Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Палякоў



Юры Палякоў, 24 гады. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, цяпер працуе як перакладчык-сынхраніст з ангельскай мовы. Разам з жонкай гадуе маленькага сына. Самае вялікае захапленьне юнацтва – парашутны спорт, але на яго зараз не хапае часу. Любіць сучасную беларускую паэзію, прозу Караткевіча, Хемінгуэя, Рэмарка, Уайльда. З музыкі слухае “ўсё, акрамя папсы”.

(Палякоў: ) “Я ўсё сваё сьвядомае жыцьцё марыў быць перакладчыкам. Зразумела, раней амбіцый было болей: я хацеў і ў дыпляматычны корпус трапіць, і на нейкія амбасады працаваць... Але зараз гэта немагчыма зь вядомых прычынаў, таму прыходзіцца проста рабіць пераклад. Але я раблю гэта досыць прафэсійна, і мне падабаецца тое, што я раблю.

Да поўнага шчасьця шмат чаго не хапае, але гэта ня нейкія мае ідэалы, а, хутчэй, нейкія эканамічныя рэчы. У мяне ёсьць жонка і маленькі сын, якому зараз тры месяцы, і на гэтыя заробкі (нават сынхроннага перакладчыка) цяжка сваю сям’ю падтрымліваць. Мая спэцыяльнасьць патрабуе пэўных міжнародных зносінаў краіны, якіх зараз, зразумела, няшмат; таму цяжка адшукаць нават разавую працу... Усе вы ведаеце, колькі каштуюць кватэры ў Менску: набыць кватэру цалкам немагчыма. Я здымаю кватэру, плачу вельмі вялікія грошы, і астатняе губляю толькі на тое, каб паесьці і набыць пампэрсы для свайго дзіцяці. Гэта, зразумела, пэўны сум выклікае. Але ў астатнім я думаю, што шмат чаго дасягнуў. Я – прафэсійны перакладчык, у мяне ёсьць любімая сям’я, да якой я ўвечары прыходжу дахаты і вельмі рады іх усіх бачыць... Таму я кожнаму раю.

Трэба быць упэўненым у сабе. Я ня веру ў тое, што немагчыма знайсьці працу – нават у нашых эканамічных умовах. Мы ўсе – добрыя людзі, і кожны з нас здольны на штосьці індывідуальнае, арыгінальнае...”
XS
SM
MD
LG