Паліна, навучэнка менскай Нацыянальнай гімназіі №4. Спрабуе выпускаць клясную газэту, дзе друкуюцца ейныя аднаклясьнікі. Захопленая кнігамі ангельскага пісьменьніка Джона Толкіена. Піша ўласныя невялікія п’есы. Музычныя захапленьні: швэдзкія гурты “АВВА” і “Rednex”, альбом “Крамбамбуля” “NRM”. Любіць актыўны адпачынак: ровар, ролікі, плаваньне, скейтборд; хоча сур’ёзна заняцца конным спортам. Марыць стаць ці юрыстам, ці журналісткай.
(Паліна: ) “Я вучуся ў менскай Нацыянальнай гімназіі №4, але апошнім часам заўважаю дзіўныя рэчы. Можа, гэта ўплыў маіх бацькоў, але я, прыкладам, не магу сумясьціць цяперашнія дзяржаўныя сымбалі ў фае школы з гісторыяй сапраўднай, старажытнай Беларусі. А яшчэ цяжэй разумець, што падманваць людзей будуць не адзін год.
Яшчэ ня так даўно ў гімназіі расейскай мовы амаль ня чулася. Прадмет “Руская мова” выкладаўся як замежны, па гадзінах як ангельская ці нямецкая мовы. Зараз большая палова вядзецца па-расейску, а расейскай літаратуры і мовы столькі ж, колькі й беларускай. І дзеці, і самі настаўнікі ў перапынках па-беларуску не размаўляюць.
Летась у гімназіі наагул здарылася нечаканая падзея — зьявіліся піянэры. Ня думаю, што гэта добрая ідэя, паколькі піянэры былі прыкметай таго часу, калі нашым бацькам не было асаблівай магчымасьці адмовіцца ад уступленьня ў піянэры. А зараз час іншы, і дзеці ў чырвона-зялёных гальштуках выклікаюць сьмех, але не павагу.
Зь іншага боку, я задаволеная, што нарадзілася ў той час, калі Савецкі Саюз ужо дажываў апошнія гады. Цяпер я магу няхай і не да канца, але адчуваць сябе чалавекам сучасным, эўрапейскім. У мяне ёсьць тое, чаго не маглі дазволіць сабе мае бацькі, ня кажучы пра бабулю і дзядулю. У мяне дома ёсьць кампутар, я карыстаюся Інтэрнэтам, лістуюся з аднагодкамі па ўсім сьвеце. Я гляджу канал “Дыскавэры”, і гэта можа найлепшы дапаможнік па гісторыі сьвету.
Я магу папрасіць бацькоў набыць мне любую кнігу. Я модна апранаюся, мы штогод можам выехаць адпачыць бліжэй да мора ці паглядзець іншыя краіны. Хоць я і бачу, што рабіць гэта бацькам ня так проста, але гэта хоць нейкая датычнасьць да цывілізацыі.
Я спадзяюся, што атрыманая мной адукацыя дапаможа мне ўладкавацца на нармальную працу. Мяркую, пры нармальным раскладзе змагу атрымаць дадатковыя веды за мяжой. Мне наагул падабаецца, што людзі імкнуцца вучыцца, бо разумеюць, наколькі зараз важна быць адукаваным спэцыялістам. Ад таго, на колькі граматны чалавек, проста залежыць і ягоны дабрабыт, і месца ў нашай Беларусі”.