Паўлюк Міцкевіч, 20 гадоў, студэт 3-га курсу філялягічнага факультэту Гомельскага дзяржунівэрсытэту імя Ф.Скарыны.
(Міцкевіч: ) “Я лічу сябе паэтам, і таму сям’я, работа, дзеці, пэнсія – гэта не для мяне. Мой сэнс жыцьця – у творчасьці.
На жаль, у мяне няма куміра ў беларускай літаратуры. У нашай літаратуры беларускай вельмі мала элітных твораў. Магчыма, толькі Ўладзімер Караткевіч рабіў першыя крокі ў вялікай літаратуры.
Я думаю, што сярод маіх знаёмых, магчыма, я сам зраблю для нашай літаратуры тое, чаго нам не хапае.
Я б назваў сябе, у першую чаргу, касмапалітам, а потым ужо, у другую чаргу, беларусам. Мяне хвалююць агульнасусьветныя праблемы. Вечныя праблемы. Праблемы сэнсу чалавечага жыцьця, каханьня і гэтак далей.
Тое становішча, у якім мы знаходзімся, – наша краіна, наша грамадзтва – яно заканамернае.
Я, канечне, ня думаю, што трэба спадзявацца на лёс і чакаць, што нешта зваліцца зь неба. Я хацеў бы шмат зрабіць для сваёй краіны і, такім чынам, я б не хацеў адседжвацца дзе-небудзь убаку і пісаць вершы.
Раней я думаў, што магу кіраваць краінай, але цяпер я думаю, што гэта не настолькі проста.
На жаль, ня бачу ніводнага чалавека сярод сучасных палітыкаў, ні зь якога боку – апазыцыя, не апазыцыя, усе астатнія структуры, – які б мне імпанаваў у духоўным разьвіцьці. Хацелася б, каб ён быў сапраўдным чалавекам зь вялікай літары. Я такога, на жаль, не бачу.
Я хачу, каб мой прэзыдэнт быў чалавекам зь вялікай літары”.