Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як царква ставіцца да гомасэксуалізму і аднаполых сужэнстваў?


Кастусь Бандарук, Менск

У чацьвер 31 ліпеня ватыканская Кангрэгацыя навукі і веры апублікавала папскі дакумэнт пад назвай “Увагі, датычныя праектаў легалізацыі аднаполых сужэнстваў”, у якім паўтарыла свой рашучы пратэст супраць легалізацыі аднаполых сужэнстваў. 4 жніўня Англіканская царква ў ЗША абрала епіскапам гомасэксуаліста і пагадзілася даваць шлюбы гомасэксуальным парам. Гэтыя дзьве розныя падзеі выклікалі ажыўленую дыскусію ў царкоўных і сьвецкіх колах па ўсім сьвеце. Стаўленьню Царквы да гомасэксуалізму і аднаполых сужэнстваў, прысьвечаны выпуск перадачы “Сымбаль Веры”.

Дакумэнт Кангрэгацыі навукі і веры, як падкрэсьліваюць самі аўтары, не прыносіць нічога новага. У ім паўтараецца нязьменная пазыцыя Ватыкану ў пытаньні сям’і, сужэнства і гомасэксуалізму. Затое важнае іншае. Ватыкан апублікаваў дакумэнт у часе, калі ў шэрагу краінаў вядуцца ажыўленыя дэбаты ў справе легалізацыі аднаполых сужэнстваў. У ватыканскім дакумэнце адзначаецца, што “легалізацыя аднаполых саюзаў прынесла б шкоду фундамэнтальным нормам маралі і прывяла б да дэвальвацыі сужэнства”. “Гомасэксуальныя сужэнствы супярэчаць Бібліі, і яны шкодныя для грамадзтва. Нельга ставіць знак роўнасьці паміж імі і Божым плянам, датычным сужэнства і сям’і. Сужэнства сьвятое, яно накіраванае на размнажэньне і працяг чалавечага роду, тады як гомасэксуальныя акты пярэчаць натуральнаму і маральнаму праву”.

Я зьвярнуўся да прафэсара дагматыкі Люцыяна Бальтэра з Каталіцкага Ўнівэрсытэту імя Кардынала Вышынскага ў Польшчы з пытаньнем, як ён ацэньвае гэты дакумэнт, і чым Ватыкан тлумачыць сваю бескампрамісную пазыцыю.

(Бальтэр: ) “Для мяне гэта было відавочна, і я рады, што такі дакумэнт нарэшце зьявіўся. Сьвяты Апостал Павал у сваіх Лістах моцна падкрэсьлівае, што гомасэксуалізм – гэта злачынства, грэх, які не падлягае дараваньню. Такіх людзей трэба адлучаць ад Царквы, накладаць на іх анафэму. Аднак заходнія тэолягі паступова зьмякчылі раньнехрысьціянскі прынцып, хаця Апостал ясна рэкамэндаваў строга асуджаць некаторыя грахі, якія ня маюць права быць сярод хрысьціянаў. Але ж і Хрыстос выразна сказаў: “Хай слова вашае будзе: так – так, не – не, а што звыш гэтага – ад д’ябла”. Трэба гаварыць праўду, аднак гэтую праўду прыхоўвалі. Я лічу, што такі дакумэнт павінен быў зьявіцца нашмат раней, што гомасэксуальныя сужэнствы недапушчальныя, што гэта пярэчыць натуральнаму праву, Божай Волі, супярэчыць Божаму праву і праву царкоўнаму”.

Лічыць прафэсар Бальтэр. Царква спасылаецца на Сьвятое Пісаньне, у якім некалькі разоў гомасэксуалізм называецца цяжкім грахом. “Не кладзіся з мужчынам, як з жанчынай. Гэта мярзота” (Лявіт.18,22) “Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынай, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддадзеныя сьмерці, і кроў іхная на іх” (Ляв. 20,13). Пра горад Садом зь 19-га разьдзелу Кнігі Быцьця, які быў зьнішчаны з прычыны разбэшчанасьці яго жыхароў, апостал Павал пісаў: “Хіба ня ведаеце, што... мужаложцы Царства Божага не спадкуюць?”( 1Кар. 6,9) “Таму аддаў іх Бог ганебным пажадам: жанчыны іхныя замянілі прыроднае паяднаньне на супрацьпрыроднае. Гэтаксама і мужчыны, занядбаўшы прыроднае паяднаньне з жаночым полам, распальваліся пахацімствам сваім адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах чынілі сорам, і атрымлівалі самі ў сабе расплату за сваю аблуду” (Рым.1, 26-27).

Як і ў дачыненьні да іншых грэшнікаў, гэтак і да гомасэксуалістаў Бог заклікае да раскаяньня і зьмены спосабу жыцьця: “Закон пакладзены ня праведніку, а беззаконным і непакорлівым, бязбожным і грэшным, распусным і апагананеным, паглумнікам бацькі і маці, душагубам, блудадзеям і мужаложцам... згодна са слаўным Дабравесьцем дабрашчаснага Бога” (1 Цім. 1, 9-11).

Для гомасэксуалістаў таксама ёсьць надзея: “Вас апанавала спакуса, якая не вышэй за чалавечыя сілы. І верны Бог, Які не дапусьціць спакусы звыш сілы, але пры спакушэньні дасьць і палёгку, каб вы маглі ператрываць” (1 Кар. 10,13).

У 18 разьдзеле 1 Кнігі Царстваў гаворыцца пра гарачую любоў Давіда да сына цара Саўла – Янатана. Іхныя сустрэчы ў бязьлюдных месцах маюць усе прыкметы гомасэксуальнай любові. Калі Янатан быў забіты, Давід плакаў і казаў: “Ты быў вельмі дарагі мне: любоў твая была мне вышэйшай за любоў жаночую”(2 Цар. 1, 26).

А вось як паставіўся да згаданага ватыканскага дакумэнту міжнародны сакратар Беларускай лігі сэксуальнага роўнапраўя “Лямбда” – Сяргей Тартачоў.

(Тартачоў: ) “Я лічу, што ўвогуле мэта Ватыкану – захаваць статус-кво, захаваць за кансэрватыўнымі гіерархамі іхныя пасады і ўплывы ў Царкве, а таксама закрыць шлях да гэтых пасадаў тым гіерархам і дзеячам, якія выступаюць за рэформы ў Царкве. Па-другое, Царква ўвесь час умешваецца ў сацыяльныя і палітычныя сфэры жыцьця. Удзел у жыцьці грамадзтва Царква прымае, і гэтак павінна быць, але асноўная задача любой хрысьціянскай канфэсіі, у адпаведнасьці з вучэньнем Хрыста, служыць міру, стабільнасьці і талерантнасьці ў грамадзтве, каб людзі паважалі адзін аднаго. Тымчасам такая заява Ватыкану аніяк ня будзе спрыяць ні сацыяльнай, ні палітычнай стабільнасьці ў Эўропе”.

Пункт погляду Сяргея Тартачова падзяляюць ня толькі арганізацыі геяў і лесьбіянак, але і некаторыя левыя палітыкі ў Эўропе. “Гэта сумны дакумэнт, які сьведчыць аб разумовай абмежаванасьці і фанатызьме”, – заявіў прадстаўнік нямецкай Партыі зялёных Фолькер Бэк. “Царква мае права выказваць свой пункт погляду, але ня можа ўплываць на палітычнае жыцьцё сьвецкай дзяржавы”, – дадаў сацыял-дэмакрат у італьянскім парлямэнце Лючано Вёлянтэ. Інакш кажучы, калі Царква супраць аднаполых сужэнстваў, дык хай не дае ім царкоўнага шлюбу, але хай і не забараняе браць ім грамадзянскі шлюб, які дае правы ў сфэры сацыяльнай апекі, падаткаў і спадкаемства. Ці ж кіруючыся практычнымі меркаваньнямі, а таксама хрысьціянскім спачуваньнем, не выпадала б талераваць такія пары? Гаворыцть прафэсар Бальтэр:

(Бальтэр: ) “Трэба іх разбураць! Такога ня можа быць! Можна спачуваць людзям, але ня барбарству. Яны разбэшчваюць грамадзтва. Па-дурному апранаюццца і робяць зь сябе блазнаў. У іхным асяродзьдзі поўна злачынстваў. Не даваць ім царкоўнага шлюбу – гэта мала. Калі Апостал кажа, што для астатніх вернікаў, хай такія будуць “бы паганец і мытнік”, то значыць, што мы далёка адышлі ад Эвангельля і вучэньня апосталаў. Я ня маю ніякага спачуваньня да гомасэксуалістаў. Гэтых хворых і распусьнікаў трэба лячыць. Грэх трэба называць грахом. Гэта дэгенэраты. Маё стаўленьне да іх вельмі крытычнае. Я рад, што зьявіўся такі дакумэнт. Ён трошкі задалікатны, я разумею чаму, але ў дадзеным выпадку ня можа быць аніякага сумневу”.

Гэтак лічыць прафэсар каталіцкай дагматыкі Люцыян Бальтэр.

Не зважаючы на пазыцыю Ватыкану, гомасэксуалістам пачалі даваць нават царкоўныя шлюбы эвангельскія цэрквы ў Даніі, Швэцыі і Нямеччыне, а таксама адна з англіканскіх япархіяў у Канадзе. У ЗША гомасэксуальныя сужэнствы прызнае Аб’яднаная Царква Хрыста, а таксама частка баптыстаў. Шырокі розгалас атрымала ў ЗША абраньне епіскапам Нью-Гэмпшыру 56-гадовага Кэнана Джына Робінсона. Ён праслужыў у англіканскай царкве 30 гадоў, займаўся працай з моладзьдзю, барацьбой са СНІДам і дапамогай бедным. Бацька дзьвюх дачок, Робінсан пакінуў сваю жонку, калі ўсьведаміў, што ён гомасэксуаліст. Пасьля гэтага ён у згодзе разьвітаўся з жонкай і прызнаў, што “ён быў узнагароджаны любоўю надзвычайнага партнэра, зь якім жыве ўжо цягам 13 гадоў”. Робінсан быў абраны епіскапам пераважнай большасьцю галасоў духавенства і сьвецкіх, а на цырымонію ягонага абраньня прыйшла былая жонка і цяперашні “партнэр” Марк Эндру.

Выпадак Робінсана выклікаў ажыўленую дыскусію наконт дапушчальнасьці аднаполых сужэнстваў і месца гомасэксуалістаў у Царкве. Уключыўся ў яе і сам прэзыдэнт Джордж Буш, які заявіў, што сапраўднае сужэнства можа быць толькі паміж мужчынам і жанчынай. Аднак пры гэтым ён дадаў, што ўсе людзі грэшныя і трэба паважаць кожнага чалавека. З удзячнасьцю ўспрынялі заяву прэзыдэнта хрысьціянскія цэрквы ЗША. Кіраўнік Хрысьціянскай кааліцыі Рабэрта Комбс лічыць, што Буш паступіў вельмі слушна, гэтак рашуча выказваючыся ў гэтай справе. А што думаюць пра гэта самі прадстаўнікі сэксульных меншасьцяў. Спадар Тартачоў гаворыць.

(Тартачоў: ) “Мне здаецца, што аднолькавыя грамадзянскія правы павінны быць гарантаваныя і меншасьцям. Цяперашні эўрапейскі курс – гэта менавіта курс на роўнапраўе, на ўзаемазразуменьне і талерантнасьць. Гэта ўжо атрымалася амаль ва ўсіх эўрапейскіх краінах і павінна атрымацца і ў астатніх, нягледзячы на падобныя заявы каталіцкай царквы. Дарэчы, увогуле, дзякуючы такім заявам, Царква губляе свой аўтарытэт ў Эўропе”.

Дзеля ўдакладненьня, да сказанага Сяргеям Тартачовым дадам, што пакуль карысныя для гомасэксуалістаў законы прынялі толькі некаторыя краіны: Францыя, Бэльгія, Нямеччына, а таксама Канада.

Вяртаючыся да згаданага дакумэнту, дык найбольш катэгарычна Ватыкан паставіўся ў ім да пытаньня ўсынаўленьня і выхаваньня дзяцей гомасэксуальнымі парамі. “Як паказвае досьвед, адсутнасьць полавай двухпалярнасьці перашкаджае ў нармальным разьвіцьці дзяцей, улучаных у такія саюзы. Гомасэксуальныя пары ня маюць мацярынскага, ні бацькоўскага вопыту. Усынаўленьне імі дзяцей азначае гвалт над гэтымі дзяцьмі ў тым сэнсе, што слабыя і безабаронныя істоты ўваходзяць у асяродзьдзе, якое не спрыяе іхнаму чалавечаму разьвіцьцю”, – гаворыцца ў дакумэнце. Ватыкан нагадвае, што гэта пярэчыць таксама ААНаўскай Канвэнцыі аб правох дзяцей.

(Бандарук: ) “Спадар Тартачоў, ці сапраўды гомасэксуалісты не павінны выхоўваць дзяцей?”

(Тартачоў: ) “Я лічу, што права на выхаваньне дзяцей аднаполымі мужчынскімі і лесьбійскімі парамі – гэта неад’емны элемэнт эўрапейскага працэсу роўнапраўя. Адсутнасьць гэтага права выклікае ў гомасэксуалістаў вялікі псыхалягічны і сацыяльны дыскамфорт і вядзе да напружанасьці ў грамадзтве. Наконт мацярынскага і бацькоўскага досьведу я хачу сказаць, што інстынкт і ўнутраная патрэба мець сваіх дзяцей і выхоўваць іх – гэта адзін з фундамэнтальных інстынктаў чалавечай прыроды. Таму нельга казаць, што з прычыны адсутнасьці гэтага досьведу аднаполыя пары ня могуць быць добрымі бацькамі”.

Гаварыў Сяргей Тартачоў, сакратар Беларускай лігі сэксуальнага роўнапраўя “Лямбда”.

Такім чынам, Ватыкан чарговы раз заявіў аб сваёй пазыцыі, якую падтрымліваюць таксама іншыя цэрквы, у прыватнасьці Праваслаўная царква. “Не выключаем гомасэксуалістаў з царквы, але не ўхваляем гомасэксуальнае практыкі. Хто выступае за аднолькавыя правы ў царкве для гомасэксуалістаў, лепш хай пакіне Царкву”. У адказ на ватыканскі дакумэнт арганізацыя амэрыканскіх геяў і лесьбіянак-каталікоў Dignity, якая ад 1969 году змагаецца за роўнапраўнае месца ў царкве для сваіх сябраў, заявіла: “Як каталікі, мы нагадваем нашай царкве асноўны прынцып нашай веры: Бог – любоў. Любоў, якая прывяла і зьвязала двух людзей аднаго або рознага полу, мае Боскую крыніцу. Яна сакрамэнтальная ў сваёй прыродзе, і ў адпаведнасьці з гэтым, павінна быць ушанаваная Царквою”.

Многія тэолягі перакананыя, што лібэралізацыя царкоўных правілаў непазьбежная і ўсьлед за англіканскай царквою, раней ці пазьней, пойдуць і іншыя цэрквы.
XS
SM
MD
LG