У канцы 2003 году адбылося некалькі важных падзеяў ў рэлігійным жыцьці. 12 сьнежня ў катэдральным Саборы Утрэхту адбылася сумесная багаслужба прадстаўнікоў трох пратэстанцкіх цэркваў Галяндыі: Рэфармацкай, Рэфармаванай Кальвінісцкай і Евангельска-Лютэранскай. У той жа дзень, гэтыя цэрквы прынялі рашэньне аб сваім аб’яднаньні з 1 траўня 2004 году. Супраць гэтага аб’яднаньня выступіў толькі Артадаксальны Кальвінісцкі Саюз, які заявіў, што ня можа належаць да царквы, якой каноны разыходзяцца з асновамі ягонай веры.
Некалькі дзён пазьней, 18 сьнежня, у Расеі была апублікаваная “Сацыяльная пазыцыя евангельскіх хрысьціянаў Расеі”. Дакумэнт стане агульнай сацыяльнай дактрынай расейскіх баптыстаў, пяцідзясятнікаў і адвэнтыстаў.
Аднак з пункту погляду беларусаў, а дакладней, праваслаўных беларусаў, бадай галоўнай рэлігійнай падзеяй канца 2003 году быў пачатак дыялёгу паміж дзьвюма часткамі Рускай Праваслаўнай Царквы: Маскоўскім Патрыярхатам і так званай Замежнай Царквою. “Існуючы падзел – гэта ненармальнасьць, якую пажадана пераадолець”, – заявіў Першагіерарх Замежнай Царквы Мітрапаліт Лаўр. “Узьяднаньне нашых цэркваў можа адбыцца ў самай бліжэйшай будучыні”, – дадаў Мітрапаліт Смаленскі і Калінінградзкі Кірыл.
З пытаньнем, што насамрэч адбываецца і хто выступіў зь ідэяй аб’яднаньня, я зьвярнуўся да гіерарха Замежнай Царквы, Архіяпіскапа Бэрлінска-Нямецкага і Вялікабрытанскага Марка:
(Архіяпіскап Марк: ) “Нельга казаць пра аб'яднаньне. Аб гэтым не вядзецца гаворкі. Размова вядзецца аб узаемаразуменьні і аб тым, каб будаваць нармальныя адносіны паміж дзьвюма часткамі Рускай Царквы. Таму, тут трэба быць вельмі асьцярожным з фармулёўкамі. Размова вядзецца ўсяго толькі пра нармалізацыю ўзаемадачыненьняў, пра выясьненьне спрэчных пытаньняў. Менавіта ў гэтым кірунку зроблены першы крок. Ён нікім асабліва не ініцыяваўся, ён проста паступова дасьпяваў, і тое, што сёньня адбываецца, усьведамленьне дзьвюма часткамі Царквы неабходнасьці гэтага паказвае, што наступіў адпаведны для гэтага час”.
Архіяпіскап Марк узначальваў дэлегацыю РПЦЗ, якая 17-22 лістапада пабывала ў Расеі. Дэлегацыя наведала шэраг храмаў і манастыроў, сустрэлася з Патрыярхам Алексіем і сябрамі Сыноду. Бакі заявілі аб цьвёрдым намеры імкнуцца да далейшага зьбліжэньня і працягваць перамовы. ”Прынцыповых рознагалосьсяў, якія маглі б апраўдаць адсутнасьць адзінства, няма”, – заявіў Мітрапаліт Кірыл. Аднак узьнікае пытаньне: няўжо раптам зьніклі ўсе рознагалосьсі, узаемныя абвінавачаньні і прэтэнзіі? Вось што сказаў на гэты конт пазаштатны клірык РПЦ ігумен Інакенты Паўлаў.
(Паўлаў: ) “Прэтэнзіі ня зьніклі, і засталася галоўная прэтэнзія: Маскоўскі Патрыярхат ня хоча вяртацца на грунт рашэньняў Сьвяшчэннага Сыноду 1917-18 гадоў. Маскоўская Патрыярхія не зьяўляецца законным спадкаемцам Рускай Праваслаўнай Царквы таму, што яна вырасла на падмурку самаабвешчанай Патрыярхіі, створанай у 1927 годзе Мітрапалітам Сергіям, якія ня меў аніякіх правоў на тое, каб узначаліць расейскую царкву. Гэта галоўная прэтэнзія, бо некаторыя палітычныя рэаліі ўжо сталіся неактуальнымі. Аднак у асобе Маскоўскай Патрыярхіі мы маем дачыненьне з духоўнымі марадзёрамі. Апошнімі гадамі Замежная Царква сутыкнулася з агрэсіяй з боку Маскоўскага Патрыярхату, з захопам сваёй маёмасьці ў Палестыне. Працягваецца скандал у Бары, дзе выганяюць вернікаў з храму сьвятога Мікалая. У выніку энтузіязму наконт аб’яднаньня ўжо ня бачна, маўляў, давайце будзем прызнаваць адзін аднаго, адновім эўхарыстычнае адзінства, але Замежная Царква будзе кіравацца самастойна. Інакш кажучы, яна хоча пайсьці па шляху Амэрыканскай Мітраполіі, якая ў 1970 годзе атрымала ад Масквы аўтакефалію”.
Ігумен Інакенцій Паўлаў прыгадаў, што ў 70-я гады ў Маскве цыркулявала рукапіснае пасланьне Першагіерарха Замежнай Царквы Мітрапаліта Філарэта тагачаснаму Мітрапаліту Амэрыканскаму і Канадыйскаму Ірынею. У лісьце гаварылася: “Вы атрымалі ад Масквы аўтакефалію, і гэта для вас бочка мёду. Аднак не забывайцеся, што на дне гэтай бочкі здохлы пацук”. Дык вось такога здохлага пацука цяпер можа атрымаць і Замежная Царква – лічыць ігумен Інакенты. Ён лічыць, што Замежная Царква цалкам кананічная і самастойная на аснове рашэньняў патрыярха Ціхана, Сьвяшчэннага Сыноду і вышэйшай Царкоўнай Рады ад 20 лістапада 1920 году. З другога боку, Замежная Царква баіцца, што яна памірае, таму ёй трэба аб’яднацца, каб праіснаваць, выжыць. Аднак яна бачыць, што небясьпека такога аб’яднаньня нашмат большая, чым у выпадку, калі будзе ўтрымлівацца статус-кво.
Што тычыцца прэтэнзіяў з боку Замежнай Царквы да Маскоўскага Патрыярхату, дык іхны сьпіс даволі абшырны. Аднак усё зводзіцца да таго, што гэта некананічная Царква, якая апаганіла сябе капітулянцтвам перад бязбожнымі ўладамі, якая цесна супрацоўнічала з ворагамі Царквы, лісьлівіла перад імі, усхваляла іх тады, калі бальшавікі растрэльвалі духавенства і разбуралі храмы. Маскоўскі Патрыярхат зьяўляецца спадкаемцам і прадаўжальнікам “сергіянства”, удзельнічае ў непрымальным для “замежнікаў” экумэнічным руху. Вось таму шмат каго моцна зьдзівіла, што з гэтай жа царквою “замежнікі” хочуць прымірыцца, а ў часе візыту ў Маскву Архіяпіскап Марк папрасіў ў гіерархаў гэтай царквы прабачэньня за ўсе рэзкія выказваньні на адрас Царквы-Маці, якія накапіліся за ўсе 75 гадоў разьдзяленьня дзьвюх яе частак. Я папрасіў Архіяпіскапа Марка патлумачыць матывы такіх дзеяньняў.
(Архіяпіскап Марк: ) “Па-першае, я павінен сказаць, што я прынёс пакаяньне і прабачэньне ад свайго імя. Не ад імя нашай Царквы, бо на гэта я ня меў права. Справа ў тым, што я сам асабіста меў шмат непрыемнасьцяў з прадстаўнікамі Маскоўскай Патрыярхіі, і ў гэтых канфліктных сытуацыях рэагаваў імпульсіўна, ужываў словы, ад якіх выпадала б паўстрымацца, якіх нічым нельга апраўдаць. Што тычыцца асноўных прэтэнзіяў да РПЦ, дык яны ня зьніклі, яны існуюць надалей, але і ў гэтым наступіў станоўчы зрух. Напрыклад, што тычыцца "сергіянства", дык вельмі шмат і вельмі выразна на гэты конт было сказана Патрыярхам Аляксеем, а таксама ў "Сацыяльнай Дактрыне", прынятай Архірэйскім Саборам РПЦ у 2000 годзе. Там знайшліся фармулёўкі, якія могуць служыць асновай для далейшай працы. Што тычыцца другой важнай перашкоды – экумэнізму, дык шырокія колы Маскоўскай Патрыярхіі не жадаюць удзельнічаць ў гэтым руху, яны рашуча супраць экумэнізму, і мы спадзяемся, што ў будучыні мы зможам выпрацаваць агульны плян дзеяньня, агульную мову ў гэтых пытаньнях”.
Тут хачу дадаць, што Патрыярх Аляксей ІІ адмовіўся ад дэклярацыі Мітрапаліта Сергія ўжо ў лютым 1991 году. Партыярх Аляксей выказаў перакананьне, што “разам з падзеньнем камуністычнага рэжыму і ўстанаўленьнем рэлігійнай свабоды на нашай Радзіме ёсьць усе перадумовы для таго, каб пачаць шлях да аб’яднаньня”. На цяперашнім этапе перамоваў бакі выказалі жаданьне аднавіць эўхарыстычнае адзінства. Для праваслаўных, як, дарэчы, і для каталікоў, сумесная Эўхарыстыя – гэта бачны знак духоўнага адзінства. Патрыярх Аляксей заявіў, што гэтае пытаньне можа быць вырашанае ўжо праз год: сьвятары абедзьвюх цэркваў змогуць разам служыць, а вернікі – разам прычашчацца. Аднак ігумен Інакенты лічыць, што сумесная Эўхарыстыя – гэта яшчэ не ўсё.
(Паўлаў: ) “Сумесная Эўхарыстыя – гэта, зразумела, ужо добра, але сытуацыя для адміністрацыйнага аб’яднаньня яшчэ не дасьпела. У сваім артыкуле “Пастанова №362 і яе роля ў найноўшай расейскай царкоўнай гісторыі” я цытую вельмі важны дакумэнт: рэзалюцыю аўстралійскай епархіі. Там гаворыцца, што трэба стаць на грунт рашэньняў Памеснага Сабору 1917-18 гадоў. У гэтым асноўная праблема. Таму далейшае збліжэньне павінна азначаць вяртаньне да пастановаў Сабору: гэта значыць, каб былі нармальныя парафіі з парафіяльнымі сходамі і фіксаванай колькасьцю вернікаў, каб былі нармальныя епархіяльныя ўправы, каб япіскапаў абірала духавенства і вернікі. Толькі тады трэба склікаць новы Памесны Сабор, які прыме рашэньні на падставе Сабору 17-18 гадоў і тых праблемаў, перад якімі Царква стаіць у наш час”.
Дарэчы, 17 сьнежня ў горадзе Наяк, штат Нью-Ёрк, завяршыўся Архірэйскі Сабор РПЦЗ. “У нікога не выклікае сумневу неабходнасьць весьці дыялёг з прадстаўнікамі Маскоўскага Пратрыярхату, але Замежная Царква павінна захаваць адміністрацыйную незалежнасьць”, – гаворыцца ў адмысловай заяве ўдзельнікаў Сабору. Пры гэтым прадстаўнікі РПЦЗ выказаліся за “ўстанаўленьне нармальных царкоўных ўзаемаадносінаў паміж дзьвюма часткамі некалі адной Рускай царквы, разьвязаньне састарэлых непаразуменьняў і вырашэньне ўсіх праблемаў у міры і ў духу сапраўднай любові”.
Цяпер застаецца галоўнае пытаньне – як будуць ажыцьцяўляцца усе дэклярацыі абодвух бакоў. Мяркуецца, што гістарычнай падзеяй будзе візыт Першагіерарха РПЦЗ Мітрапаліта Лаўра ў Расею. Расейскія СМІ паведамляюць, што ў сэнсе пышнасьці і ўвагі з боку ўладаў візыт Мітрапаліта Лаўра пераўзыдзе ўсе іншыя візыты царкоўных гіерархаў. Спэцыяльна для Лаўра зьмененая дата і парадак Усясьветнага Расейскага Народнага Сабору. Заміж “Нацыянальнай Бясьпекі” мае абмяркоўвацца пытаньне “Шляхі расейскага замежжа”. Адмыслова ў сувязі з прыездам Мітрапаліта напісаная ікона “Цуд аздараўленьня прападобнага Серафіма Сароўскага”, на якой хлопец Прохар, будучы сьвяты, цалуе ікону Курскай Карэннай Божай Маці. Гэтая ікона, галоўная сьвятыня Зарубежнай Царквы, была вывезеная за мяжу ў гады грамадзянскай вайны. На новай іконе гэтую сьвятыню трымаюць два сьвятары: адзін у чырвонай, а другі ў белай рызе, што выразна сымбалізуе “Русь савецкую” і “Русь эмігранцкую”.
У першай палове студзеня 2004 году ў Маскву мае прыбыць Першагіерарх РПЦЗ Мітрапліт Лаўр, які зьбіраецца падпісаць з Патрыярхам дэклярацыю аб асновах адзінства. Першапачаткова гаварылася, што Візыт Мітрапаліта Лаўра і падпісаньне дэклярацыі адбудзецца 8 студзеня, на другі дзень Калядаў, аднак Архіяпіскап Марк паведаміў іншае:
(Архіяпіскап Марк: ) “Гэты візыт нашага Першагіерарха прызначаны на пэрыяд Вялікага Посту. Адносна канкрэтнай даты мы яшчэ не дамовіліся, але зробім гэта ў найбліжэйшы час. Хачу адзначыць, што мы стварылі камісію для дыялёгу з такой жа камісіяй, створанай Маскоўскай Патрыярхіяй. Гэтыя камісіі будуць весьці асноўную работу ў тых спрэчных пытаньнях, якія надалей існуюць. У пасланьні Архірэйскага Сабору РПЦЗ выразна сказана, што эўхарыстычнае адзінства можа быць толькі канчатковым вынікам таго працэсу перамоваў, які, як мы спадзяемся, неўзабаве пачнецца. А самы значны зрух – г эта само ўсьведамленьне, што мы патрабуем выясьніць шэраг пытаньняў і працягваць дыялёг".
Такім чынам, канкрэтныя формы і дата ўзьяднаньня пакуль невядомыя. Магчыма, болей стане вядома пасьля візыту Мітрапаліта Лаўра ў Расею і пасьля Архірэйскага Сабору РПЦ у кастрычніку 2004 году. У кожным разе, адно не падлягае сумневу. У канцы 2003 году, упершыню за 75 гадоў, афіцыйна сустрэліся прадстаўнікі дзьвюх частак Рускай Праваслаўнай Царквы і заявілі аб аднаўленьні дыялёгу.