Паўліна Шафран жыве ў Беластоку, мае 23 гады. Вывучае беларускую філялёгію і адначасова юрыспрудэнцыю ў Беластоцкім унівэрсытэце. Акрамя гэтага, працуе журналісткай ў газэце беларусаў Беласточчыны “Ніва”. Хобі – у першую чаргу літаратура, потым кіно і клясычная музыка. “Рэдка мінае тыдзень, каб я не прачытала хоць адну кніжку для прыемнасьці”, – кажа Паўліна.
(Шафран: ) “У сваім жыцьці я нічога не хацела б зьмяніць, бо я чалавек малады, але дасягнула ўжо значна больш у параўнаньні да некаторых сваіх сяброў і знаёмых, нават старэйшых ад мяне. Можна сказць, што маю ўсё – цудоўных бацькоў, якія ёсьць падставай, базай для далейшага жыцьця. Маю каханага чалавека, які дбае і шануе, а пашана – гэта найважнейшае. Маю заняткі, якія мне падабаюцца і людзей, зь якімі варта бавіць час.
Часам, вядома, можа ня вельмі хочацца глядзець у люстэрка, але ўсё можна зьмяніць, калі толькі захочаш. Магу сказаць, што я чалавек шчасьлівы.
Пляны? Галоўнае – сэсія на юрыдычным факультэце, бо на філялягічным я ўжо сэсію здала. Яшчэ ў гэтым годзе трэба мне скончыць першы разьдзел магістэрскай (дыплёмнай) працы. Яшчэ – шлюб! Так што ўсё ідзе паводле пляну.
Трэба верыць у свае сілы. Бо гэта падстава нармалёвага жыцьця. Наракаць няма сэнсу. Так ёсьць заўсёды – адзін мае менш, другі – больш. Нараканьне толькі забірае час, у які можна было б штосьці зрабіць. А каб удалося, шмат ня трэба – верыць у свае сілы і паспрабаваць!”