Юля, 19 гадоў. Маладая маці з Горадні.
(Юля: ) “Мяне маё жыцьцё задавальняе на 50 адсоткаў. На палову дакладна “так”, бо ў мяне ёсьць такі маленькі сынуля Данік, які цалкам апраўдвае гэтае жыцьцё. А на 50 адсоткаў “не”, бо я сама ня вельмі магу рэалізавацца ў гэтым жыцьці. Я бы, напэўна, на сёньняшні дзень трохі пазьней пабралася шлюбам і зьмяніла бы ўмовы свайго жыцьця. Я хачу мець сваё ўласнае памяшканьне для жыцьця, я хачу мець свой уласны дом.
У Беларусі можна быць шчасьлівай нават пры сёньняшняй уладзе. Толькі трэба вельмі гэтага захацець. На сёньняшні дзень я адчуваю сябе абсалютна шчасьлівай, бо ў мяне ёсьць дзіця. Можа, каб у мяне яго не было, я бы адчувала сябе крыху па-іншаму. У гэтай краіне можна жыць! Тут можна нараджаць! І можна зьмяняць, як ты гэтага жадаеш! Ну, вядома, крыху складана, але паспрабаваць можна.
Я ў жыцьці баюся страціць тое, што я маю. Маё дзіця — гэта для мяне абсалютна ўсё. Усё астатняе проста адпадае. Тое, што было белым, становіцца чорным — і наадварот. Усё ў гэтым жыцьці я раблю толькі для яго. Усе зьмены й перамены — усё толькі для яго.
Лячэньне майго дзіцяці залежыць ад уладаў, таму што тыя лекі, якія каштуюць танна, мне іх дае дзяржава, а тое, што добрае, я вымушаная набываць. Што датычна харчаваньня, гэта зноў залежыць ад дзяржавы. Яна мне ня плаціць нармалёвыя грошы, каб я магла забясьпечваць сваё дзіця. А пачаць шукаць працу — гэта значыць кінуць дзіця ў малым узросьце, аддаць яго пад нагляд нейкіх нянек і выхавацелек. Я лічу, гэта ня вельмі добра. Усё ж маці ёсьць маці.
Так ці інакш, вырашэньне паловы праблемаў залежыць ад дзяржавы, у якой я жыву. На сёньняшні дзень маё крэда: “Каб жыць у радасьці й шчасьці, трэба красьці, красьці, красьці”. З дапамогай 52 тысячы рублёў і зь дзіцём на руках вельмі цяжка выжыць у нашай краіне. Калі нас дзяржава мае права абкрадаць, дык і мы можам рабіць такое з нашай дзяржавай. Можа, каб дзяржава стварала для мяне ўмовы, каб я магла нармалёва працаваць, напэўна, не было бы ў мяне такога крэда”.