У лютым сёлета, яшчэ да пачатку вайны ў Іраку, Археалягічны інстытут Амэрыкі накіраваў у Пэнтагон адмысловы зварот. У лісьце, пад якім апроч амэрыканцаў падпісаліся археолягі і гісторыкі з некалькіх іншых краінаў, у тым ліку Іраку, выказвалася глыбокая занепакоенасьць тым, што ў выніку вайны могуць пацярпець памятнікі гісторыі і культуры. Вучоныя прадставілі Пэнатагону сьпіс 5 тысячаў самых важных зь незьлічоных, як цьвердзяць, гістарычных месцаў у гэтай краіне. Вучоныя настойліва заклікалі армію пры абстрэле і баёх абмінаць іх. Сярод гэтых аб’ектаў – вялікі мячэт у Самары і адзін з 7 цудаў сьвету – вісячыя сады Сэміраміды. Пэнтагон унёс сьпіс аб’ектаў у сваю базу дадзеных і абяцаў ўлічыць просьбу вучоных. Вось што сказаў пра гэты зварот адзін з вучоных, які падпісаўся пад ім, праф. археалёгіі Мэсапатамі з Варшаўскага ўнівэрсытэту Францішак Стэмпчыньскі.
(Стэмпчыньскі: ) “Гэта дэклярацыя, зварот да ўладаў і камандаваньня саюзных сілаў з заклікам як мага больш паклапаціцца пра ахову і зьберажэньне гістарычных памятак, не дапусьціць іх зьнішчэньня ў выпадку вайны ў Іраку, а пасьля заканчэньня вайны – заняцца гэтымі старажытнымі аб’ектамі, абвучыць і падрыхтаваць мясцовых, ірацкіх археолягаў і дапамагчы ім, каб гэтыя скарбы мінуўшчыны захаваліся і на будучыню”.
Адным з ініцыятараў звароту да Пэнтагону і гарачым абаронцам сьлядоў старажытнай гісторыі ў Іраку ёсьць прафэсар археалёгіі Мэсапатамі ў Чыкагскім унівэрсытэце McGuire Gibson. Разам з 40 іншымі вучонымі на даручэньне Вашынгтону ён апрацоўваў археалягічную мапу Іраку. “Людзі не разумеюць, што Ірак нашмат важнейшы ў сэнсе скарбу ўсясьветнай культуры, чым Эгіпэт. Уся краіна ёсьць археалягічнай пляцоўкай”, – сказаў ён. Паводле яго, вайскоўцы, апынуўшыся на тэрыторыі старажытнай Мэсапатаміі, павінны ведаць, дзе знаходзяцца, і не страляць бяз разбору.
(Стэмпчыньскі: ) “Мэсапатамія – гэта першая цывілізацыя, старэйшая за Эгіпэт. А пад цывілізацыяй я разумею зьяўленьне першых гарадоў, манумнтальнай архітэктуры і падмуркаў дзяржавы, структуры грамадзтва, разьвіцьцё рамёслаў, адлік часу і стварэньне календара. Мэсапатамія, гэта месца, дзе ўсё гэта пачалося, прыблізна 3,500 тысячы гадоў да нашай эры. Гэта быў цэнтр культуры і літаратуры. Шматлікія ідэі, роля вярхоўнага ўладара, ягоныя ўзаемадычыненьні з падначалаенымі, уяўленьне пра літаратуру, ідэя бога, асноўныя ўяўленьні пра этыку, усё гэта пачалося ў Мэсапатамі, і затым, пашырылася ва ўсіх накірунках, на Захад і на Ўсход”.
Аб тым, што практычна ўся тэрыторыя сучаснага Іраку ёсьць скарбонкай археалягічнай спадчыны, гаворыць і праф. мастацтва старажытнай Мэсапатаміі з Унівэрсытэту Каламбія Зэйнаб Бахрані:
(Бахрані: ) “У Іраку каля 10 тысячаў археалягічных аб’ектаў. Пакуль вучоным проста не хапіла часу, каб іх поўнасьцю вывучыць. Многія зь іх пад зямлёю, таму мноства інфармацыі усё яшчэ не даступная для дасьледчыкаў. У ірацкіх музэях захоўваюцца тысячы гліняных клінапісных таблічак, якіх пакуль ніхто не прачытаў. У Багдадзе і Масулі ёсьць каштоўныя памятнікі сярэднявечнай культуры. І ў нас таксама знаходзяцца некаторыя са старажытных хрысьціянскіх храмаў, напрыклад, на поўначы Іраку”.
Прафэсар Бахрані нагадала, што ў раўнінных раёнах Міжрэчча амаль кожны ўзгорак ёсьць насамрэч старажытнай пабудовай – зігуратам.Такую ж думку выказаў і праф. Стэмпчыньскі.
(Стэмпчыньскі: ) “Гэта вельмі незвычайнае месца для навукоўцаў, для археолягаў. Мэсапатамія, Ірак – гэта надзвычай цікавая краіна, дзе праходзілі вельмі важныя гістарычныя працэсы. Там узьнікла першая ў гісторыі чалавецтва сумэрыйская цывілізацыя са сваім пісьменствам, сельскай гаспадаркай і пабудовай гарадоў. Ірак, Мэсапатамія – гэта краіна Бабілёну, кодэксу Гамурабі і асырыйскай імпэрыі. Кожная з эпохаў пакінула па сабе мноства матэрыяльных сьлядоў, і таму гэтая краіна выключна важная для дасьледчыкаў з усяго сьвету”.
Хаця Пэнтагон абяцаў не наносіць удараў па гістарычных аб’ектах, аднак выканаць абяцаньне ня будзе лёгка. У славутым зігураце, ступенчатай вежы ў горадзе Ур, яшчэ з часу першай вайны ў Іраку ў 1991 годзе засталося 400 дзіраў ад куляў. Амэрыканскія вайскоўцы бралі сабе на памяць фрагмэнты пабудовы. У горадзе былі пашкоджаныя старажытныя могільнікі, якім 4500 гадоў, а таксама засталіся 4 вялікія варонкі па бомбах.
Ведаючы, што саюзныя сілы хочуць пазьбегнуць разбурэньня гістарычных і сакральных абектаў, а таксама цывільных аб’ектаў, ірацкія сілы скарыстоўвалі ў першай вайне і скарыстоўваюць цяпер мячэты, школы і шпіталі ў якасьці шчыта. Аб гэтым, у прыватнасьці, заявіў прэм’ер Велікабрытаніі Тоні Блэр.
(Блэр: ) “Ірацкі рэжым хоча пашкодзіць сьвятыя рэлігійныя месцы, каб затым хлусьліва ўскласьці на кааліцыю адказнасьць за гэтыя шкоды”.
2 красавіка стала вядома, што ірацкія сілы разьмясьціліся ў славутым мячэце ў Наджафе і адтуль беспакарана вялі абстрэл.
Аднак, паводле газэты “Wall Street Journal” і радыёстанцыі Deutsche Welle, мала хто з кааліцыйных салдатаў ведае, што яны ваююць у раёне, які мае ня толькі гістарычнае, але і рэлігійнае значэньне. Наўрад ці ўсе салдаты ведаюць, што ў Наджафе знаходзіцца грабніца зяця прарока Мухамада – Імама Алі. Ён памёр ў заснаваным ім Багдадзе і быў пахаваны ў Наджафе. У гэтым горадзе правёў 14 гадоў у эміграцыі аятола Хамэйні з Ірану. У яшчэ адным горадзе, які стаў полем бітвы – “залатакупальнай” Карбале знаходзіцца магіла трэцяга імама – унука прарока і сына Алі – Хусэйна. Наджаф і Карбала – месцы паломніцтваў ірацкіх шыітаў. У Іраку, насуперак стэрэатыпу, што гэта мусульманская краіна, маюць свае храмы, манастыры і місіі ўсе адгалінаваньні хрысьціянства, напрыклад, храм Велікапакутніка Георгія ў Багдадзе і старажытны манастыр сьвятога Мацьвея ў Масулі.
Ня толькі вайскоўцы, але, мабыць, і ня ўсе вернікі ведаюць, што старажытная Мэсапатамія, гэта месца шматлікіх падзеяў, апісаных у Бібліі. Праўдападобна там, згодна зь біблейскім апісаньнем, (Быц.2, 8-14) паміж ракамі Тыгр і Эўфрат, знаходзіўся рай. У халдэйскім горадзе Ур, цяперашнім Тал-аль-Мукаджар, на правым беразе Эўфрату, 2000 гадоў да нашай эры нарадзіўся патрыярх Аўраам. Яго шануюць і лічаць сваім прабацькам і бацькам усіх пазьнейшых прарокаў габрэі, хрысьціяне і мусульмане.
У Кнізе Быцьця (11,1-9) разказваецца пра Бабілён і пабудову славутай бабілёнскай вежы, сымбаль чалавечай пыхі, пра цара Навухаданосара і бабілёнскі палон габрэяў. У 2 Кнізе Летапісаў (36 разьдзел) чытаем, што “Навухаданосар, цар бабілёнскі, закаваў Ёакіма ў кайданы, каб завесьці ў Бабілён... і спалілі Дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерусаліму... і ўвесь посуд Дому Божага... усё прынёс ён у Бабілён... і перасяліў ён тых, што засталіся, у Бабілён, і былі яны рабамі яго і сыноў ягоных”. У Кнізе Данііла (5 разьд.) згадваецца пра банкет Валтасара.
У Бібліі шэраг разоў згадваецца пра Нінэвію, сталіцу асырыйскай дзяржавы, недалёка ад цяперашняга Масулу. У Кнізе прарока Ёны (3,3) гаворыцца, што гэта быў “горад вялікі ў Бога, на тры дні хадзьбы”. Прарок Навум пісаў, што гэта “горад крыві, поўны падману і забойства” (3,1), а прарок Сафон называе яго “пераможна-радасным горадам, які жыве бестурботна, які кажа ў сэрцы сваім: “Я – і няма нічога іншага, апроч мяне” (2,15). У гэты горад каля 800 году да нашай эры быў пасланы Богам прарок Ёна, каб абвясьціць распуснаму гораду божы гнеў, аднак жыхары пакаяліся ад пропаведзі Ёны, і пакараньне было адмененае.
Такім чынам, сучасны Ірак – гэта калыска нашай цывілізацыі і духоўная радзіма трох вялікіх рэлігіяў. Што адбываецца зараз з гістарычнымі памятнікамі Мэсапатаміі і Іраку? Наколькі яны пацярпелі ў выніку войнаў ды іншых прычынаў. Я спытаўся ў праф. Стэмпчыньскага, які вельмі шмат часу правёў у Іраку на раскопках, ці бачыў ён тыя найбольш цікавыя месцы.
(Стэмпчыньскі: ) “Так, я быў, хаця не ва ўсіх месцах, чаго вельмі шкадую. Але, думаю, наганю страчанае. Неўзабаве пляную навуковую экспэдыцыю ва Ур, адкуль распачаў сваю вандроўку патрыярх Аўраам. Затое некалькі разоў я пабываў і добра ведаю Бабілён, а таксама Нініву. Што тычыцца Бабілёну, дык ён дбайна кансэрваваны. Таксама ірацкія археолягі і кансэрватары старанна адбудоўваюць і забясьпечваюць іншыя месцы, у прыватнасьці, у Нініве, Ур і Дур-Кургальзус недалёка ад Багдаду, адной з бабілёнскіх сталіцаў. Але ёсьць і занядбаныя месцы. Гэта назіраецца асабліва за апошнія гады, у сувязі з палітычнай і эканамічнай сытуацыяй у Іраку. Трэба адзначыць, што рэдка, хіба што за выключэньнем зігурату ва Ур, відаць сьляды разбурэньняў спрычыненых першай вайной у Пэрсыдзкай затоцы ў 1991 годзе. Наколькі мне вядома, тады галоўныя сакральныя аб’екты ў Самары, самым Багдадзе і Масулі не пацярпелі ў выніку бамбаваньня. Разбураных старажытных сьвятыняў я ня бачыў і ня чуў пра гэта. Разбурэньні – гэта пераважна вынік рабаўніцкіх раскопак, якія праводзілі там людзі, прагныя нажывы, у часе, калі там не было паліцэйскага, ні адміністрацыйнага кантролю”.
Згодны з гэтым і праф. Мэк-Гўаер Гібсан. “Мы ня гэтулькі баімся памылковага бамбаваньня, колькі таго пэрыяду хаосу і бескантрольнасьці, які нясе з сабой вайна”, – кажа ён.
Апроч ваенных зьнішчэньняў, ёсьць яшчэ адзін аспэкт вайны ў Іраку. Садама Хусэйна мала хто будзе шкадаваць, але яго нельга папракнуць ў сьведамым нішчэньні гістарычных аб’ектаў. Ірак пры Садаме ня быў тэакратыяй; ён не дапускаў ваяўнічага ісламу і даволі талерантна ставіўся да іншых рэлігіяў. У Іраку ўсё яшчэ жывуць некалькі соцень тысячаў хрысьціянаў. Сырыйска-халдэйскі абрад карыстаецца гістарычнай мовай Хрыста – арамейскай. Аднак за апошнія 5 гадоў Хусэйн пачаў ставіць націск на арабізацыю і ісламізацыю краіны. За гэты час ўзмацніліся антыхрасьціянскія настроі. Зараз яны могуць ператварыцца ў сапраўдныя пагромы хрысьціянаў. За апошняе дзесяцігодзьдзе, баючыся помсты з боку мусульманаў, з Іраку эмігравалі дзьве траціны хрысьціянаў. У Багдадзе з паўмільёна іх засталося ўсяго 170 тысячаў, а тыя, што яшчэ ня выехалі, даўно маюць падрыхтаваныя валізкі.
Менавіта таму, апроч рэлігійна-этычных і гістарычных меркаваньняў, баючыся разбурэньня кволага стаус-кво і ўсплёску рэлігійна-этнічнага фанатызму, Ватыкан і амаль усе рэлігійныя лідэры гэтак рашуча выступаюць супраць гэтай вайны.