Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЖЫВЕЦЦА БЕЛАРУСКІМ ПРАТЭСТАНТАМ ПРЫ НОВЫМ ЗАКОНЕ “АБ СВАБОДЗЕ СУМЛЕНЬНЯ І РЭЛІГІЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ”?


Сяргей Абламейка, Прага

Паводле новай рэдакцыі закону, цягам двух гадоў ад часу яго прыняцьця, усе рэлігійныя суполкі мусяць прайсьці перарэгістрацыю Дзяржкамітэту. І вось яна ўжо ідзе. Ідуць, штопраўда, і нападкі на пратэстантаў. 21 чэрвеня тэлевядучы Яўген Новікаў у эфіры назваў пяцідзесятнікаў “сатанінскай нечысьцю”. І гэта нягледзячы на тое, што напярэдадні суд абавязаў яго прынесьці прабачэньні Саюзу хрысьціян веры эвангельскай і іх грамадзе ў Старых Дарогах.

Мы вырашылі зьвязацца з прадстаўнікамі пратэстанцкіх цэркваў Беларусі і пацікавіцца ў іх, як прайшлі першыя паўгода з моманту пачатку дзеяньня новага закону і пачатку перарэгістрацыі. Гаворыць епіскап баптыстаў Беларусі Мікалай Сінкавец.

(Сінкавец: ) "Саюз эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў занепакоены тым, што ўвядзеньне закону "Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях" неправамерна абмяжоўвае права грамадзянаў на свабоду сумленьня і веравызнаньня, а таксама замінае рэалізацыі права свабодна распаўсюджваць свае рэлігійныя пеаркананьні. Закон, які закліканы забясьпечыць і гарантаваць права кожнага на свабоду сумленьня і веравызнаньня, на практыцы аказаўся інструмэнтам, які дае права законна абмяжоўваць правы грамадзянаў. Ён дазваляе прымяняць яго нормы паводле ўласнага меркаваньня чыноўнікаў і прыналежнасьці рэлігійнай грамады ці арганізацыі да традыцыйнай або нетрадыцыйнай рэлігіі.

Апошнія два тыдні па шэрагу нашых цэркваў былі зробленыя так званыя праверкі з боку мясцовых уладаў. Падчас іх задаваліся розныя пытаньні, напрыклад, колькі дзяцей навучаецца ў нядзельнай школе, недзе патрабавалі сьпісы настаўнікаў нядзельных школак і іх атэстаты адукацыі. Пыталіся, ці ёсьць пісьмовыя заявы бацькоў на тое, каб дзіця навучалася ў нядзельнай школцы. Задаваліся і іншыя пытаньні. Усё гэта вельмі нас турбуе".

Сказаў епіскап баптыстаў Беларусі Мікалай Сінкавец. Як вы чулі, ён лічыць, што новы закон сур’ёзна парушае права грамадзянаў на свабоднае распаўсюджваньне сваіх перакананьняў. Ён таксама расказаў, якія праверкі праводзяцца ў баптысцкіх грамадах у апошнія тыдні.

Самаю вялікай пратэстанцкай царквой па колькасьці грамадаў у Беларусі зьяўляецца Саюз хрысьціян веры эвангельскай. Вернікаў гэтай царквы яшчэ называюць пяцідзесятніцкай. І вось менавіта на самую вялікую пратэстанцкую царкву накіраваны ў апошні час найбольшы парпагандысцкі ўдар такіх журналістаў як Ніна Яновіч ці Яўген Новікаў. Мы запрасілі да ўдзелу ў перадачы пастара адной зь менскіх пяцідзесятніцкіх грамадаў Леаніда Бірука.

(Бірук: ) "Ну, па-першае, хачу сказаць, што для нас галоўнае зараз - гэта перарэгістрацыя нашай царквы – Саюзу, абласных аб'яднаньняў. На сёньняшні дзень мы маем такую сытуацыю, што Саюз хрысьціянаў веры эывангельскай ужо парйшоў перарэгістрацыю пад нумарам 18, таксама абласныя аб'яднаньні ўжо рэгістрацыю прайшлі. Што ж датычыць нашых грамадаў на месцах, дык наколькі я ведаю (а я абапіраюся на афіцыйную інфармацыю нашага Саюзу), ніводная зь мясцовых грамадаў не зарэгістраваная. Прычыны розныя. Некаторыя яшчэ не падавалі дакумэнты на рэгістрацыю (у тым ліку і тая, дзе я зьяўляюся пастарам), некаторыя ўжо падалі і маюць праблемы, бо ня маюць юрыдычнага адрасу. Раней яны былі зарэгістраваныя па прыватных жылых памяшканьнях, цяпер гэта выклікае цяжкасьці. Некаторыя нават маюць свае будынкі, але ёсьць патрабаваньні мясцовых уладаў да будынкаў, і гэта таксама выклікае цяжкасьці. Так што ніводная пакуль рэгістрацыі не атрымала.

Ёсьць і іншыя праблемы. Напрыклад, штрафы, асабліва ў Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. За тое, што вернікі зьбіраюцца ў прыватных дамах па 10-15 чалавек для малітвы ці вывучэньня Бібліі. Праўда, некаторыя штрафы скасаваныя праз суд. Ёсьць адмовы ў правядзеньні воднага хрышчэньня. Напрыклад бабруйскай грамадзе, а гэта больш за 1000 вернікаў, адмовілі ў правядзеньні воднага хрышчэньня. Свайго баптыстэрыя яны ня маюць, таму даводзіцца купляць гумовы басэйн, і там яны будуць хрысьціць людзей. Але ў некаторых месцах такія дазволы на воднае хрышчэньне атрымалі. Ну і калі мы глядзім на гэтую сытуацыю, мы разумеем, што гэта з-за той дамовы, якая была падпісаная паміж дзяржавай і Праваслаўнай царквой”.

(Абламейка: ) "Дык ці можна зрабіць агульную выснову, што новая рэдакцыя закону ўскладніла і абмежавала вашую дзейнасьць?"

(Бірук: ) "Я думаю, так. Факты, якія я пералічыў, аб гэтым сьведчаць".

Пастар Леанід Бірук, як вы чулі, уважае, што новая рэдакцыя “Закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях” ускладніла дзейнасьць яго царквы. Шмат дзе вернікі не атрымліваюць дазволу на правядзеньне воднага хрышчэньня, плацяць штрафы за сходы ў прыватных кватэрах – нібыта вярнуліся камуністычныя часы.

Паводле новага закону, цягам двух гадоў ад часу яго прыняцьця, усе рэлігійныя суполкі павінны прайсьці перарэгістрацыю Дзяржкамітэту. У адпаведнасьці з дакумэнтам, гэта здолеюць зрабіць толькі тыя аб’яднаньні, дзе колькасьць сяброў ня меншая за 20 чалавек і якія існуюць на тэрыторыі Беларусі ня менш за 20 гадоў. Менавіта гэтыя ўмовы вернікі называлі недэмакратычнымі й дыскрымінацыйнымі.

Мы вырашылі зьвярнуцца і да афіцыйнага боку. Пра дзейнасьць закону за першае паўгодзьдзе гаворыць кіраўнік адзьдзелу ў справах рэлігіяў Дзяржаўнага камітэту рэлігіяў і нацыянальных меньшасьцяў пры Савеце міністраў Беларусі Аляксандар Калінаў.

(Калінаў:) “Тыя арганізацыі, якія былі зарэгістраваныя да ўступленьня ў сілу гэтага закону, будуць праходзіць перарэгістрацыю на ранейшых умовах, якія былі да новапрынятага закону. Гэта значыць, тыя рэлігійныя аб”яднаньні, якія маюць у сваім складзе менш за 20 чалавек, павінныя будуць толькі пацьвердзіць гэтую колькасьць. На гэтых умовах і будзе праходзіць перарэгістрацыя. Гэтак жа будуць праходзіць перарэгістрацыю тыя аб’яднаньні, якія былі зарэгістраваныя да прыняцьця новага закону й адна сярод гэтых суполак дзейнічае на тэрыторыі Беларусі менш 20 гадоў. Такім чынам перарэгістрацыя не зачэпіць інтарэсаў раней зарэгістраваных арганізацыяў. І цяперашняя перарэгістрацыя ня мае на мэце зьніжэньне юрыдычнага статусу альбо правоў рэлігійных абшчынаў. На сёньня ў Дзяржкамітэце ўсяго зарэгістравана 140, перарэгістравана 28 юрыдычных асобаў. Гэта Беларускі экзархат і 10 ягоных эпархіяў, Канфэрэнцыя каталіцкіх эпіскапаў і чатыры эпархіі, духоўныя навучальныя ўстановы рыма-каталіцкай царквы, Рэспубліканскае аб’яднаньне “Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай і шэсьць мясцовых аб’яднаньняў. Перарэгістраванае гэтаксама Рэспубліканскае юдэйскае рэлігійнае аб’яднаньне, а таксама Рэспубліканскае аб’яднаньне адвэнтыстаў 7-га дня. На сёньняшні дзень праводзіцца тлумачальная праца асноўных палажэньняў закона. Зрэшты, ніякіх, пакуль, заўвагаў, скаргаў, прапановаў з нагоды прымяненьня новага заканадаўства з боку рэлігійных аб’яднаньняў не паступала”.

Паведаміў Аляксандр Калінаў. Думаю, што слухачы яшчэ не забыліся пра скаргі, якія гучалі некалькі хвілінаў назад. Ня так даўно ўрад Беларусі падпісаў пагадненьне аб супрацоўніцтве зь Беларускім экзархатам расейскай праваслаўнай царквы, тым самым пазначыўшы прыярытэтнае становішча праваслаўнай канфэссі над шматлікімі іншымі. Пра тое, што гэтае пагадненьне ў пэўнай ступені ўжо нэгатыўна адбіваецца на пратэстантах, толькі што гаварыў пастар Леанід Бірук. Варта таксама зьвярнуць увагу на словы Аляксандра Калінава, што зарэгістраваныя раней грамады будуць праходзіць перарэгістрацыю на ранейшых умовах. Гэта варта падкрэсьліць і адзначыць.

Нядаўна ў дзяржаўных газэтах і на тэлебачаньні зьявіліся шэраг публікацыяў і перадачаў, у якіх вернікі неправаслаўных цэркваў, у прыватнасьці, пратэстанты называліся дэструктыўнымі сэктантамі й ахвярапрынашальнікамі. Аўтарамі гэткіх заяваў сталіся карэспандэнтка “Народнай газэты” Ніна Яновіч і тэлекамэнтатар Беларускага тэлебачаньня Яўген Новікаў. Мы просім Аляксандра Калінава адказаць, як гэтыя факты стасуюцца з нормамі новага закону, ці ня ёсьць яны дыскрымінацыяй вернікаў на дзяржаўным узроўні, а таксама дыскрыдытацыяй у вачах усяго насельніцтва краіны.

(Калінаў:) “Тое, што дзяржава супрацоўнічае з той ці іншай канфэсіяй – гэта права дзяржавы. Гэта цалкам прымальная для Беларусі, а таксама практыка, якая існуе ў Эўропе. Таму ў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у частцы свабоды сумленьня й рэлігійных арганізацыяў, паўтораны той эўрапейскі вопыт, які ўжо склаўся. І нават у тых краінах, якія толькі нядаўна адыйшлі ад таталітарнага рэжыму. Але правы й абавязкі ва ўсіх роўныя. Так, канечне, калі пытаньні датычаць, да прыкладу, Новікава – гэта ягоная грамадзянская пазыцыя. І ягоная ацэнка той альбо іншай канфэсіі датычыць менавіта яго. Гэта не пазыцыя дзяржаўных ворганаў альбо грамадзкіх арганізацыяў. Ну, а ацэнкі, канечне ж могуць быць самыя розныя. Але я думаю, што жыцьцё пакажа запатрабаванасьць гэтага закону, бо ў гэтым законе закладзеныямэханізмы супрацьстаяньня перадусім дэструктыўным, псэўдарэлігійным сэктам і таталітарным рэлігійным арганізацыям. Тых арганізацыяў, якія шкодзяць здароўю, псыхіцы людзей і перашкаджаюць ім выконваць іх грамадзкія й дзяржаўныя абавязкі.”

Заявіў Аляксандр Калінаў. Як вы чулі, выказваньні ў эфіры тэлевядучага Новікава прадстаўнік воргану, які разам з пракуратурай пакліканы дапільноўваць выкананьне законаў у рэлігійнай сфэры, лічыць асабістай справаў тэлевядучага. У гэтай сувязі варта нагадаць, што нядаўна зь Беларусі выслалі аднаго расейскага журналіста, выказваньні якога пры жаданьні таксама можна было б разглядаць усяго як асабістую пазыцыю.

Як стала вядома, днямі да адміністрацыйнай адказнасьці былі прыцягнутыя прадстаўнікі ня нейкай таталітарнай арганізацыі, а два вернікі – пяцідзесятнікі ў Маладэчне й Горадні за гутаркі з моладзьдзю на тэму веры. Паводле артыкулу 193 “Закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”, парушэньне палягае ў рэлігійнай дзейнасьці без афіцыйнай дзяржрэгістрацыі. Так што выказваньні Мікалая Сінкаўца і Леаніда Бірука аб націску на пратэстантаў атрымалі новыя пацьверджаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG