Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабрачыннасьць і царква


Кастусь Бандарук, Прага

Мабыць кожнаму здарылася ў жыцьці дапамагчы іншаму, або атрымаць дапамогу. Чым кіруюцца людзі, якія зусім бескарысьліва цалкам незнаёмаму чалавеку працягваюць руку дапамогі? Наколькі важныя рэлігійныя матывы і як ставяцца да дабрачыннасьці тры вялікія рэлігіі: юдаізм, хрысьціянства і іслам. Гэтым пытаньням прысьвечаны сёньняшні выпуск перадачы, якую падрыхтаваў і вядзе Кастусь Бандарук.

Яшчэ 15 гадоў таму ў Беларусі, слова “дабрачыннасьць” гучэла архаічна. Як і шмат чаго, дабрачыннасьці па ўсім Савецкім Саюзе не было, бо ў шчасьлівым, справядлівым грамадзтве не магло быць бедных і няшчасных. (Нагадаю, што фонд “Дзецям Чарнобыля” быў зарэгістраваны 20 лістапада 1990.) Аднак такія людзі ўсё ж былі, бо ніякая краіна і ніякія сацыяльныя праграмы ня могуць даць рады з праблемай галечы і няроўнасьці ў грамадзтве. Мабыць у якасьці аднаго зь першых, калі не самага першага, у 1988 годзе сваё дасьледаваньне пад назвай “Аб міласэрнасьці” апублікаваў Данііл Гранін.

Нагадаю, што само паняцьце “дабрачыннасьць” або “харататыўная дзейнасьць” паходзіць з грэцкага слова “харыс” – падарунак, ласка, і ад лацінскага слова “карыс” – міласэрнасьць. Сынонімам дабрачыннасьці зьяўляецца таксама слова “філянтропія”, што па-грэцку азначае “любоў да людзей”.

Што схіляе людзей бескарысьлівай дапамогі іншым? Псыхолягі і сацыёлягі кажуць, што матывы дабрачыннасьці не заўсёды высакародныя. У шэрагу краінаў ахвяраваньні на дабрачынныя мэты адлічваюцца ад падаткаў. Гэта значыць, што заміж таго, каб у выглядзе падатку даваць частку грошай дзяржаве, можна нейкую суму ахвяраваць на царкву, на дапамогу бедным і сіротам, і пры гэтым атрымаць удзячнасьць і павагу з боку грамадзтва.

Ёсьць людзі, якія ахвяроўваючы нешта на патрэбы іншых, хочуць палепшыць свой імідж, атрымаць прызнаньне. Такая дабрачыннасьць, гэта насамрэч жаданьне як мага хутчэй пазбыцца прыкрага ўражаваньня, выкліканага чужым горам ,і пазьбегнуць дакору сумленьня. Некаторыя іншыя дапамагаюць няшчасным і бедным, кіруючыся забабонным страхам, што ў іншым выпадку іх можа напаткаць такія самыя праблемы. Ёсьць ахвярадаўцы, якія гэткім чынам ня хочуць быць горшымі за астатніх, тыя, якія даюць, бо нязручна адмовіць. Маўляў: “дам і хай ад мяне адчэпяцца”. Некаторыя вымушаныя даваць, бо ім аўтаматычна адлічаюць нейкую суму ад заробкаў, або ў калектыве не выпадае не даць на нейкую мэту.

Аднак ёсьць людзі, якія сапраўды адчуваюць шчырую, унутраную патрэбу зьмякчыць чужое гора. Яны спачуваюць кожнаму няшчаснаму чалавеку, гатовы аддаць ім апошняе і пры гэтым поўнасьцю бескарысьліва і ананімна. Гэта сапраўдная дабрачыннасьць, якая кіруецца рэлігійнымі матывамі любові да бліжняга.

Паводле інтэрнэт-сайту прысьвечанага міласэрнасьці і дабрачыннасьці “SOS”, вера зьяўляецца самай устойлівай падставай для дабрачыннай дзейнасьці. Для няверуючага чалавека дабрачыннасьць зводзіцца да вырашэньня сацыяльных праблемаў. Такому чалавеку няўтульна жыць у несправядлівым грамадзтве, у атачэньні дзяцей-сіротаў, галодных пэнсіянераў і бездапаможных інвалідаў. Ён удзельнічае ў выпраўленьні сытуацыі, але і глядзіць, у якой ступені гэта яму аплачваецца. Аднак з часам такая матывіроўка сябе вычэрпвае. Дабрачыннасьць ператвараюцца ў цяжар і выклікае злосьць, маўляў, бясконца трэба на нешта даваць.

Для веруючага чалавека дабрачыннасьць, гэта ня проста сацыяльная дзейнасьць, але служэньне Богу. Вернік ахвяроўвае беднаму літаральна тое, што яму паслаў Бог. Для верніка міласьціна, гэта ахвяра Богу за жыцьцё і тое дабро, якое ён атрымаў.

Тры вялікія рэлігіі, якія маюць супольныя карані: юдаізм, хрысьціянства і іслам падахвочваюць да дабрачыннасьці й міласэрнасьці, хаця інакш падыходзяць да таго, як даваць, каму і колькі.

У юдаізьме Майсееў Закон абараняе бедных, сіротаў, удоваў і прышэльцаў. (Вых. 22) Старазапаветныя гэбраі былі вымушаныя аддаваць богу, гэта значыць на храм гэтак званую “дзесяціну”, дзясятую частку свайго прыбытку. У Бібліі гаворыцца: “Шчасьлівы, хто думае пра бедных. У дзень бяды выратуе яго Госпад. Госпад захавае яго і зьберажэ ягонае жыцьцё” (Пс. 40,2-3) “Радасьць чалавеку – дабрачыннасьць ягоная, а бедны чалавек лепш, чым ілжывы” (Пр. 19) “Хто дапамагае беднаму, той пазычае Богу, а той ўзнагародзіць яго дабрачыннасьць ягоную”. (Пр. 19)

Як патлумачыў рабін Аўраам Блясоўскі з “Чабад Любавіч”, хасыдзкай групы зь сядзібай у штаце Айова, якая гуртуе 4600 рабінаў па ўсім сьвеце, у сучасных гэбраяў, найвышэйшая форма дабрачыннасьці гэта даць некаму магчымасьць заняцца сваёй справай, або даць працу. Сэнс гэтай дапамогі такі, каб чалавек меў магчымасьць сам зарабіць на сваё ўтрыманьне, інакш кажучы “даць вуду, а ня рыбу”. Рабін патлумачыў, што гэбрайскае слова дабрачыннасьць “цэдака” паходзіць ад слова “цэдэк” – праведнасьць.

Існуе стэрэатып, што гэбраі надзвычай салідарныя, што яны мабыць болей, чым іншыя нацыі схільныя дапамагаць адно аднаму. Часткова пацьвердзіла гэта Алена Мініна, кіраўніца службы міласэрнасьці пры рэгіянальным Мэмарыяльна-культурным грамадзкім аб’яднаньні гэбраяў у Лідзе.

(Мініна: ) “Безумоўна, гэбраі, можна так сказаць, адказныя адно за аднаго. Паколькі габрэі сапраўды зьведалі шмат гора, прайшлі празь цяжкія выпрабаваньні, паколькі яны пацярпелі, мусіць, болей, чым любы іншы народ, мабыць таму ўзаемную дапамогу гэбраі пераймаюць з пакаленьня ў пакаленьне. Сёньня, багаты гэбрай дапаможа іншаму, беднаму гэбраю, дапаможа беднаму дзіцяці атрымаць адукацыю, а тое, калі вырасьце і стане на ногі, дапаможа іншым бедным дзецям. І такім чынам гэта перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне”.

Алена Мініна патлумачыла, як выглядае канкрэтная дабрачынная дзейнасьць сярод гэбраяў у Беларусі.

(Мініна: ) “Рэч у тым, што ў Беларусі, як і па ўсіх краінах СНД існуе дабрачынная арганізацыя "Джойнт". Гэта амэрыканска-гэбрайскі разьмеркавальны камітэт, які быў створаны ў 1914 годзе. З таго часу гэбрайскія грамады ў ЗША пры пасярэдніцтве "Джойнту" дапамагаюць сваім братам па ўсім сьвеце. Што тычыцца непасрэдна нашай дзейнасьці, дык у нас ёсьць шэраг дабрачынных праграмаў, як, напрыклад, праграма харчаваньня. Гэта прадуктовыя пасылкі, абеды для бедных гэбрпяў, неаднойчы з дастаўкай па дамах, у аддаленыя месцы. Існуе мэдычная праграма пад назвай "аптэка". Мы пастаўляем бедным лекі, санітарнае і мэдычнае абсталяваньне, у прынцыпе пачынаючы, калі можна гэтак сказаць ад пампэрсу, і сканчаючы інваліднымі вазкамі".

***

Што тычыцца хрысьціянаў, дык у дадатак да Старога Запавету, яны кіруюцца эвангельскімі прынцыпамі і прыкладам самога Хрыста.

Хрыстос жыў сярод людзей простых і бедных, рыбакоў і рамесьнікаў. Ён сам быў бедны і, як гаворыцца ў Эвангельлі, “ня меў дзе прыхіліць галаву”(Мац. 8,20) Усе эвангелісты падкрэсьліваюць выключную міласэрнасьць Хрыста і спагаду для ўсіх няшчасных, абцяжараных, бездапаможных, хворых і бедных. Хрыстос вучыў: “таму хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто пазычыць у цябе не адварочвайся”(Мац. 5,42) і “Сам Ён меў фонд дапамогі бедным”. (Ян. 12,5-13,29) Ведаючы структуру гэтага сьвету, Хрыстос не прадбачваў спрыяльнага часу для бедных. “Убогіх заўсёды маеце з сабою” (Ян. 12,8) – сказаў, і мы вымушаныя канстатаваць, што гэта праўда. І ў наш час ёсьць багатыя і ёсьць бедныя. Багатыя, як правіла, імкнуцца да таго, каб павялічыць сваё багацьце, а бедныя яшчэ больш бяднеюць.

Хрысьціяне лічаць дабрачыннасьць неад’емнай прыкметай веры, якая “бяз добрых учынкаў мёртвая”. Для хрысьціяніна ўзорам зьяўляецца эвангельскі самарыцянін, які бескарысьліва дапамог незнаёмаму чалавеку з чужога народу. Паводле Евангельля любоў да Бога немагчымая без любові да бліжніх. Дапамога бліжняму, гэта ўсё адно, што дапамога Богу: “Усё, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх найменшых – Мне зрабілі” (Мац. 25.40)

Царква з самога пачатку лічыла дабрачынную дзейнасьць сваім абавязкам. У Кнізе Дзеяў Апостальскіх чытаем, што “ў нікога не было нястачы“, бо “ўсе вернікі былі разам і ўсё ў іх было супольнае. І прадавалі дастаткі свае і ўсялякую маёмасьць і надзялялі ўсіх гледзячы па патрэбе кожнага”(Дзеі. 2, 44-45). З 4 н.э. стагодзьдзя пачалі ўзьнікаць шпіталі, прытулкі для старых і сіротаў. У 7 стагодзьдзі зьявіліся спэцыяльныя брацтвы, якія займаліся арганізаванай дапамогай бедным. “Маё толькі тое, што я аддаў” (Максім Вызнаўца).

А вось, што сказаў пра сучасную дабрачынную дзейнасьць у Праваслаўнай Царкве супрацоўнік Менскай эпархіяльнай управы Беларускага экзархату РПЦ, які не пажадаў назваць сваё прозьвішча.

(Іван: ) “Я як праваслаўны хрысьціянін хачу сказаць у чым сіла Царквы. Царква вучыць нас, што мы павінны быць міласэрнымі, добрымі, дабразчычлівымі ў дачыненьні да маламаёмасных, у якіх нейкія пакуты і нястачы. Царква стымулюе хрысьціяніна да дабра і спагады. Кожны вернік у меру сваіх магчымасьцяў абавязаны дапамагчы чалавеку ў патрэбе ці то матэрыяльна, ці падтрымаць яго добрым словам. "Узьлюбі бліжняга свайго як самога сябе", – кажа Госпад”.

(Іван: ) “Я зьяўляюся сьведкам таго, што Эпархіяльная ўправа, дзе я працую, заўсёды адклікаецца на просьбы бедных, няшчасных, і бяздомных. Я іх кожны дзень бачу. Яны са сталовай атрымліваюць ежу. Бывае, што прыходзіць транспарт з гуманітарнай дапамогай, якую затым парафіі раздаюць сярод найбяднейшых. Хачу адзначыць, што ў Менску ёсьць Дом міласэрнасьці з храмам Шматпакутнага Ява, дзе знойдуць прытулак і дапамогу многія людзі. Амаль пры кожнай парафіі ёсьць група актывістаў: сястрыцтва або брацтва, якія дапамагаюць сьвятару ў дабрачыннай дзейнасьці. Царква выконвае функцыі, якіх ніхто ня ў стане выканаць. Дзяржава будуе басэйны, каткі, паркі, дарогі, культурна-бытавыя аб'екты, але Царква бліжэй няшчаснага чалавека і хутчэй яму дапаможа. Памятаю, памерла маці і засталося дзевяцёра дзяцей. Пакуль ім дапаможа дзяржава, сіротамі ўжо апякуецца парафія. Прыгадваю выпадак, калі прыходзіць чалавек і прапануе ахвяраваць кампутар, што застаўся пасьля загіблага сына. Я чуў, што ёсьць новая парафія, якая толькі стае на ногі, і я кажу таму чалавеку: а Вы ахвяруйце гэты кампутар той парафіі і атрымалася, што гэты падарунак вельмі прыдаўся”.

Гэтак сказаў супрацоўнік Менскай эпархіяльнай управы, які назваў толькі сваё імя: Іван. Хачу адзначыць, што дабрачыннай дзейнасьцю займаюцца ўсе хрысьціянскія канфэсіі ў Беларусі, каталікі, грэка-каталікі, пяцідзесятнікі, баптысты, адвэнтысты ды іншыя. У Беларусі ёсьць таксама мусульмане. Вось, што на тэму дабрачыннасьці ў ісламе расказаў прадстаўнік беларускіх мусульманаў-татараў Ібрагім Канапацкі.

(Канапацкі: ) “Мы-мусульмане, як і нашыя браты хрысьціяне і юдэі верым, што жыцьцё на гэтым сьвеце не што іншае, як выпрабаваньне, экзамэн, падрыхтоўка да будучага жыцьця ў Нябесным Валадарстве. Апошні Прарок Мухамэд вучыў, што ёсьць тры рэчы, якія дапамагаюць чалавеку пасьля яго сьмерці. Першае, гэта малітва, якую чытаюць за душу нябожчыка набожныя дзеці, другое – веды, якія ён перадаваў іншым, а трэцяе – міласьціна, якую ён даваў бедным”.

(Канапацкі: ) “Мусульмане ў адпаведнасьці з запаветамі Ўсявышняга лічаць адным з галоўных сваіх абавязкаў выплату асаблівага падатку – "закяту". Слова "закят" азначасе "ачышчэньне", "духоўны рост". У многіх аятах Карану закят стаіць побач з "салятам". Гэта абавязковая для мусульманіна пяціразовая малітва. Мусульмане вераць, што ўсё належыць Богу, і што Ён даверыў людзям сваё багацьце. Маёмасьць людзей ачышчаецца, калі яны раздаюць частку яе тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Багацьце людзей расьце таксама, як растуць дрэвы, калі іх падрэжуць. У Каране сказана: "І раздавайце на шляху Ўсявышняга". "Тыя, што раздаюць на шляху Бога падобныя на зярня, зь якога вырасла сем каласоў, а ў кожным коласе сто зярнятак". Бог яшчэ больш памнажае багацьце тых, хто ахвяраваў багацьце ў імя Бога". Кожны мусульманін і мусульманка вызначаюць памер свайго закяту індывідуальна, але звычайна гэта 2,5 % гадавога прыбытку. Набожны чалавек можа раздаць колькі захоча ў якасьці "садакі", пры чым рэкамэндуецца гэта рабіць употай. Хаця слова садака перакладецца як добраахвотнае ахвяраваньне, альбо міласьціна, яно мае больш шырокае значэньне і можа тлумачыцца як "добрая справа". У мінулыя гады нашы татары-мусульмане аддавалі на карысьць сваёй абшчыны пэўныя грашовыя сродкі, або землі ці агароды. Яны ахвяроўвалі зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва мячэцяў, мусульманскіх школак, удзельнічалі ў іх узьвядзеньні або рамонце ахвяруючы грошы, ці будаўнічыя матэрыялы, будуючы напрыклад за свой кошт агароджы на могільніках-мізарах і шмат іншага”

Гэта быў Ібрагім Канапацкі. Да сказанага ім дадам, што мусульмане абавязаныя плаціць закят з чатырох відаў матэрыяльных каштоўнасьцяў: ад сельскагаспадарчай прадукцыі, жывёлы, грошай і тавараў, гандлем якімі чалавек займаецца, калі. Як гаворыцца ў Каране: “Міласьціна прызначаецца для бедных і тых, хто мае патрэбу, для тых, чые сэрцы патрабуюць суцяшэньня, для вызваленьня нявольнікаў, для абцяжараных даўгамі, для служэньня Алаху і для вандроўцаў”(Сура “Ат-Таўба”).

Пра гэную гуманную пазыцыю гэтых трох рэлігіяў варта памятаць, калі судзім аб іх, напрыклад, праз прызму падзеяў на Блізкім Усходзе. Дарэчы, дабрачыннасьць і любоў да бліжніх характарызуе і іншыя рэлігіі. Дапамагчы чалавеку, які трапіў у бяду, застаецца добрай справай незалежна ад рэлігіі. Філянтропія – гэта тое, што аб’ядноўвае рэлігіі ў найбольшай ступені. Яна экумэнічная бяз саступак ў пытаньнях веры, бо падтрымка бліжняга ў цяжкую для яго хвіліну і ўдзячнасьць за яе ня ведаюць тэалягічных адрозьненьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG