Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім будзе канец сьвету і калі ён надыдзе?


Сяргей Абламейка, Прага

Апошнія гады ў сувязі з глябальным пацяпленьнем пачалі зьяўляцца і трывожныя публікацыі некаторых навукоўцаў аб хуткім канцы сьвету. Адзін галяндзкі прафэсар публікуе дадзеныя аб рэзкім разагрэве сонечнага ядра – за апошнія гады, паводле гэтага прафэсара, тэмпэратура ўнутры сонца павялічылася ў два разы. Калі так пойдзе і далей, дык паводле галяндскага навукоўца, сонца выбухне як новая ці зорка супэрнова ўжо празь 5-6 гадоў. Гэта будзе азначаць і канец Зямлі. Чуткі аб канцы сьвету распаўсюджваюцца час ад часу і празь інтэрнэт, пераважна яны сыходзяць ад дробных рэлігійных групаў, якія звычайна іх прымяркоўваюць да пэўных датаў – да канца году, канца тысячагодзьдзя ці нейкага юбілею.

Днямі мне трапіўся на вочы нумар чэскай каталіцкай газэты Tydenik Katolicki, у якім якраз аб канцы сьвету і стаўленьні да яго розных людзей разважае псыхоляг Геранім Клімэш. Аказваецца, паводле назіраньняў псыхоляга, пра хуткі канец сьвету часьцей за ўсё гавораць людзі з псыхалягічнымі праблемамі. Прычым гэта ня проста пацыенты з дэпрэсіяй, а менавіта тыя, у каго нейкім чынам парушаныя адносіны да асяродзьдзя вернікаў – да Бога і да людзей каля царквы. Людзі, што баяцца хуткага канца сьвету, вельмі часта адчуваюць на сабе нейкую пагрозу з боку д’ябла, некаторыя перакананыя, што д’ябал імі маніпулюе.

Са стану чаканьня канца сьвету такіх людзей выводзяць, бывае, і зусім звычайныя жыцьцёвыя абставіны. Той жа псыхоляг Геранім Клімэш прыводзіць прыклад сваёй цёткі ў Славаччыне, якая перажыла некалі падобны стан чаканьня блізкага канца сьвету. У яе нарадзіліся ўнукі, яна занялася іх выхаваньнем і паступова забылася на свае страхі і няўтульнасьць.

Багасловы ж глядзяць на канец сьвету з пазыцыяў Эвангельля. У апошняй кнізе Новага Запавету, якая называецца Адкрыцьцё Яна Багаслова, у мэтафарычнай форме выкладзеныя падзеі, якія будуць папярэднічаць і спадарожнічаць канцу сьвету. Ёсьць згадкі пра канец сьвету і ў іншых кнігах Новага Запавету. Вось як аб гэтым расказвае настаяцель Уладзімерскай царквы ў Горадні айцец Аляксандар Велісейчык.

(Велісейчык: ) “Пра канец сьвету цудоўна сказана ў другім Лісьце сьвятога апостала Пятра (3;7). Апостал Пётар кажа: "А цяперашнія неба і зямля, захаваныя тым самым словам зьберагаюцца агню на судны дзень і загубу бязбожных людзей. Не марудзіць Госпад з выкананьнем абяцаньня, як некаторыя лічаць гэта марудлівасьцю, а доўга церпіць нас, ня хочучы, каб хто загінуў, а каб усе прыйшлі да пакаяньня. Прыйдзе ж дзень Гасподні, як злодзей ноччу, і тады нябёсы з грукатам мінуцца, а стыхіі распаленыя разбурацца ўшчэнт – зямля і ўсе дзеі на ёй згараць". І вось калі зьвярнуцца да гэтага апостальскага ўрыўку, то можна параўнаць яго з патопам, калі Бог зьнішчыў род людзкі, пра які было сказана, што "чалавек стаў плоцьцю". Маецца на ўвазе. што чалавек стаў жыць паводле пажаданьняў плоці. Але калі патоп мінуў, то Бог даў на небе вясёлку – гэта знак таго, што Бог болей ня будзе вадой, патопам зьнішчаць чалавечы род. Але калі мы вернемся назад, то ўбачым, чаму людзі былі зьнішчаныя – бо яны былі грэшныя. І напэўна перад канцом сьвету і зьвязаным зь ім другім прышэсьцем будзе такая самая сытуацыя, калі людзі цалкам адвернуцца ад аблічча Божага, і калі ня зможа нават нараджацца ніводзін чалавек, які зможа ўспрыняць у сябе веру і зразумець, што павінен жыць як вобраз і падабенства Божае. Таму Эвангельле кажа: калі Сын Чалавечы прыйдзе на зямлю – ці знойдзе Ён веру ў людзей? І калі царква цытуе Сьвятое Пісаньне, тыя яго месцы, якія кажуць пра канец сьвету, то ні ў якім разе ў чалавечыя душы не пасяляецца гэты страх, не губляецца сэнс чалавечага жыцьця, а наадварот Царква дае чалавеку сапраўдны сэнс жыцьця. тут я магу прывесьці прыклад мітрапаліта Антонія Сураскага, праваслаўнага архірэя, які жыў і кіраваў праваслаўнай паствай у Ангельшчыне. Ён піша, што яго маці была хворая на рак і мы, кажа ён, чакалі сьмерці зь дня на дзень, і маці ў гэтым чаканьні пражыла тры гады. І вось ён кажа. што тыя гады, што маці жыла з хваробай, былі асаблівыя, бо мы разумелі, што кожнае наша слова можа быць апошнім, што кожнае дзеяньне паміж блізкімі людзьмі можа быць таксама апошнім, і таму стараліся, каб наша слова не было колкім, гнілым і крыўдным. І таму кожны хрысьціянін, бачачы і ведаючы, што канец будзе і ў нашага жыцьця, як будзе і канец сьвету, павінен памятаць, што гэты дзень схаваны. Мы павінны разумець, што ў кожнага нашага дня і кожнага дзеяньня павінен быць сэнс. Вось таму ня страх і роспач даюць словы пра канец сьвету, але даюць усяму нашаму жыцьцю поўны і глыбокі сэнс, якога ня маюць людзі, якія пазбаўленыя веры".

Гэта былі думкі пра канец сьвету настаяцеля Ўладзімерскай царквы ў Горадні айца Аляксандра Велісейчыка.

Тэалёгія сёньня карані хрысьціянскага разуменьня канца сьвету выводзіць з наступных развагаў. Задача Ісуса Хрыста, які прыйшоў на зямлю ня толькі для таго, каб уратаваць чалавецтва, але і для таго, каб закласьці царкву і падрыхтаваць яе да доўгага шляху аж да канца сьвету, была вельмі цяжкаю. Слова Хрыста было словам Божым, і таму адразу знайшлося вельмі шмат Яго пасьлядоўнікаў. Былі аднак і тыя, хто хацеў паўтарыць Хрыста і ў яго зямной сьмерці. Такіх сэктаў у гісторыі было шмат. Шмат іх зьяўляецца і сёньня – выпадкі калектыўных самазабойстваў сэктантаў ня рэдкасьць і ў нашыя дні. І вось Хрыстос перадаў людзям інфармацыю аб канцы сьвету і адначасова астудзіў гарачыя галовы фанатыкаў як найменей два разы. Па-першае, Хрыстос устанавіў бяскроўную Эўхарыстыю замест крывавых ахвяраў паганцаў і габрэяў. Якраз бяскроўная Эўхарыстыя пакліканая замяніць сабой і самазабойчыя тэндэнцыі ў асяродзьдзі некаторых вернікаў. А другі раз Хрыстос параўнаў канец сьвету з пупышкамі на дрэвах, якія ўвесну распускаюцца. Абсалютна ненармальна ўвосень і ўзімку прыглядацца да пупышак. Хрыстос прапанаваў іншы шлях. Ён сказаў, што калі пупышка набрыняе, тады ўжо для ўсіх стане зразумела, што вясна блізка. Тут з аднаго боку мы бачым гатоўнасьць, а зь іншага спакой Хрыста. Так павінны захоўвацца і людзі. На блізкі канец сьвету пакажа шэраг прыкметаў. Сярод іх, як вы чулі са словаў айца Аляксандра Велісейчыка, і адсутнасьць хаця б аднаго верніка на зямлі.

А як людзі ў Беларусі ставяцца да канца сьвету? Ці баяцца яго і ці маюць нейкае ўяўленьне, калі ён адбудзецца? Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі правёў апытаньне на менскіх вуліцах.

(Дзяўчына: ) “Канец сьвету надыдзе, калі людзі стануць яшчэ горшымі, чым цяпер, і калі адбудзецца другое прышэсьце Мэсіі. Страшна, калі прыйдзецца адказваць за ўсё тое, што ты зрабіў кепскага”.

(Спадар: ) “Ніколі ня будзе канца сьвету. І на маю думку, нард будзе працягваць сваё існаваньне й жыць”.

(Мужчына: ) “Не баюся, беларусы выжывуць. Я сьпяшаюся, прабачце”.

(Дзяўчына: ) “Канца сьвету не баюся, бо жыву кожным днём і думаю, што ў маім жыцьці гэтага ня здарыцца”.

(Жанчына: ) “Не баюся, і думаю, што гэтага ніколі ня здарыцца. Гэта проста лухта”.

(Хлопец: ) “Ня буду баяцца канца сьвету, бо думаю, што гэта ня страшна”.

(Кабета: ) “Пэўна ж, баімся. Пішуць па-рознаму як гэта ўсё адбудзецца”.

(Спадар: ) “У Беларусі ён ужо здаецца ўжо надыходзіць. Але баюся, тут ён ужо, напэўна, надышоў”.

(Кабета: ) “Я не баюся. Што мае адбыцца, гэтага не пазьбегнуць. Жыцьцё такая справа, якая пастаянна мяняецца. Ня будзе нас, значыць будуць на нашай плянэце іншыя жывыя істоты. Проста відаць будзе іншая матэрыялізацыя, а душы нашыя застануцца”.

(Спадар: ) “Спрэчнае пытаньне наконт канца сьвету. Я не баюся, бо ў пэўным пляне ёсьць атэістам, і таму ня веру”.

(Дзяўчына: ) “Я не баюся канца сьвету. Для мяне гэта нейкая загадка. Мне ўсё роўна будзе, ці не. Жыву сёньняшнім днём”.

(Спадрыня: ) “Ведаеце, на баюся. Няма здароўя дык і не баюся. А лячыць ня хочуць. Я толькі пайшла на пэнсію, а лячыць нашыя сучасныя лекары ня хочуць”.

(Дзяўчына: ) “Ведаеце, мне пра гэта рана думаць. Я яшчэ маладая, прыгожая і ўсё жыцьцё наперадзе. Таму для мяне здаецца, што гэта здарыцца яшчэ ня хутка”.

(Спадар: ) “Я не баюся канца сьвету. Калі ён і надыдзе дык яшчэ ня хутка. А калі й здарыцца дык баяцца няма чаго.Жыцьцё нам дадзенае дык і пражывем. А калі нешта здарыцца, значыць так трэба”.

(Спадарыня: ) “Не, не надыдзе ніколі й не баюся ўвогуле”.

Як вы чулі, даволі шмат людзей наогул ня вераць, што канец сьвету наступіць. Тут праявілася неабазнанасьць людзей у пытаньнях веры, адсутнасьць катэхізацыі. Гэта сытуацыя пост-таталітарнай краіны.

Царква сёньня адназначна сьцьвярджае, што канец сьвету будзе. Іншая справа, што таго, калі ён будзе – ня ведае і ня можа ведаць ніхто зь людзей, якія жылі, жывуць або будуць некалі жыць. Нам гэтага ня дадзена. А з Эвангельля памятаем, што гэтага не было дадзена ведаць нават Сыну Божаму – Ісусу Хрысту. Гэта ведае толькі сам Стваральнік. З гэтага, між іншым, вынікае і скептычнае стаўленьне веруючых хрысьціянаў да любых прадказаньняў і прадказальнікаў.

Сам пастулят блізкага канца сьвету эсхаталягічна ўзьнік з-за пастаяннага пагаршэньня палітычнай сытуацыі ў Ізраілі біблейскіх часоў. Таму ён і трапіў у Сьвятое Пісаньне, бо псыхалягічна ціснуў на аўтараў кніг Старога Запавету. Але тэолягі кажуць, што гэты псыхалягічны ціск мог быць і спосабам інсьпірацыі, пры дапамозе якога Сьвяты Дух паказаў людзям, што зь імі ў будучыні стане.

Царква, зрэшты, сёньня гаворыць і іншае, а менавіта, што канец сьвету будзе непараўнана больш складанай зьявай, чым людзі могуць сабе ўявіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG