Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кася Бохан



Кася Бохан, 21 год. Вучыцца на 5-м курсе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту на інжынэра-будаўніка. Сябра Рады Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. (У студэнцкім асяродку вядомая таксама як ды-джэй Кася). Любіць клясычны рок: асабліва музыку гуртоў “Led Zeppelin” і “Pink Floyd”. Зь беларускіх запісаў найбольш падабаюцца “Народны альбом” і “Мая краіна” Касі Камоцкай. У беларускай літаратуры асабліва імпануе творчасьць Ігара Бабкова, але любімым яе творам застаецца “Уліс” Джэймса Джойса. Добра валодае ангельскай і французскай мовамі, вывучае польскую.

(Бохан: ) “Вельмі мне падабаецца адчуваць, што я ведаю сякія-такія мовы й вельмі добра іх засвойваю – гэта мне вельмі прыемна самой. На пакасьць усім гэбэшнікам і ўсім адміністрацыям, якія косяцца ўвесь час – адчуваць, што яны хочуць нешта табе кепска зрабіць, але ня могуць, таму што ты добра вучышся – гэта я таксама лічу сваім дасягненьнем... У нас у “палітэху” заўсёды баяцца грамадзкіх дзеячоў: у нас ёсьць свая служба бясьпекі, якая адлоўлівае за мінімальную актыўнасьць – абсалютна немагчыма раздаць ніякую газэту, ніякія ўлёткі, нічога. Яны адразу ловяць і здаюць у міліцыю... І я ведаю, што яны з задавальненьнем бы мяне выключылі з унівэрсытэту, але я давучылася да 5-га курса і буду атрымліваць дыплём, я спадзяюся...

Што датычыць студэнцкага асяродку, то, на жаль, няма салідарнасьці ў студэнтаў: калі ў цябе праблемы, то спачуваюць усе, але дапамагаць ніхто не зьбіраецца. Таму рэвалюцыя калі й пачнецца ў Беларусі, то, на жаль, напэўна, не са студэнтаў. Мы будзем ізноўку выключэньнем у сьвеце: напрыклад, памятаю, у Францыі былі жудасныя дэманстрацыі з-за таго, што пабілі нейкага студэнта й скралі ў яго залаты ланцужок. “Што такое, нашая паліцыя нас не абараняе!” – накшталт таго... А тут ня тое што ланцужок – нашмат горш справы, і ніхто гэтым не цікавіцца.

Калі б усё было проста, было б проста нецікава. Мне цікава тое, што заўсёды ўзьнікаюць нейкія перашкоды. Гэта як “Матрыца”: можна на ўсё забыцца й жыць у нейкім звычайным абсалютна жыцьці: зарабляць грошы, уставаць зранку, ісьці на працу, вяртацца ўвечары, глядзець тэлевізію, класьціся спаць... А можна рабіць усё, што ты можаш, каб нешта зьмяніць: з чымсьці змагацца, мець нейкія складанасьці, нейкія праблемы, але мець і свае перамогі! Гэта нашмат больш цікава, і гэта – проста твой выбар”.
XS
SM
MD
LG