Кожнаму з нас знаёмае пачуцьцё хуткаплыннасьці жыцьця. Мы пражываем гады і не заўважаем, як большая частка жыцьця застаецца ззаду. На гэта скардзяцца практычна ўсе пажылыя людзі. Многія зь іх часта аказваюцца не падрыхтаванымі да старасьці. І вось тут якраз паўстае пытаньне – як да старасьці падрыхтавацца хрысьціяніну? Як зрабіць так, каб надыйшоўшая восень жыцьця не захапіла нас зьнянацку, каб мы былі да яе псыхалягічна падрыхтаваныя і пражылі апошнія гады як годнае завяршэньне свайго зямнога шляху? Вось пра гэта мы сёньня і пагаворым.
Напачатку я папрасіў пробашча віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрошаньня Гасподняга айца Зьмітра Грышана расказаць, як трэба арганізоўваць парафіяльнае жыцьцё з улікам наяўнасьці ў парафіі пэўнай колькасьці старых людзей. Як Царква ставіцца да старых і чаго ад іх чакае?
(Грышан: ) “Калі гаварыць пра хрысьціянскі погляд на старасьць, дык найперш трэба зьвярнуцца да біблейскай традыцыі. Яна ў нас супольная - юда-хрысьціянская. Найперш гэта прыказаньне "Шануй бацьку і маці сваю". Гэта пачатак, які радыкальна зьмяняе стаўленьне вызнаўцаў юдаізму і нас, хрысьціянаў, як спадкаемцаў гэтай традыцыі, да старых людзей. Бо паганцы старых людзей не шанавалі. Старыя выключаліся з грамадзкага жыцьця. У некаторых культурах ім нават дапамагалі сысьці з гэтага сьвету.
Калі мы гаворым пра чалавека. дык кожны чалавек пакліканы да збаўленьня. Хрыстос на крыжы памёр за ўсіх і ўсім паказаў шлях збаўленьня. Старыя людзі не выключэньне. Старыя павінны быць прывеліяванай катэгорыяй. Яны маюць вопыт і мудрасьць. І вось досьвед і мудрасьць з аднаго боку, а зь іншага - абмежаванасьць у дзеяньнях, што вынікае з фізычнай слабасьці. Праз слабасьць старыя маюць большую адкрытасьць на апошнія рэчы. Стары чалавек жыцьцё ўжо пражыў і бліжэй бачыць аблічча Божае. Гэтыя рысы надаюць старасьці асаблівыя якасьці.
Старыя - гэта таксама цэлая армія тых, хто моліцца. Маладыя маюць шмат клопату і часта адкладаюць справы Божыя на пасьля. А стары чалавек больш часу ахвяруе на Госпада. А малітва - гэта ня толькі спосаб суцяшэньня, гэта яшчэ і сродак мяняць рэчаіснасьць.
Погляд хрысьціянства на старасьць канструктыўны. Гэта ня проста людзі, якім трэба дапамагчы правесьці апошнія дні. Іх трэба ўключыць у малітвенную працу царквы. Гэтым якрахз яны могуць вельмі моцна дапамагчы.
Ну і цярпеньні ад хваробаў - а старасьць зьвязана з хваробамі - старыя могуць ахвяраваць як пакуту за навяртаньне і зьмену гэтага сьвету.
Заданьне старых таксама - дзяліцца досьведам хрысьціянскага жыцьця, настаўляць маладых, якія яшчэ ня ведаюць, што да Госпада трэба зьвяртацца кожны дзень, кожную хвіліну свайго жыцьця”.
Як вы чулі са словаў айца Зьмітра Грышана, Царква заклікае ставіцца да старых паводле прыказаньня “Шануй бацьку і маці тваіх...”. Царква заклікае таксама выкарыстоўваць досьвед і мудрасьць пажылых людзей. Хваробы і слабасьці, якія спадарожнічаюць старасьці, паводле тэалёгіі, таксама могуць мець сваю карысьць. Яны, па-першае, празь цярпеньне набліжаюць чалавека да Аблічча Божага, а па-другое, у выпадку глыбокай веры могуць быць своеасаблівай ахвярай за людзей і сьвет. І апошняя выснова айца Зьмітра Грышана – старыя праз тое, што яны моляцца больш за маладых, могуць быць сапраўднай малітоўнай апорай царквы і сьвету. Я яшчэ дадам, што праз рэгулярную хатнюю малітву старыя могуць даваць прыклад і сьведчаньне веры для ўнукаў і іх сяброў.
Дык як зрабіць, каб старасьць не захапіла нас зьнянацку, і каб мы былі да яе псыхалягічна падрыхтаваныя?
Адказаў на гэтыя пытаньне можа быць шмат. Усё залежыць ад канкрэтнай сытуацыі, у якой жыве чалавек, ад складу яго сям’і і адносінаў паміж сваякамі. Але ёсьць і пэўныя агульныя рэчы. Напрыклад, ня трэба паддавацца старасьці дачасна. Некаторыя людзі проста адмаўляюцца ад кантактаў, ад усялякай дзейнасьці і нават ад увагі да таго, як і ў што яны апранаюцца. Такія паводзіны псыхолягі і багасловы лічаць ня правільнымі.
Спадарожнікамі старасьці зьяўляюцца і хваробы. Калі ідзе пра іх, дык якраз нейкі клопат, напрыклад аб сваіх бліжніх, аб нашчадках адцягвае ўвагу чалавека ад хваробаў. Натуральна, што часам можна і паскардзіцца на здароўе, але толькі вельмі блізкаму духоўна прыяцелю. Але тэалёгія сьцьвярджае, што часта гаварывць аб сваіх хваробах – гэта значыць зноў і зноў пражываць боль, што яны прыносяць. Наогул жа быць падрыхтаваным да старасьці – гэта значыць даць сабе слова не гаварыць аб хваробах, усьміхацца і не пазьбягаць ніякай актыўнасьці.
Яшчэ адна парада – трэба шукаць новыя кантакты. Пажылы чалавек павінен знайсьці блізкае сабе па духу асяродзьдзе або блізкага чалавека-партнэра. Вельмі плённым псыхолягі называюць кантакты старога чалавека зь людзьмі маладзейшымі, калі тыя маюць сур’ёзнае зацікаўленьне ў нейкай інфармацыі ці вопыце старога.
На некаторыя рэчы стары чалавек павінен зьвяртаць асаблівую ўвагу. Адной зь іх ёсьць славалюбства. Ня трэба хацець прызнаньня, што ты ўжо ўсяго дасягнуў, ня трэба пастаянна зьвяртацца думкамі назад, ня трэба расказваць навакольным, як раней было добра – шмат хто гэтага ня любіць.
Яшчэ адна важная рэч, да якой чалавек павінен падрыхтавацца – гэта адзінота ў старасьці. Тут таксама рэцэпт агульны – замест таго, каб наракаць на адзіноту, трэба больш чытаць, выбіраць сабе добрыя тэлепраграмы, больш гуляць на прыродзе, не ўцякаць ад кантактаў з навакольнымі ды імкнуцца знайсьці новых адэкватных сяброў і суразмоўцаў.
Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі правёў апытаньне на менскіх вуліцах. Ён пытаўся ў людзей, ці баяцца яны старасьці і чаму.
(Хлопец: ) “Так, я баюся старсьці. Маладосьць такі час клі адкрытыя ўсе дарогі ў жыцьці, і добры фізычны стан…”
(Спадарыня: ) “Старасьці не баюся, бо кожны ўзрост па-свойму цудоўны”.
(Дзяўчына: ) “Я не баюся, бо гэта працэс, які адбываецца ў любым выпадку”.
(Хлопец: ) “Старасьць – гэта такі ўзрост калі ты становішся мудрым. Гэта шчасьце быць старым. Усе цябе паважаюць, ты дасягнуў многага ў жыцьці. Усё ідзе сваім парадкам. Расьціш дзяцей, унукаў”.
(Спадар: ) “Я ня думаў, бо яшчэ ня час”.
(Спадарыня: ) “Усе баяцца, мне здаецца. Усё жыцьцё працавала і матэрыяльна мы старыя не забясьпечаныя. Не абароненыя дзяржавай”.
(Жанчына: ) “Не, не баюся. Чаго баяцца, гэта ж натуральны працэс”.
(Дзяўчына: ) “Ня буду адказваць за ўсіх, але я баюся. Бо ў нашай краіне пэнсыянэры нікому не патрэбныя й жыць ім дастаткова складана”.
(Спадар: ) “Не, не баюся. Усе мы раней ці пазьней памрэм. Усё нармалёва”.
(Спадар: ) “Гэта непазьбежна. Усе мы памрэм. Гэта непазьбежна”.
(Хлопец: ) “Баюся старасьці, бо часам так здараецца, што старыя людзі робяцца непатрэбнымі нікому – ні грамадзтву, ні сваякам, ні дзецям”.
(Дзяўчына: ) “Я не баюся. Я нічога не баюся. Жыву й добра. Дзякуй”.
Вось такія думкі менчукоў аб старасьці. Нехта яе баіцца, нехта кажа, што – не. Тыя, што баяцца, кажуць пра хваробы і адзіноту.
У многіх культурах старасьць цэніцца за розум, мудрасьць, ласкавасьць і дабрыню. Зь іншага боку, маладыя людзі часта ўважаюць усіх, каму болей за 60 гадоў, ужо сьпісанымі на пакой. Бывае нават, што да старых падыходзяць толькі з эканамічнымі меркамі – што яны могуць даць дзецям і ўнукам, якія грошы, маёмасьць ці нерухомасьць. Пры гэтым забываюць, што старыя маладым могуць шмат даць нематэрыяльнага, але надзвычай важнага. Пра гэта забываюць нават многія сучасныя фірмы, калі шукаюць толькі маладых амбітных супрацоўнікаў. Развагу і дасьведчанасьць старых людзей маладыя мець ня могуць. Маладыя дбаюць пра кар’еру часта любым коштам, а стары чалавек пра кар’еру ня думае – ён думае пра справу, ён больш свабодна прымае рашэньні і дае каштоўныя парады. Гэтыя якасьці старых лбюдзей выкарыстоўваюцца ў навуцы, мэдыцыне, але пакуль вельмі мала – у прамысловасьці і бізнэсе.
За праблемы старасьці часта бывае адказнаю і наша ўласная маладосьць. Людзі маладыя вельмі часта бываюць зацыкленымі на ўласных пэрсонах эгаістамі. У старасьці сфармаванае ў маладосьці ўнутранае аблічча чалавека выходзіць навонкі, псыхолягі называюць гэта “каркасам” душы. У такім выпадку ў чалавека застаецца пад старасьць вельмі мала шанцаў зьмяніцца. Але яны ёсьць. Чэскі каталіцкі псыхоляг доктар Іржы Пілка, разважаючы пра старасьць, прыводзіць прыклад славутага чэскага інтэлектуала Яна Амоса Каменскага, які распрацаваў для людзей на шостым, сёмым і восьмым дзясятку жыцьця праграму самвыхаваньня і падрыхтоўкі да добрай сьмерці. Прынцыпы гэтай праграмы супадаюць з хрысьціянскімі прыказаньнямі. Дарэчы Ян Каменскі, які жыў у 16-17 стагодзьдзях, зьяўляецца і вынаходцам папулярнай сёньня ў Чэхіі сыстэмы – так званага ўнівэрсытэту трэцяга ўзросту. Шматлікія чэскія вышэйшыя навучальныя ўстановы засноўваюць двухгадовыя праграмы навучаньня пэнсыянэраў у галіне сваёй спэцыялізацыі. Такія студыі даюць людзям даволі глыбокія веды. Унівэрсытэты трэцяга веку могуць стаць добрым прыкладам і для іншых краінаў Эўропы, у тым ліку і для Беларусі, чыё насельніцтва актыўна старэе.