Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціна Вітушка



Сёньня гаворыць Крысьціна Вітушка зь Менску. Крысьціна вучыцца адразу ў Беларускім эканамічным унівэрсытэце і ў пэдагагічным, хутка атрымае дыплёмы. Крысьціна Вітушка – актывістка Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, яна замужам, ад студэнцкіх гадоў адзначае дзень Сьвятога Валянціна.

(Вітушка: ) “Дзень Сьвятога Валянціна пачаўся для мяне на 1-м курсе Белдзяржунівэрсытэту, і асацыюецца ён перш за ўсё зь бясконцымі дыскатэкамі, якія ядналі студэнтаў і цягнуліся да самай ночы. А ўначы да гадзіны трэба было абавязкова пасьпець у інтэрнат, і вось гэтыя дзесяць хвілін у чаканьні цягніка ў мэтро якраз і ўяўляюць сабой канцэнтрацыю дня сьвятога Валянціна. Таму што на платформе стаяць студэнты, усе цалуюцца, абдымаюцца, і нешматлікія бабулькі, якія чамусьці патрапілі на апошні цягнік, стаяць і крэсьцяцца, адварочваюцца, а адвярнуцца няма куды, таму што ўсе вакол цалуюцца і абдымаюцца.

Дзень сьвятога Валянціна быў сапраўды шчасьлівы дзень. Але, што праўда, мала меў дачыненьня да каханьня ў такім узьнёслым разуменьні. Але было весела.

Час ішоў, зьявілася каханьне сапраўднае, студэнцкія гады, студэнцкая актыўнасьць, студэнцкая арганізацыя дазвалялі знаёміцца вельмі шмат з рознымі хлопцамі, сярод якіх былі, безумоўна, вартыя. І ўрэшце рэшт, аднойчы на ЗБС прыйшоў Ён. Высокі бляндын, з блакітнымі вачыма. Я зразумела, што хачу замуж.

Падышла да гэтага хлопца і кажу: “Ці знаёмыя мы з вамі? Мяне клічуць Крысьціна. Ён кажа: “Ну вось і пазнаёміліся”. Праводзіў ён мяне ў той вечар дахаты і пакінуў тэлефон. Затэлефанаваць хацелася вельмі моцна, але пакінуў ён тэлефон, сказаўшы толькі прозьвішча. Выцягнула яго я зноў на офіс і папрасіла сваю сяброўку запытацца, як жа ж яго клічуць. Яна падышла і пазнаёмілася, а я побач стаяла і слухала. Але цікава, што мужа гэтай сяброўкі цяпер клічуць Валянцінам, і вось сёньня ўжо ў маім сямейным жыцьці дзень сьвятога Валянціна асацыюецца з мужам маёй сяброўкі і з маім мужам.

Сапраўднае каханьне – яно пачынаецца, безумоўна, з пацалункаў, з захапленьня, хочацца спатканьняў, хочацца нейкіх бурных эмоцыяў, але ўрэшце рэшт ты разумееш, што гэтаму чалавеку, вось менавіта гэтаму, ты можаш дараваць і адсутнасьць нейкіх эмоцыяў, і адсутнасьць, можа быць, штотыднёвых паходаў у кіно і дарагіх падарункаў. Ты разумееш, што зь ім ты хочаш жыць увесь час”.
XS
SM
MD
LG