Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Кашталян



Ірына Кашталян, 24 гады, асьпірантка Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Сёлета спаўняецца тры гады з часу ўтварэньня грамадзкай арганізацыі "Гісторыка", якую ўзначальвае Ірына. "Гісторыка" раскрывае забытыя помнікі нашае культурнае спадчыны, а таксама займаецца парадкаваньнем закінутых помнікаў гісторыі. Сёньня Ірына Кашталян упэўнена глядзіць на жыцьцё:

(Кашталян: ) "У мяне зьявілася сталая праца. Ня вельмі аплочваемая, затое цікавая. Якая спалучаецца з маімі інтарэсамі ў іншых сфэрах. Я працую ў навукова-дасьледчым інстытуце навуковае дакумэнтацыі. Там, дзе я працую, я займаюся папаўненьнем сайту па архівах Беларусі.

Хваліцца? Ня ведаю, я сваю дзейнасьць не зусім так аналізую. Я аналізую кожны свой дзень: "Той дзень прапаў, і страчаны навекі, калі ты не зрабіў усяго, што мог..." А асэнсаваць нешта вялікае, я проста не лічу, што я раблю нешта адна. Я не адчуваю сябе босам. Нашая "Гісторыка" – арганізацыя не аднаго чалавека – каманда. Без каманды не было б арганізацыі.

Я ўвогуле звычайна ацэньваю па тым, наколькі мне з чалавекам цікава. Наколькі ён разнастайны. Я не выводжу для сябе нейкага тыпажа. Ён ня мае нейкіх канкрэтных рысаў. нейкага росту, колеру валасоў, вачэй... Мне, прынамсі, на цяперашні момант хапае ўвагі аднаго чалавека. А ўвогуле, часамі я намагаюся яе абмяжоўваць. Прынамсі, у маёй працы вельмі важна ставіцца да людзей ня з пункту гледжаньня пола, а з пункту гледжаньня чалавека. Інакш гэта можа стварыць некаторыя праблемы ў арганізацыйнай працы.

Калі вельмі кепска будзе складацца будучыня.. Абмяркоўвала зь некаторымі прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, што было б, калі б інтэграцыя як бы зайшла ў вельмі кепскае рэчышча... Зьбегчы з гэтай краіны дакладна ня хочацца. Нейкія ўцёкі ад рэчаіснасьці ў мяне ў думках узьнікаюць. Паехаць кудысьці ў вёску, там зрабіць нейкі музэйчык, і сканцэнтравацца на нейкім рэчышчы. Але гэта, канечне, ня выйсьце.

У ідэале, канечне, хацелася б мець, як нармальныя беларусы, нармальную беларускую сям'ю, дзяцей, файную працу. Я думаю, што чым больш часу пройдзе, тым можа быць больш будзе ў нас надзеі на лепшую будучыню. Проста нацыянальны фактар – гэта фактар, які застанецца назаўсёды, ён будзе праяўляцца з пакаленьня ў пакаленьне. Гэта гісторыя паказвае".
XS
SM
MD
LG