Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Новік



Новік Алена, 19 гадоў. Нарадзілася ў вёсцы Засульле Стаўпцоўскага раёну. Студэнтка 2 курсу гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Маналёг пра яе захопленасьць гісторыяй роднага краю.

(Новік: ) “Любоў да беларускай гісторыі прыйшла да мяне ва ўнівэрсытэце. Па-першае, я не зьбіралася паступаць на гістарычны факультэт. Я паступіла, дарэчы, як многія, для таго, каб вывучаць тут замежную мову. Ангельскую мову я вывучаю ва ўнівэрсытэце. Але спачатку зьявілася цікавасьць. А зьявілася таму цікавасьць, што былі ў мяне вельмі добрыя выкладчыкі. Яны зацікавілі, яны дасьціпна выкладалі. Потым ужо ўзьнікла любоў, інтарэс, нейкія тэмы.

Я цікаўлюся гісторыяй, зараз я займаюся праблемамі казацка-сялянскай вайны. Гэта далёка ад сёньняшніх дзён, але гэта вельмі цікава. Пытаньне казацка-сялянскіх войнаў у гістарыяграфіі трактавалася па-рознаму. Ці то гэта было змаганьне з Польшчай, каб далучыцца да Расеі, ці то гэта нешта было іншае. Насамрэч, усё было інакш. Наогул, мы зараз перапісваем гісторыю нанова пасьля 1991 году. Мы, вядома, сябруем з Расеяй, аднак, якімі б сябрамі мы ні былі, у нас павінна быць свая гісторыя.

Цяпер я стаю на раздарожжы, бо з 3 курсу пачынаецца падрыхтоўка да бакаляўраў. Затым можна будзе патрапіць у магістратуру, у асьпірантуру. Таму зараз я і выбіраю нейкую тэму, каб затым яе распрацаваць. Я пакуль яшчэ ня ведаю, зь якой гісторыяй гэта будзе зьвязана, але, хутчэй за ўсё, гэта будзе зьвязана з гісторыяй Беларусі, а не ўсясьветнай.

Так, Засульле — гэта мая родная вёска. Там нарадзілася мая бабуля, мой тата, там я нарадзілася і жыву. У пачатку 18 стагодзьдзя, у 1708 годзе была ў нашай вёсцы пабудаваная царква, але яна была зьнішчаная пасьля лютаўскай рэвалюцыі. І гэта аказала вялікі ўплыў на людзей. Таму што калі людзі не зьвязаныя зь нечым духоўным, не зьвязаныя духоўна з Богам — бо вера мае вялікае значэньне — то яны зусім іншыя.

Мы павінныя цаніць сваю родную гісторыю, свае карані. Гэта вельмі важна ў нашыя дні. Проста мы павінны захацець нешта зрабіць, нешта шукаць, нешта дасьледаваць. Таму што ў гэтым праяўляецца ўся наша чалавечая годнасьць. І па-іншаму нельга. Шмат сустрэчаў, шмат пытаньняў. Але трэба нешта рабіць. Трэба шукаць, пісаць”.
XS
SM
MD
LG