19-гадовы Цімох Атрошчанкаў — студэнт Інстытуту кіраваньня. Адзін з актыўных удзельнікаў вахты памяці моладзі ў Курапатах. Любімы пісьменьнік — Васіль Быкаў, улюбёны твор — “Знак бяды”.
(Атрошчанкаў: ) “Я хацеў бы зьехаць з гораду ў нейкя ціхія мясьціны й жыць там. Беларусь — усё ж гэта вёскі. Тое, што ў гарадах, гэта іншая цывілізацыя, гэта іншая культура. Я нарадзіўся ў Менску, але я вельмі люблю вёскі й вось гэтае жыцьцё без усялякіх дасягненьняў цывілізацыі. Гэта цудоўна — хадзіць у той вопратцы, якую зрабіла твая маці альбо жонка, есьці тое, што ты сам вырасьціў. Мне падаецца, гэта найлепшае, што можа быць. Нармалёва ўладкавацца ў вёсцы, набыць сваю зямлю дзе-небудзь падалей, можа, на Гарадзеншчыне.
Лепш за ўсё, каб знайшліся мае аднадумцы, і мы маглі разам заснаваць такую беларускую вёску. Не такую, як зараз, там дзе гарэлка й сельскі клюб, і на гэтым усё заканчваецца. А менавіта так, як жылі нашыя продкі — сьвяткаваць нашыя сьвяты, захоўваць усе абрады.
Больш за ўсё я баюся неразуменьня тых людзей, якім я давяраю. У цяперашняй Беларусі цяжка быць нармалёвым беларусам. Ці малады ты, ці стары, ты маеш нейкія праблемы, якія не даюць цалкам разгарнуцца й рэалізаваць сябе на 100 адсоткаў. Я пакуль рэалізаваў сябе прыкладна на 25 адсоткаў”.
Мы запрашаем да ўдзелу ў перадачы маладых беларусаў, якім ёсьць што сказаць пра сваё жыцьцё, пра свае праблемы і дасягненьні, пра бачаньне разьвіцьця Беларусі.
Зьвяртайцеся да нас праз пошту – 220005, Менск 5, паштовая скрынка 111 – ці праз Інтэрнэт.