Сёньняшні ўдзельнік нашай перадачы – 21-гадовы Алег Усаў. Алег – студэнт філялягічнага факультэту БДУ, любімы паэт Віктар Жыбуль, любімыя музычныя гурты “НРМ” і “Палац”, а сярод любімых заняткаў – танцы.
(Усаў: ) “Я больш за ўсё цікаўлюся галіной шоў-бізнэсу ў Беларусі, але яна вельмі мала разьвітая, і таму ёсьць вельмі вялікія цяжкасьці, каб рэалізавацца. Я шмат чым займаюся, напрыклад, паказываю фокусы, і таксама вельмі люблю танчыць і танчу ад беларускіх нацыянальных танцаў да брэйку, і мне вельмі хочацца рабіць нумары. Каб рабіць нумары, трэба шыць нейкія касьцюмы, і ўсё ж такі я не магу гэта рабіць час ад часу, бо мне не хапае грошай.
Калі датыкацца да, напрыклад, працы ў начных клюбах, то вельмі часта ў нас здараецца так, што шмат рэстаранаў нязручныя для выступленьня. Сцэнічных пляцовак увогуле не існуе, і ты вымушаны выступаць паміж сталамі, за якімі сядзяць усе гледачы і нешта ядуць, і таму неяк адчуваеш сябе не як артыст, а як нейкі такі, напэўна, афіцыянт, які бегае між сталоў і нешта робіць.
Калі я буду задаволены сабой і сваім жыцьцём, напэўна, я ўжо ня буду нічога рабіць, а буду сядзець дома толькі, есьці і класьціся спаць і глядзець тэлевізар і, напэўна, ня буду намагацца што-небудзь зрабіць. Таму я лічу, што кожны чалавек павінен быць трошкі незадаволены сваім жыцьцём і самім сабой.
Зараз вельмі шмат моладзі, а таксама і прадстаўнікоў сталага пакаленьня кажуць, што вельмі вялікія цяжкасьці ў нашай краіны, і шмат зь іх кажуць, што ўсё, гамон, нельга жыць, але гэта на самой справе ня так. Праблемы былі заўсёды, і ўсё залежыць толькі ад нас. І трэба падумаць, каб не зрабіць тых памылак, якія рабілі нашыя бацькі”.