Працягваецца дыскусія ў справе будучай эўрапейскай Канстытуцыі, наконт прызнаньня ў ёй хрысьціянскай спадчыны, а таксама месца рэлігіі ў новай Эўропе. Насуперак цьверджаньню, што “Эўразьвяз заканчваецца там, дзе пачынаецца Праваслаўе”, да дыскусіі аб эўраінтэграцыі падключыліся і праваслаўныя краіны, такія як Беларусь, Расея і Ўкраіна. “Рэлігійныя аспэкты эўраінтэграцыі” – тэма чарговага выпуску перадачы “Сымбаль Веры”, якую падрыхтаваў Кастусь Бандарук.
(Бандарук: ) “28 чэрвеня сёлета Папа Ян Павал ІІ падпісаў у Ватыкане свой найноўшы дакумэнт, адгартацыю “Ecclesia in Europa” (Царква ў Эўропе). У ім падкрэсьліваецца, што “Эўропа патрабуе ўсьведамленьня сваёй духоўнай спадчыны. Царква можа Эўропе прапанаваць найвышэйшую каштоўнасьць, якой ня можа даць ніхто іншы: веру ў Ісуса Хрыста, крыніцу надзеі, якая не падводзіць. Цягам стагодзьдзяў Эўропа была прасякнутая хрысьціянствам. Царква сфармавала духоўнае аблічча Эўропы дзякуючы намаганьням вялікіх місіянэраў, сьведчаньню сьвятых і пакутнікаў, настойлівай працы манахаў і сьвятароў. Зь біблейскай канцэпцыі чалавека ўзяла тое, што найлепшае ў ейнай гуманістычнай канцэпцыі, чэрпала натхненьне для інтэлектуальнай і мастацкай працы, выпрацавала юрыдычныя нормы і абараняла годнасьць асобы, крыніцу неад’емных правоў. Хрысьціянскія карані зьяўляюцца гарантыяй ейнай будучыні”, – напісаў Ян Павал ІІ. Зыходзячы з гэтага, Папа заклікаў рэдактараў эўрапейскай Канстытуцыі, каб у прэамбуле да яе знайшлася згадка пра рэлігійныя карані і хрысьціянскую спадчыну Эўропы.
Наколькі і чаму такая згадка важная? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да маіх сёньняшніх суразмоўцаў. Найперш думка філёзафа Віктара Еленскага, навуковага супрацоўніка Інстытуту філязофіі Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны і галоўнага рэдактара журналу “Людына і світ”.
(Еленскі: ) “Я лічу, што прэамбула Канстытуцыі, яна як бы фармуе ўспрыняцьце гэтага дакумэнту і нясе ў сабе хутчэй глыбока сымбалічны, чым юрыдычны сэнс. Таму згадка пра хрысьціянскую спадчыну Эўропы важная зь некалькіх прычынаў. Перш за ўсё, было б несправядліва пакідаць правал паміж грэка-раманскай культурай і пачаткам эпохі Асьветніцтва, паміж 4-м і 18-м стагодзьдзямі, на працягу якіх уплыў хрысьціянства на культуру, на сьветаадчуваньне эўрапейцаў быў вырашальным. Па другое, я не лічу, што гуманістычныя прынцыпы пярэчаць хрысьціянству, што хрысьціянства пярэчыць правам чалавека толькі таму, што некаторыя царкоўныя гіерархі і дзеячы ў сярэднявеччы не былі ў авангардзе барацьбы за гэтыя правы. Хрысьціянства разумее правы чалавека зыходзячы з таго, што калі чалавек надзелены правамі ад Бога, дык яны неад’емныя. Яны не залежаць ні ад караля, ні ад народу. Я не лічу, што згадка пра хрысьціянскія каштоўнасьці пярэчыць сучаснаму разуменьню правоў чалавека, свабодаў, аўтаноміі асобы. Аб’яднаная Эўропа ня можа асноўвацца толькі на эканамічным падмурку. Гэтага недастаткова для аб’яднаньня розных народаў з рознай культурай і гісторыяй. Тое, што іх аб’ядноўвае – гэты іхны сьветапогляд і іхнае мінулае, уяўленьне пра тое, што ёсьць нешта вышэйшае за эканамічныя і палітычныя інтарэсы, і гэта тое, з чым трэба параўноўваць і супастаўляць свае пачуцьці і крокі ды палітыку. Вера ў сацыяльна-эканамічны прагрэс вычарпала сябе ў 20-м стагодзьдзі”.
(Бандарук) “Гэта быў Віктар Еленскі з Кіеву. Аўтары праекту эўрапейскай Канстытуцыі ставяць націск на фармулёўку “Эўропа - агульны дом”. На іхную думку, Эўропа ўжо даўно перастала быць хрысьціянскай: адсотак вернікаў ў ёй – нязначны, затое колькасьць легальных імігрантаў, у асноўным не-хрысьціянаў, у некаторых краінах дасягае 10%. Ёсьць таксама атэісты, прыхільнікі іншых рэлігіяў, а таксама ўсё большая колькасьць людзей, якія абыякава ставяцца да любой рэлігіі. Для аўтараў цалкам сьвецкай Канстытуцыі галоўныя тры ідэі: эканамічная інтэграцыя, дэмакратыя і абарона правоў ды свабодаў чалавека. Гэта азначае, што трэба найперш пераадолець ўсялякую агрэсію, накіраваную супраць чужынцаў, іншаверцаў, іншадумцаў, выкліканую ўзаемным недаверам і варожасьцю культураў, нацыянальнасьцяў, клясаў і рэлігіяў. Дык ці ўсё ж павінна быць згадка пра хрысьціянскую спадчыну Эўропы? Спадар Юрка Хмялеўскі”.
(Хмялеўскі: ) “Добра, каб такая згадка была, але трэба прызнаць, што калі сапраўды чалавек верыць у Бога, то і бяз гэтага будзе верыць. Спрэчка вакол эўрапейскай Канстытуцыі, па-мойму, ня надта важная. Важнейшае тое, як людзі насамрэч думаюць. Вядома, што сытуацыя з рэлігіяй ў Эўразьвязе не найлепшая. Мы езьдзім, падарожнічаем па сьвеце, і я асабіста, калі сустракаюся са сваімі сябрамі ў Парыжы ці ў Нямеччыне, дык яны кажуць, што ўжо ня бачна ў Эўропе ранейшай набожнасьці. У нядзелю заміж у царкву людзі ідуць у супэрмаркеты. Я думаю, што запіс у Канстытуцыі ў гэтым сэнсе нічога ня зьменіць, хаця як праваслаўны, як чалавек, які верыць у Бога, я хацеў бы, каб ён быў. З другога боку, мы павінны быць болей талерантнымі, бо ў Эўропе жывуць ня толькі хрысьціяне, але, для прыкладу, мусульмане. Таму, пошукі такой формулы, якая б нікога не абражала, а асабіста разумею”.
(Бандарук) “Як ужо згадвалася, прыхільнікі цалкам сьвецкай Канстытуцыі таксама маюць свае аргумэнты. Паводле іх, дэмакратычныя каштоўнасьці характэрызуе большая ўнівэрсальнасьць, чым хрысьціянскія. Маўляў, Царква не аднойчы ня толькі не абараняла, але і выступала супраць прынцыпу “свабоды, роўнасьці і братэрства”. Царква мае свае заслугі, але яна не аднойчы зьнішчала іншадумцаў. Вось таму прыхільнікі сьвецкага характару эўрапейскай Канстытуцыі ў 51 разьдзеле гарантуюць павагу да статусу цэркваў і рэлігійных арганізацыяў ў аб’яднанай Эўропе, але пры гэтым баяцца, каб Царква ізноў ня мела прывілеяванага становішча, не накідала ўсім эўрапейцам свой пункт погляду. Наколькі гэтая аргумэнтацыя апраўданая? Спадар Віктар Еленскі”.
(Еленскі: ) “Гэтыя боязі зразумелыя. Некаторыя гіерархі настойваюць на згадку пра хрысьціянскае мінулае Эўропы ў сваіх мэтах. Некаторыя зь іх імкнуца да таго, каб здабыць плацдарм, адкуль можна будзе весьці вайну супраць аднаполых сужэнстваў, абортаў, за больш строгія законы ў справе разводаў, і гэтак далей. Іншыя хочуць, каб эўрапейская Канстытуцыя не парушыла іхнюю манаполію ў сваіх краінах, каб яны заставаліся ў асаблівых адносінах са сваімі ўрадамі. Але, згадка пра хрысьціянскую спадчыну ніяк не азначае эксклюзыўнасьці нейкай адной хрысьціянскай традыцыі, або яе манаполіі ў нейкай краіне”.
(Бандарук: ) “Варта адзначыць, што пазыцыю Ватыкану ў пытаньні эўрапейскай Канстытуцыі падзяляе і Праваслаўная Царква. Увесну сёлета на высьпе Крыт адбылася спэцыяльная канфэрэнцыя. Япіскапы з 10 аўтакефальных цэркваў таксама выказаліся за тое, каб ў эўрапейскай Канстытуцыі была выразная згадка пра хрысьціянскую спадчыну Эўропы, каб у ёй была гарантаваная рэлігійная свабода ня толькі як права чалавека, але і як права традыцыйных цэркваў і рэлігіяў”. Цікава, што гэтае пытаньне хвалюе праваслаўных гіерархаў ў Беларусі, Расеі і ўва Ўкраіне, гэта значыць, у тых краінах, якіх не далучаюцца да Эўразьвязу. Дарэчы, адзін з эўрапейскіх чыноўнікаў выразна заявіў, што “Эўропа заканчваецца там, дзе пачынаецца Праваслаўе”. У такой сытуацыі, чым патлумачыць гэтае зацікаўленьне характарам арганізацыі, да якой не належым... Спадар Еленскі”.
(Еленскі: ) “Я думаю, што гэтае пытаньне для краінаў праваслаўнай культуры, якіх не запрашаюць у Эўразьвяз, ня менш важнае таму, што праблема хрысьціянскіх каранёў Эўропы ўздымае і пытаньне межаў Эўропы, а таксама эўрапейскай ідэнтычнасьці. Такая пастаноўка пытаньня, нібыта “Эўропа канчаецца там, дзе пачынаецца Праваслаўе”, вельмі некарэктная. Я наагул не лічу, што бізантыйская традыцыя выключае некаторыя краіны з аб’яднанай Эўропы. Акрамя таго, калі прасачыць за дыскусіяй ў справе эўрапейскай інтэграцыі і эўрапейскіх каранёў ў гэтых краінах: Беларусі, Расеі і ўва Ўкраіне, то нават сярод найбольш ярых праціўнікаў інтэграцыі ня чутна ўсхваленьня найбольш абскуранцкіх, антыэўрапейскіх старонак гісторыі. Ідэолягі і інтэлектуалы ня згадваюць, што ў іхных краінах прыгоннае права праіснавала да 19-га стагодзьдзя, затое ахвоча гавораць пра Ноўгарадзкую Рэспубліку і Філіпа Орліка, які быў аўтарам першай ў Эўропе Канстытуцыі. Яны згадваюць пра тыя старонкі гісторыі, што сугучныя з каштоўнасьцямі, якія экспануе новая Эўропа. Таму ўключэньне згадкі пра хрысьціянства як бы інтэгруе ўвесь кантынэнт у адно цэлае, бо з падмурку аб’яднанай Эўропы нельга выкінуць ня толькі гуманістычныя, каталіцкія і пратэстанцкія, але і праваслаўныя камяні”.
(Бандарук: ) “Трэба прызнаць, што Эўразьвяз моцна падкрэсьлівае і гарантуе правы меншасьцяў, у тым ліку рэлігійных. Тым часам у Беларусі і Расеі вельмі неэўрапейскія законы аб свабодзе веравызнаньняў. З такімі законамі хіба не выпадае нават думаць пра Эўразьвяз... Спадар Хмялеўскі”.
(Хмялеўскі: ) “Цяжка сказаць. Калі ўлічыць сёньняшнюю палітычную сытуацыю ў сьвеце, дык яшчэ даўжэйшы час, 10-20 гадоў, ні Беларусь, ні Расею, ні Ўкраіну Эўразьвяз ня прыме, хаця і былі такія заявы, у прыватнасьці, прэм’ера Італіі Бэрлюсконі. Ён лічыць, што Эўразьвяз павінен прыняць і гэтыя краіны. Наш Мітрапаліт Сава год таму падчас сустрэчы з прэм’ерам Мілерам гаварыў, што Эўразьвяз без Праваслаўя – гэта ня тое. Праваслаўе ў Эўропе ёсьць і павінна быць”.
(Бандарук: ) “Гэтак лічыць Юрка Хмялеўскі зь Беластоку. Эканамічная мэтазгоднасьць – гэта напэўна недастатковая падстава для эўрапейскай інтэграцыі. Ня менш важную ролю адыгрываюць іншыя, духоўныя, і рэлігійныя каштоўнасьці. Для такіх краінаў, як Беларусь, якія пакуль не ўваходзяць у аб’яднаную Эўропу, але могуць увайсьці, гэтае пытаньне месца рэлігіі і хрысьціянства ў ёй ня меней важнае. Толькі інтэграцыя, якая грунтуецца на агульных каштоўнасьцях, можа аб’яднаць Эўропу ва ўсёй паўнаце яе ідэнтычнасьці і закончыць падзел Старога Сьвету на лепшыя і горшыя нацыі”.