Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкі абрад Першага прычасьця: як ставяцца да яго іншыя канфэсіі?


Кастусь Бандарук, Прага

Многія нашыя слухачы былі ўдзельнікамі або сьведкамі ўзьнёслай рэлігійнай урачыстасьці – Першага прычасьця, або Першай камуніі. Гэта выключна каталіцкая традыцыя, зь якой ня згодныя іншыя хрысьціяне, найперш праваслаўныя. Праваслаўная царква прычашчае нават немаўлят. Яна лічыць Сьвятое прычасьце знакам адзінства з Хрыстом і прыналежнасьці да царквы, паводле яе, каталіцкія дзеці да сямі гадоў няслушна застаюцца па-за царквою.

Якое значэньне мае гэты рытуал, як ставяцца да яго іншыя канфэсіі? Ці прымальныя тыя сьвецкія, камэрцыйныя формы, якія набывае гэтая рэлігійная ўрачыстасьць?

(Кастусь Бандарук: ) “Хрысьціяне ўсіх канфэсіяў лічаць Сьвятое прычасьце, званае таксама Сьвятой камуніяй або Эўхарыстыяй, галоўным, побач з хростам, сакрамэнтам. Яго сутнасьцю зьяўляецца тое, што пад выглядам хлеба й віна (або толькі хлеба) вернікі прымаюць сапраўднае Цела і сапраўдную Кроў Хрыстовую.(Ян. 6, 51-55). Мэтай ўстанаўленьня Эўхарыстыі зьяўляецца памяць пра Збаўцу, Ягоныя Пакуты і Сьмерць. “Гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне” (Лук. 22, 19), – сказаў Хрыстос.

На гэтыя словы асаблівы акцэнт робяць пратэстанты, для якіх Прычасьце – гэта не сапраўднае Цела і Кроў Хрыстовыя, але ўсяго толькі сымбаль і напамін. Аднак для каталікоў і праваслаўных, Прычасьце – знак адзінства з Хрыстом і з Царквою, якая лічыцца Містычным Целам Хрыстовым. “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, ува Мне прабывае і Я ў ім”, – кажа Ісус. (Ян. 6, 56).

Праваслаўныя прымаюць Сьвятое прычасьце двух відаў, гэтак, як запаведваў Хрыстос. У каталікоў гэтак робяць толькі сьвятары, аднак вернікі прычашчаюцца толькі адным відам – хлеба ў выглядзе аплаткі. Аднак цікава, што ў Праваслаўнай Царкве Сьвятое прычасьце прымаюць усе, нават малыя дзеці. Для праваслаўных ня можа і быць інакш, бо Прычасьце – гэта знак прыналежнасьці да Царквы, а дзеці таксама належаць да яе. Аднак у каталікоў існуе паняцьце Першай камуніі. Яна адбываецца пераважна ў траўні, надзвычай урачыста, пасьля працяглай падрыхтоўкі, калі дзецям спаўняецца прыблізна сем гадоў.

Чым патлумачыць гэты спрэчны звычай? Які сэнс Першай камуніі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да прафэсара дагматыкі з Папскага тэалягічнага ўнівэрсытэту ў Кракаве Тадэвуша Лукашука.

(Тадэвуш Лукашук: ) “У Каталіцкай царкве ўкараніўся гэты звычай, паколькі Эўхарыстыя належыць да сакрамэнтаў хрысьціянскай ініцыяцыі, увядзенья ў той збаўчы плян, устаноўлены Ісусам Хрыстом. На гэтую ініцыяцыю складаюцца тры сакрамэнты: хрост, мірапамазаньне і прычасьце, але ў нашай Царкве гэты парадак крыху зьменены. Хрост адбываецца ў першыя дні жыцьця, камунія – недзе ў 7-8 гадоў, а мірапамазаньне – у юнацтве, у гады пэўнай інтэлектуальнай і духовай сьпеласьці. Такім чынам, Першая камунія – гэта далучэньне да паўнаты хрысьціянскага жыцьця, якое затым яшчэ ўмацоўваецца сьвятым мірапамазаньнем. Такі сэнс Першай камуніі”.

(Бандарук: ) “Ксёндз Анатоль Ярошка, пробашч парафіі сьв. Язэпа ў Менску, манах ордэну капуцынаў, падкрэсьліў значэньне належнай падрыхтоўкі да Першай камуніі”.

(Анатоль Ярошка: ) “Што тычыцца Першай камуніі ў касьцёле, то ўсе добра разумеюць, што гэта прыняцьце жывога, сапраўднага Ісуса Хрыста, толькі ў выглядзе Найсьвяцейшага Сакрамэнту. Па ўсім сьвеце, у Беларусі таксама, дзетак дбайна, і даўжэйшы час – цягам двух гадоў – рыхтуюць да гэтай найвялікшай падзеі ў хрысьціянскім жыцьці. За гэты час дапамагаюць дзецям спазнаць гісторыю збаўленьня, спазнаць Ісуса Хрыста, Ягоную Ахвяру, рыхтуюць да прыняцьця Сьвятой камуніі, і хочуць, каб гэта адбылося як мага болей сьвядома.

Калі ўжо наблізіцца гэты дзень, дык духавенства і бацькі намагаюцца зрабіць так, каб Першая камунія адбылася як мага болей прыгожа, урачыста, каб гэтая першая сустрэча з Ісусам Хрыстом запамятался дзіцяці надоўга”.

(Бандарук: ) “Як ужо згадвалася, пратэстанты самых розных адгалінаваньняў не надаюць Эўхарыстыі асаблівага значэньня. Для іх важнейшы Хрост, а затым канфірмацыя – пацьверджаньне рэлігійнай сьпеласьці. Аднак для праваслаўных прычасьце – гэта ня “сымбаль” і ня “памятка”, але рэальнае аб’яднаньне з Хрыстом, знак прыналежнасьці да Царквы, заклад несьмяротнасьці й жыцьця вечнага. Калі іншаверац сьведама прымае прычасьце ў Праваслаўнай царкве, ён лічыцца праваслаўным.

З другога боку, Праваслаўная царква перакананая, што пазбаўленьне прычасьця малых дзяцей – гэта яўнае парушэньне запавету Хрыста. Вось што сказаў на гэты конт а. Вячаслаў Логін з БАПЦ, настаяцель царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд-парку, Нью-Джэрзі”.

(Вячаслаў Логін: ) “Гэтае каталіцкае сьвята – Першае прычасьце, падобнае на праваслаўны абрад першай споведзі дзяцей ва ўзросьце сямі гадоў. Тады дзіця ўжо пачынае шмат разумець, самастойна думаць, робіцца больш адказным за свае дзеяньні, таму пачынае спавядацца. Праваслаўе з павагай ставіцца да традыцыяў іншых цэркваў, але Першае прычасьце ў каталіцтве непасрэдна тычыцца пытаньняў дагматыкі, правілаў веры.

Можна прасачыць, што кажа на гэты конт сам Ісус Хрыстос. “Хто есьць Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень”. У каталіцкай царкве дзеці прычашчаюцца толькі зь сямі гадоў, а ў Праваслаўі – дзеці ўсіх ўзростаў. На падставе словаў Хрыста каталіцкая царква ўсё-ж адхіляе дзяцей да сямі гадоў ад жыцьця вечнага. Пра прычасьце гаварылася таксама ў апостальскі час, і нідзе ня згадваецца пра тое, што малыя дзеці павінны быць пазбаўленыя прычасьця. У Дабравесьці гаворыцца, што калі дзяцей не пускалі да Хрыста, Той адказаў: “Не перашкаджайце дзецям прыходзіць да мяне”. Тут дакладана сказана, што дзеці павінны быць часткай Царквы, часткай Цела Хрыстовага”.

(Бандарук: ) “Калі з пытаньнем пра стаўленьне да Першага прычасьця ў каталікоў я зьвярнуўся да праваслаўнага сьвятара з Масквы, быў зьдзіўлены ягоным экумэнічным падыходам. Вось што сказаў а. Георгі Чысьцякоў, сьвятар маскоўскай парафіі сьв. Касьмея і Даміяна і дырэктар аддзелу рэлігійнай літаратуры ва Ўсерасейскай бібліятэцы замежнай літаратуры”.

(Георгі Чысьцякоў: ) “Вы ведаеце, каталіцкія сьвятары, якія бывалі ў мяне ў храме, у маёй парафіі, заўсёды былі ўражаныя тым, як прычашчаюцца малыя дзеці. Яны кажуць: “Як гэта цудоўна, калі немаўлятка падносяць да Чашы, як яно ўсьміхаецца, як радасна яму прымаць прычасьце”.

Але калі мне здарылася бываць на Першым прычасьці ў Францыі або ў Італіі, я таксама быў ўражаны тым, які гэта надзвычайны момант у жыцьці дзіцяці, калі яно, ужо сьведама, рыхтуецца да прычасьця, калі з бацькамі ці бабуляй самастойна чытае Эвангельле, калі яно вучыцца сьведама маліцца, калі яно перажывае той незабыўны пэрыяд асаблівага духоўнага ўздыму, які можна назваць абнаўленьнем хросных абяцаньняў.

Таму насамрэч і адно і другое – цудоўнае. І калі прычашчаюць немаўлятка, і абрад, традыцыя Першага прычасьця – ня менш цудоўныя. Я думаю, што заходняя і ўсходняя традыцыі не пярэчаць адна адной, але адна адну дапаўняюць”.

(Бандарук: ) “Ёсьць, аднак і яшчэ адзін аспэкт Першай камуніі, на які нельга не зьвярнуць увагу. Справа ў тым, што гэтая рэлігійная ўрачыстасьць неаднойчы зводзіцца да пышнага банкету з алькаголем і паказу дзіцячай моды. Сукенкі дзяўчынак і касьцюмы хлопцаў нагадваюць найноўшыя мадэлі шлюбных строяў. Як вынік, заміж рэлігійнай урачыстасьці Камунія ператвараецца ў дэманстрацыыю марнатраўства і славалюбства. Бацькі спаборнічаюць паміж сабою, чыё дзіця прыгажэй і даражэй апранутае, чыё атрымала больш каштоўныя падарункі.

Таму і цешацца толькі тыя, хто робіць здымкі й відэазапісы ўрачыстасьці, ювэліры, прадаўцы цацак, гадзіньнікаў, ровараў, мабільных тэлефонаў і кампутараў. Бяднейшыя бацькі нават запазычваюцца, каб не адставаць ад астатніх, але ўсё роўна іхныя дзеці адчуваюць сябе прыніжанымі на фоне багацейшых аднагодкаў. Кожны раз духавенства і прэса зьвяртаюць увагу на гэтае скрыўленьне самой ідэі Першай камуніі, але гэты “кірмаш пыхлівасьці” працягваецца. Я зьвярнуўся да прафэсара Лукашука з пытаньнем, як ён ставіцца да гэтай зьявы”.

(Лукашук: ) “Як мінімум – двухсэнсоўна, калі ня проста адмоўна. Калі той падарункавы элэмэнт дамінуе, дык я супраць гэтага. На жаль, зьмяніць нешта ў гэты пляне ня могуць нават біскупы, ня кажучы пра сьвятароў. Справа ў тым, што тое шчодрае і паказное абдароўваньне дзяцей з боку бацькоў, дзедаў і хросных бацькоў нагэтулькі ўкаранілася, што неаднойчы дзеці чакаюць Першай камуніі ня дзеля рэлігійнай сустрэчы з Хрыстом, у якога яны, зразумела вераць, але дзеля тых падарункаў, якіх ня могуць дачакацца і якімі ўжо загадзя хваляцца.

Некаторыя пробашчы спрабуюць змагацца з гэтай паказухай, уводзяць аднолькавую вопратку, каб не было гэтак, што некаторыя дзяўчынкі й хлопцы былі апранутыя, бы маладыя да шлюбу, і адрозьніваліся ад сваіх аднагодкаў зь бедных сем’яў. На жаль, усе гэтыя высілкі пераважна ня маюць плёну”.

(Бандарук: ) “Некаторыя публіцысты сьцьвярджаюць, што ў ніводнай іншай каталіцкай краіне Першая камунія не адбываецца гэтак урачыста і гэтак пышна, як у небагатай Польшчы. Пра гэтую камэрцыялізацыю рэлігійнай урачыстасьці, насуперак заклікам духавенства, ведаюць і за мяжой. Аднак ксёнд Анатоль Ярошка пакуль ня бачыць такой праблемы ў Беларусі”.

(Ярошка: ) “Што тычыцца суседняй Польшчы, дык там сьвятары шмат увагі зьвяртаюць на рэлігійны сэнс Першай камуніі. Уся справа ў тым, што гэта ўжо праблема бацькоў. Сьвятары, манашкі й катэхеты, якія рыхтуюць дзяцей, наколькі мне вядома, спрабуюць усьведамляць бацькоў, што галоўным зьяўляецца Ісус Хрыстос, якога дзеці прымаюць у гэты дзень. Але гэта не заўсёды атрымліваецца, бо ўплывае чалавечы фактар, чалавечыя амбіцыі, каб даць дзіцяці багаты падарунак, каб зрабіць пышны банкет, і гэта цяжка выкараніць.

Што тычыцца Беларусі, дык тут прасьцей. Тут, пасьля даўгога часу забаронаў, усё яшчэ адчуваецца рэлігійны, духоўны голад. Мы спрабуем так зрабіць, каб дзіця запамятала Першую камунію на ўсё жыцьцё. У Беларусі няма таго камэрцыйнага перахілу, калі ў выніку ўвага дзіцяці больш скіраваная на тыя падарункі, чым на самую сутнасьць урачыстасьці, якую дзіця будзе перажываць”.

(Бандарук: ) “Рознагалосьсі вакол некаторых царкоўных абрадаў-застаюцца. З другога боку, трэба прызнаць, што ў міжканфэсійных адносінах пытаньне Першага прычасьця не зьяўляецца галоўным. Экумэністы, якія імкнуцца да збліжэньня і затым аб’яднаньня ўсяго хрысьціянства, лічаць, што значна важнейшае аднолькавае стаўленьне да сакрамэнту Сьвятога прычасьця як такога. Важная ня Першая камунія, але Інтэркамунія, калі ўсе хрысьціяне аб’яднаюцца вакол адной Чашы”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG