Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юля Сапожнікава



Юля Сапожнікава, 22 гады, нарадзілася і жыве ў Менску. Скончыла Беларускі пэдагагічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці “практычная псыхалёгія”. Працуе ў адукацыйным цэнтры грамадзкага аб’яднаньня “ПОСТ” з падлеткавымі групамі, стараецца выхаваць у іх “актыўную жыцьцёвую пазыцыю”. Слухае папулярную музыку: яе любімы гурт – “Roxette”, любімы выканаўца – Robbie Williams. Добра валодае ангельскай мовай, часта езьдзіць за мяжу па праграмах моладзевага абмену.

(Юлія: ) "Я перакананая ў тым, што нашая моладзь больш асэнсоўвае сваё прызначэньне ў жыцьці. Яны там успрымаюць нейкія падзеі як нешта ці вясёлае, ці невясёлае... Вельмі ўсё проста для іх! А ў нас, я лічу, моладзь больш думае аб будучым. Я б ніколі ня зьехала назаўсёды зь Беларусі. Так, я б хацела пажыць у розных краінах, каб там пераймаць досьвед у той жа маёй працы. Але рэалізаваць гэты досьвед я б жадала тут. Я лічу, што я маю спэцыяльнасць, дзякучы якой магу зарабляць грошы тут.

Гэта залежыць ад самога чалавека - ня важна, у якой краіне ён жыве: калі ён сам можа адчуваць радасьць ад кожнага дня свайго жыцьця, ад добрага надвор’я, ад таго, што побач зь ім блізкія, родныя людзі, і калі ён зможа цаніць гэта ўсё - тады будзе і ўсьмешка на яго твары... Швэдзкія падлеткі вельмі зьдзіўляліся і пыталіся ў нас: чаму вы, зь Беларусі, заўсёды такія вясёлыя? Хаця мы на самой справе былі такія, як заўсёды... Мы казалі: “У нас усё добра! Мы маладыя, мы здаровыя, мы маем сяброў, маем родных, блізкіх, маем справу, якой любім займацца. Чаму нам ня радавацца?..”
XS
SM
MD
LG