — гэта ўнікальны чалавек, і ён павінен быць самім сабой. А маё жыцьцёвае крэда — будзь актыўным і атрымаеш тое, што хочаш”.