Алесь Васьковіч, 24 гады. Нарадзіўся й жыве ў Мар’інай Горцы, Менская вобласьць. Выдае незалежны штомесячнік “Павятовая газэта”.
(Васьковіч: ) “Я сваім жыцьцём задаволены. Вясельле ў мяне хутка будзе. Падзея, вядома, у маім жыцьці вельмі важная. Я задаволены, што гэта будзе адбывацца. Шмат праблемаў, якія ўзьнікаюць. У першую чаргу, побытавых. Па-першае, фінансавыя магчымасьці: цяжка знайсьці працу, дзе можна было б нармалёва зарабіць добрыя грошы для ўтрыманьня сям’і. Але я мяркую, што ўсё ж я здолею забясьпечыць сям’ю неабходнымі сродкамі для існаваньня.
Калі глядзець глябальна, дых хацелася б зьмяніць сытуацыю ў краіне. Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, — скатваньне ў нейкую прорву. Пазьбегнуць памылак немагчыма, бо не памыляецца толькі той, хто нічога ня робіць. Каб дасягнуць посьпеху, трэба шмат працаваць, чалавек павінен увесь час вучыцца, не стаяць на месцы. Залежыць ад мяне мой інтэлект і мая здольнасьць да працы. А ад уладаў — магчымасьці, каб чалавек мог скарыстаць свой інтэлект, свае здольнасьці як належыць.
Я баюся ў сваім жыцьці беспэрспэктыўнасьці. Калі над чым-небудзь працуеш, працуеш і ў выніку прыходзіш да высновы, што ўсе твае намаганьні малаэфэктыўныя ці зусім неэфэктыўныя. Калі ня бачыш, куды ісьці, калі ня бачыш шляху, па якім ісьці — вось гэта самае страшэннае.
Я лічу, што ў Беларусі можна быць шчасьлівым, але да гэтага трэба ісьці, над гэтым трэба працаваць. Каб я лічыў па іншаму, дык даўно бы мог зьехаць зь Беларусі, шукаць шчасьця ў іншай краіне”.
Мы запрашаем да ўдзелу ў перадачы маладых беларусаў, якім ёсьць што сказаць пра сваё жыцьцё, пра свае праблемы і дасягненьні, пра бачаньне разьвіцьця Беларусі.
Зьвяртайцеся да нас праз пошту – 220005, Менск 5, паштовая скрынка 111 – ці праз Інтэрнэт.