Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая энцыкліка папы Яна Ааўла ІІ забараніла католікам прымаць прычасьце разам з пратэстантамі


Сяргей Абламейка, Прага

17 красавіка падчас імшы ў саборы Сьвятога Пятра ў Рыме папа Ян Павал ІІ падпісаў новую энцыкліку “Ecclesia de Eucharistia”. Гэты дакумэнт забараняе сумеснае прычасьце католікаў і пратэстантаў і заклікае католікаў ня браць удзелу ў тайне Эўхарыстыі ў пратэстанцкіх цэрквах. Энцыкліка спарадзіла цэлую хвалю супярэчлівых водгукаў, пра яе напісалі многія буйныя выданьні сьвету.

Адразу пасьля выхаду новага дакумэнту цюрыхскі каталіцкі біскуп Пэтэр Генрыцы заявіў, што тэкст энцыклікі ёсьць момантам ісьціны для каталіцкага экумэнізму. Ён таксама патлумачыў, што Каталіцкая царква ня можа заклікаць рэфармаваных хрысьціянаў да сумеснага прычасьця, таму што яны належаць да “іншай царквы і Эўхарыстыі і царкву разумеюць інакш”. З энцыклікі вынікае, што з-за таго, што Эўхарыстыя вельмі шчыльна зьвязаная з паняцьцем царквы, яе можна славіць супольна толькі ў рамках дадзенай царквы.

Пад Эўхарыстыяй, як вядома, разумеецца таямніца ператварэньня хлеба і віна ў цела і кроў Хрыста падчас Літургіі. Розныя хрысьціянскія цэрквы сёньня па-рознаму разумеюць таемства Эўхарыстыі, найбольш блізка – практычна аднолькава – яе разумеюць толькі праваслаўныя і католікі. Аднак, пасьля падпісаньня некалькі гадоў таму замірэнчага пагадненьня паміж католікамі і лютэранамі ў Аўгсбургу, менавіта ў Нямеччыне пачалі ўсё часьцей назірацца выпадкі сумеснага каталіцка-пратэстанцкага прычасьця. І вось цяпер мы ведаем афіцыйную каталіцкую рэакцыю на гэтую практыку. У сьвеце нават загаварылі аб канцы экумэнізму. Але, як убачым далей, і католікі, і пратэстанты адкідаюць падобныя апасеньні.

У сёньняшнім выпуску “Сымбалю Веры” мы пагаворым пра стаўленьне беларускіх католікаў і лютэранаў да практыкі сумеснага прычасьця і сумесных набажэнстваў. Напачатку мая размова з пастарам Кастусём Мардзьвінцавым з Горадні, які зараз выконвае абавязкі вікарнага біскупа Лютэранскай царквы Беларусі.

(Абламейка: ) “Ці на Вашую думку гэтая энцыкліка актуальная для Беларусі? Ці былі ў вас выпадкі сумеснага прычасьця з католікамі?”

(Мардзьвінцаў: ) “Каб такія выпадкі былі, патрэбная дамова паміж католікамі і лютэранамі аб супольным прычасьці. Але такой дамовы ніколі не існавала. Таму такіх выпадкаў і не было ніколі”.

(Абламейка: ) “У Беларусі...”

(Мардзьвінцаў: ) “І ў Беларусі, і, хутчэй за ўсё, і ў сьвеце”.

(Абламейка: ) “Не, у Нямеччыне былі. Гэтая энцыкліка і выкліканая гэтым. Там экумэнічны працэс вельмі хутка пайшоў пасьля аўгбурскіх пагадненьняў”.

(Мардзьвінцаў: ) “Гэта былі асобныя выпадкі, але гэта было неафіцыйна, гэта рабілі асобныя сьвятары. Але для сумеснага легальнага прычасьця патрэбнае пагадненьне паміж Каталіцкай царквой і лютэранамі аб інтэркамуніі”.

(Абламейка: ) “Значыць, на вашую думку, новая энцыкліка для Беларусі неактуальная?”

(Мардзьвінцаў: ) “Так, неактуальаня. Тым больш і наш статут забараняе лютэранам мець камунію разам з тымі, хто прытрымліваецца іншага веравызнаньня. За выключэньнем скрайніх выпадкаў, калі ёсьць, напрыклад, пагроза жыцьцю чалавека – тады можна браць камунію і ў праваслаўных, і ў каталікоў”.

(Абламейка: ) “Чым адрозьніваецца вашае разуменьне Эўхарыстыі ад каталіцкага?”

(Мардзьвінцаў: ) “Па-першае, як і для каталікоў, для нас у Эўхарыстыі рэальна прысутнічае цела і кроў Хрыста. Адрозьненьне тут у тым, што для каталікоў Эўхарыстыя – гэта наша ахвяра Богу, тое, што мы прыносім Богу. Для наш жа гэта найперш дар Бога, тое, што Ён дае нам. Па-другое, паводле каталіцкага разуменьня ў Эўхарыстыі падчас кансэкрацыі хлеб і віно ператвараюцца ў цела і кроў. Для нас жа пад выглядам хлеба і віна прысутнічае цела і кроў Хрыста. Вось у гэтым, напэўна, галоўныя адрозьненьні”, – гаварыў пастар Кастусь Мардзьвінцаў з Горадні, выканаўца абавязкаў вікарнага біскупа Лютэранскай царквы Беларусі.

Як вы чулі, ён сказаў, што ў Беларусі й не было выпадкаў сумеснага прычасьця католікаў і лютэранаў, таму сама новая энцыкліка для краіны неактуальная. Статут лютэранаў забараняе ім прычасьце зь вернікамі іншых цэркваў. Пастар Мардзьвінцаў таксама сфармуляваў лютэранскае разуменьне Эўхарыстыі – для іх гэта дар Бога вернікам, а ў хлебе і віне падчас Эўхарыстыі зьяўляецца цела і кроў Хрыста. У католікаў жа, нагадаю, хлеб і віно ператвараюцца ў містычныя цела і кроў Хрыстовыя.

Што да рэакцыі на новую энцыкліку ў самай вялікай Лютэранскай царкве – нямецкай, дык варта прывесьці заяву старшыні Рады гэтай царквы Манфрэда Кока. Ён заявіў, што экумэнізм паміж католікамі і пратэстантамі зайшоў ужо так далёка, што нельга яго “замарозіць”. Кок, праўда, сказаў, што ён рэаліст, нічога іншага не чакаў і што Каталіцкая царква дэманструе недастаковую “гнуткасьць” пазыцыі.

Ну а зараз пра пазыцыю ўласна каталіцкага боку. Вось запіс маёй размовы з пробашчам грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Спаса ў Віцебску, магістрам тэалёгіі айцом Зьмітром Грышанам.

(Абламейка: ) “Пытаньне да Вас як да каталіцкага сьвятара, бо, як вядома, Грэка-Каталіцкая царква – частка Каталіцкай царквы. Вы ведаеце на тэрыторыі Беларусі выпадкі, калі католікі прычашчаліся разам зь лютэранамі?”

(а. Грышан: ) “Я ня ведаю такіх выпадкаў, думаю, што гэта немагчыма. Гэта павінна было б быць афіцыйна. Можа быць, вядома, што нейкі католік мае недзе сяброў-лютэранаў і разам зь імі моліцца, але я ня чуў аб гэтым”.

(Абламейка: ) “Вы магістар тэалёгіі, і таму да Вас такое пытаньне. Чаму гэта немагчыма з пункту гледжаньня каталіцкай тэалёгіі?”

(а. Грышан: ) “Па-першае, нашае разуменьне Эўхарыстыі вельмі моцна розьніцца ад пратэстанцкага. Я кажу пра тыя пратэстанцкія канфэсіі, якія яшчэ маюць Эўхарыстыю. Бо баптысты зусім ужо нічога ня маюць, хаця сваё паходжаньне таксама ці ня з часу Лютэра адлічваюць. Але калі браць традыцыйныя пратэстанцкія вызаньні, скажам Лютэранска-аўгсбурскія ці Кальвінскія, то разуменьне Эўхарыстыі ў іх занадта суб’ектыўнае.

Мы ўсё ж, як католікі, ведаем, што прысутнасьць Хрыста – гэта аб’ектыўная рэч, Ён рэальна і пастаянна – пакуль існуюць эўхарыстычныя постаці – ёсьць. А яны суб’ектыўныя – калі я веру, Ён ёсьць, калі ня веру, прымаю проста хлеб. Тут ёсьць перашкода для пратэстантаў, каб яны прымалі наша прычасьце.

Ну а каб мы прымалі іх прычасьце, патрэбная таксама апостальская пераемнасьць, сьвятарства, чаго яны насамрэч ня маюць і не прызнаюць. Яны ад сьвятарства адмовіліся. Прымаць у іх прычасьце – гэта ня будзе прычасьцем, гэта ня будзе целам і крывёй Хрыста. Я чуў, што яны пачалі старацца, пачалі шукаць пераемнасьці, што мяне зьдзівіла. У Польшчы ёсьць пастары, якія ганарацца, што былі рукапаложаныя япіскапамі з апостальскай пераемнасьцю”.

(Абламейка: ) “Што трэба, каб сумеснае каталіцка-лютэранскае прычасьце сталася магчымым? Патрэбная дэклярацыя на ўзроўні кіраўнікоў гэтых цэркваў?”

(а. Грышан: ) “Ад іх патрэбнае прызнаньне нашага разуменьня прычасьця. Мы ня зможам прыняць іх канцэпцыю, я ня бачу такой магчымасьці для католікаў, таму што гэта на ўзроўні дагматыкі. Калі яны захочуць зразумець Эўхарыстыю як мы яе разумеем, тады для іх зьявіцца магчымасьць прымаць нашае прычасьце. Але каб мы прызналі іх прычасьце і разам зь імі прычашчаліся ў пратэстанцкіх храмах – гэта складана, гэта паводле нас – не прычасьце”.

Як вы чулі, на думку пробашча грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Спаса ў Віцебску айца Зьмітра Грышана, сумеснае прычасьце католікаў зь лютэранамі немагчымае, бо у дзьвюх цэркваў адрознае разуменьне Эўхарыстыі, і ў лютэранаў, на яго думку, адсутнічае апостальская пераемнасьць. Каб сумеснае прычасьце сталася магчымым, трэба, каб лютэране прынялі каталіцкае разуменьне Эўхарыстыі, бо католікі прыняць лютэранскую дагматыку ня могуць, – лічыць айцец Зьміцер Грышан. Ён таксама прызнаў, што для Беларусі новая энцыкліка праблемаў ня створыць, бо практыкі сумесных набажэнстваў зь лютэранамі тут не было.

Затое ў Нямеччыне водгукаў даволі шмат, і спэктар іх даволі вялікі. Старшыня экумэнічнай камісіі каталіцкай біскупскай канфэрэнцыі, вюрцбургскі біскуп Паўль-Вэрнэр Шээле назваў новую энцыкліку “важным дапаможнікам у жыцьці і веры” і сказаў, што яна выяўляе папскі боль з прычыны ўсё яшчэ падзеленага хрысьціянства. Баварскі лютэранскі біскуп Ёганнэс Фрайдрых ня ўбачыў у папскай энцыкліцы ніякіх антыэкумэнічных момантаў. Наадварот, ён заявіў, што новы дакумэнт заклікае экумэнічна настроеных людзей павялічыць сваю актыўнасьць і адкрывае дзьверы да сумесных “набажэнстваў слова” – малебнаў без эўхарыстыі.

Ёсьць, аднак, і іншыя водгукі. У прыватнасьці, нямецкі каталіцкі тэоляг Ота Герман Пех заявіў, што на падставе “добрых каталіцкіх довадаў” новую энцыкліку папы нельга прыняць. Ён таксама сказаў, што разуменьне Эўхарыстыі ў католікаў і лютэранаў больш блізкае, чым гэта шмат каму здаецца. Зрэшты, гэты каталіцкі тэоляг сваю адукацыю атрымаў у пратэстанцкім унівэрсытэце Німбурку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG