Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія адносіны паімж ірацкімі сунітамі і шыітамі і як жывецца ірацкім хрысьціянам?


Сяргей Абламейка, Прага

Краіна Ірак, дзе нядаўна разгарнуліся баявыя дзеяньні, разьмешчаная ў месцы сутыкненьня і перапляценьня цывілізацыяў і культураў, народаў і рэлігіяў. Дастаткова сказаць, што там жывуць арабы, халдэйцы-асырыйцы, курды, армяне, туркуманы, азэрбайджанцы. Калі гаварыць пра канфэсіі, дык там ёсьць арабы-шыіты і суніты, курды-суніты і шыіты, халдэйцы-уніяты, асырыйцы нестарыянцы, сырыйцы-монафізыты, армяне-уніяты, армяне-монафізыты, туркуманы-суніты, туркуманы-хрысьціяне, курды-езіды або зораастрыйцы.

Цэнтар Іраку разьмешчаны ў міжрэччы Тыгра і Эфрата – гэта славутая Месапатамія, калыска чалавечай цывілізацыі. Менавіта там людзі ўпершыню перайшлі да аселага ладу жыцьця і заняліся земляробствам. Там узьніклі першыя дзяржавы шумераў і бабілёнцаў. Менавіта зь Месапатаміяй зьвязаныя многія старонкі Сьвятога Пісаньня. Ля месца зьліцьця Тыгра і Эфрата знаходзіўся славуты Эдэмскі сад, дзе гулялі Адам і Эва – гэта значыць, біблейскі рай. У так званай Уры Халдэйскай жыў Абрагам. Сусьветны патоп, Бабілёнская вежа, вісячыя сады Семіраміды, пір Валтасара, зьяўленьні Навухаданасэра і многія іншыя біблейскія паданьні зьяўляюцца адначасова часткай гісторыі Іраку – краіны, якая была створаная ў 20-я гады ХХ стагодзьдзя.

І вось пра нацыянальна-рэлігійную сытуацыю ў Іраку і пойдзе сёньня гаворка ў Сымбалі Веры. Напачатку супрацоўнік ірацкай службы нашага радыё Камран Аль-Крадагі расказвае пра рэлігійную сытуацыю ў Іраку.

(Абламейка: ) “Якая рэлігійная сытуацыя ў сёньняшнім Іраку?”

(Аль-Карадагі: ) “Большасьць насельніцтва ў Іраку належыць да мусульманскай веры. Але жывуць там таксама хрысьціяне. І меншыя групы належаць да веравызнаўчых сэктаў. Напрыклад, у ірацкім Курдыстане на поўначы краіны жывуць езыды, якія ў сваёй веры злучаюць мусульманства, хрысьціянства і юдаізм. Але каля 90 працэнтаў насельніцтва краіны – мусульмане”.

(Абламейка: ) “Ірацкія мусульмане падязляюцца на сунітаў і шыітаў. Якія паміж імі існуюць узаемаадносіны?”

(Аль-Карадагі: ) “Шыізм узьнік амаль адразу пасьля сьмерці прарока Мухамада, і з тае пары мусульмане падзеленыя на сунітаў і шыітаў. Сярод усіх мусульманаў у сьвеце – шыіты ў меншасьці. Але ёсьць краіны, напрыклад, Іран, дзе іх большасьць. Большасьць шыітаў і ў Іраку. Сярод ірацкіх арабаў-мусульманаў шыітаў каля 80 працэнтаў, троху шыітаў таксама ёсьць сярод ірацкіх курдаў і сярод ірацкіх туркмэнаў, або як мы іх называем – туркуманаў. Прычым у туркуманаў шыітаў каля 40 працэнтаў.

Калі гаварыць пра нацыянальны склад, дык яшчэ на поўначы жывуць азэрбайджанцы – нашчадкі азэрбайджанскай янычарскай дывізіі, якая засталася ў Іраку пасьля распаду Атаманскай імпэрыі. Наогул, у Іраку ніколі не было перапісу. Лічыцца, што прыкладна 70 працэнтаў насельніцтва арабы, 25 – курды, і 5 працэнтаў – астатнія. Зрэшты гэтыя дадзеныя могуць драматычна мяняцца ў залежнасьці ад таго, з кім вы размаўляеце. Напрыклад курды кажуць, што туркуманаў 600-700 тысяч, самі туркумана кажуць, што іх 2 з паловай мільёны. Асырыйцы-халдэйцы, асабліва нацыяналісты, кажуць, што ў Іраку 2 мільёны асырыйцаў. Курдаў – 4-5 мільёнаў, кажуць некаторыя.

Сярод усяго насельніцтва Іраку шыіты складаюць 55-60 працэнтаў. Яны жывуць на поўдні і ў цэнтры краіны. У Багдадзе іх ня менш за 2 мільёны, а ўсё насельніцтва гораду 5-6 мільёнаў”.

(Абламейка: ) “А кіруюць у Іраку ўсёж суніты, якіх меншасьць?”

(Аль-Карадагі: ) “З моманту стварэньня Іраку ў 20-х гадах ХХ стагодзьдзя існаваў несправядлівы падзел. Шыіты, нягледзячы на колькасную перавагу, амаль цалкам выключаныя з працэсу кіраваньня краінай. У Іраку заўсёды кіравала і кіруе арабская суніцкая мяншыня, якая складае ня больш за 15 працэнтаў усяго насельніцтва. Гэты суніцкі цэнтар заўсёды кіраваў і займаўся падаўленьнем шыітаў па поўдні і курдаў на поўначы. Шыіты заўсёды адчувалі сваё прыгнечанае становішча. Калі цяперашні рэжым прыйшоў да ўлады у 1968 годзе, ён адсунуў ад улады рэшткі шыітаў. Напрыклад у арміі Іраку большасьць салдатаў – шыіты, а з 500 генэралаў – толькі 5 працэнтаў шыіты”.

(Абламейка: ) “Атрымліваецца, што шыіты павінны быць зацікаўленыя ў зьмене рэжыму ў Багдадзе і павінны падтрымліваць саюзьнікаў?”

(Аль-Карадагі: ) “Шыіты, вядома, зацікаўленыя ў зьмене суадносінаў ва ўладзе і хацелі б мець больш правоў. Але праблема ў тым, што суніты сёньня кантралююць большасьць дзяржаўных і бізнэсовых пазыцыяў, таму нават пры перамозе саюзьнікаў пераразьмеркаваньне ўлады ў Іраку зойме даволі шмат часу. З-за прыгнёту ў шыітаў вельмі мала кандыдатаў на ключавыя пасады. Зь іншага боку, прыгняталіся і курды. Але ў курдаў сытуацыя іншая. Зраза яны на поўначы маюць, фактычна, сваю міні-дзяржаву, у іх шмат адукаваных людзей, і яны маюць шанцы заняць нават больш ключавых пазыцыяў, чым гэта прапарцыйна ім належала б. Зрэшты, курды, якія самі суніты, заўсёды былі бліжэй да шыітаў, чым да арабаў-сунітаў, паколькі тыя іх прыгняталі.

Калі ж гаварыць пра падтрымку саюзьнікаў з боку шыітаў, дык тут справа складаная. У шыіцкага насельніцтва вельмі горкі досьвед. Калі ў 1991 годзе падчас “Буры ў пустыні” шыіты паднялі паўстаньне і кантралявалі поўдзень і цэнтар Іраку, саюзьнікі іх тады не падтрымалі, а ў шэрагу выпадкаў нават сілай не дазволілі ім працягваць паўстаньне. А пасьля амэрыканцы наогул сышлі з поўдня Іраку і далі магчымасьць Ірацкай рэспубліканскай гвардыі самым жорсткім чынам падавіць паўстаньне шыітаў. Гэта якраз прычына таго, што зараз шыіты паводзяць сябе так стрымана. Аднойчы іх ужо падманулі. Апрача таго і Багдазкі рэжым добра падрыхтаваўся, стварыў спэцыяльныя войскі бясьпекі, якія і процістаяць амэрыканцам, і дапільноўваюць, каб не было паўстаньня – яны гатовыя выкарыстаць любыя сродкі супраць мірнага шыіцкага насельнітва”.

Сказаў супрацоўнік ірацкай службы нашага радыё Камран Аль-Карадагі. Як бачыце, сытуацыя ў Іраку даволі няпростая, і рэлігійныя супярэчнасьці маглі б быць выкарыстаныя саюзьнікамі. Але, як сказаў Камран Аль-Карадагі, досьвед ірацкіх шыітаў не дазваляе ім зараз у адкрытую падтрымаць Злучаныя Штаты і Вялікую Брытанію ў іх спробе адхіліць ад улады Садама Хусэйна.

Самае карэннае насельніцтва Іраку – гэта асырыйцы-хрысьціяне, нашчадкі шумераў і бабілёнцаў. Менавіта на тэрыторыі сучаснага Іраку знаходзяцца першыя цэнтры хрысьціянства. Асырыйская мова, якую яшчэ называюць арамейскай – гэта мова, на якой гаварыў Ісус Хрыстос.

Пра сёньняшні дзень ірацкіх хрысьціянаў я папрасіў расказаць Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі, доктара тэалёгіі, архімандрыта Сяргея Гаека, які доўгі час вывучаў хрысьціянскія цэрквы Ўсходу.

(Гаек: ) “На тэрыторыя сёньняшняга Іраку жывуць хрысьціяне самых першых стагодзьдзяў Хрысьціянства. Большасьць іх належыць да так званай сырыйскай традыцыі, якая дзеліцца на ўласна сырыйскую традыцыю, зьвязаную з Антыёхіяй, і на асырыйску. Асырыйскія хрысьціяне – гэта хрысьціяне, што жылі па-за межамі Рымскай імпэрыі, у дзяржаве пэрсаў. Яны падзяляюцца на дзьве часткі. Адна зь іх, што называе сябе Царквой Усходу, сёньня знаходзіцца фактычна па-за супольнасьцю цэркваў у сувязі з крызысам нестарыянізму. Яны былі прыхільнікамі навукі Несторыя. Гэта быў пачатак V стагодзьдзя. Ужо сынод у 424 годзе ў Нар-Кабата зацьвердзіў самастойнасьць гэтай царквы. Пасьля у канцы V стагодзьдзя на сынодзе ў Бэт-Ляпат яны прынялі нестарыянскую хрысталёгію і іх у наступныя стагодзьдзі сталі называць нестарыянцамі. Зрэшты, у апошнія дзесяцігодзьдзі іх сталі называць проста асырыйцамі, Асырыйскай царквой. Гэтую царкву ўзначальвае патрыярх-каталікос Мар Дэнха V, якія, на жаль, зараз жыве ў ЗША. Япархіі гэтай царквы знаходзяцца ў Іраку, у Іране, часткова ў Турцыі і іншых краінах Блізкага Ўсходу.

З гэтай Асырыйскай царквы ў другой палове XVI стагодзьдзя, ўсяго за некалькі гадоў да Берасьцейскай уніі ў Беларусі, частка хрысьціянаў таксама ўвайшла ў унію з Рымам. Гэтых уніятаў называцюь халдэйцамі. Халдэйцы таксама маюць свайго каталіцкага патрыярха Рафаіла Бадуіла, які жыве ў Багдадзе. Большасьць хрысьціянаў у Іраку сёньня належыць якраз да Халдэйскай царквы. Трэба сказаць, што адносіны паміж некатолікамі-асырыйцамі і католікамі-халдэйцамі ёсьць дастакова добрыя – было некалькі сумесных дэклярацыяў. Яны падтрымоўваюць адно аднаго, таму што гэта адзін народ – асырыйцы, яны карыстаюцца адзінай асырыйскай мовай, на якой таксама размаўляў Ісус Хрыстос. Яны жылі раней больш на поўначы Іраку, у Іране і ў Турцыі. Але напачатку мінулага стагодзьдзя падчас генацыду хрысьціянаў частка іх зьбегла ніжэй у сярэдні Ірак. І сёньня вакол Багдаду гэтых хрысьціянаў жыве багата”.

(Абламейка: ) “А якія яшчэ хрысьціяне жывуць у Іраку і як наоглул рэжым Садама Хусэйна ставіцца да ірацкіх хрысьціянаў?”

(Гаек: ) “Ёсьць, натуральна, у Іраку і армяне – і каталіцкія, і апостальскія. Напрыклад, самы вялікі хрысьціянскі храм у Багдадзе – гэта якраз армянскі каталіцкі (ці уніяцкі) храм. Ёсьць таксама іншыя меншыя супольнасьці, у тым ліку сырыйцы заходняй Антыяхійскай традыцыі, якія лічаць монафізытамі. Але асноўны кантынгент – гэта Асырыйская царква. Яна зазнала шмат перасьледу. Католікі знайшлі лепшае ўзаемаразуменьне з ірацкім рэжымам. Асабліва ў апошнія дзесяцігодзьдзі асырыйцаў больш перасьледавалі, і цяпер іх ёсьць больш у Штатах. Міністар замежных справаў Іраку ёсьць якраз халдэйцам. Але хрысьціяне пацярпелі ад рэжыму шмат. Напрыклад, падчас вайны зь Іранам Хусэйн пасылаў на перадавую менавіта хрысьціянаў. Тыя, хто не хацеў паміраць за Хусэйна на перадавой, зараз знаходзяццац ў Штатах і на Захадзе наогул”.

Гаварыў Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Як вы чулі, доля ў ірацкіх хрысьціянаў няпростая. Менавіта іх кідаў на перадавую лінію фронту Садам Хусэйн падчас вайны зь Іранам. Дарэчы, такія прыклады ўжо бывалі ў гісторыя. Тое самае рабілі некалі ўлады Пакістану з бэнгальцамі падчас вайны зь Індыяй. І тое самае рабіў, у прынцыпе, Сталін, калі заганяў заходніх беларусаў у штрафныя батальёны. Зрэшты ў апошнія гады ірацкім халдэйцам-уніятам удалося троху ўмацаваць сваё становішча. Як вядома два члены вышэйшага ірацкага кіраўніцтва Садун Хамадзі и Тарык Азіз зьяўляюцца халдэйцамі-уніятамі. Горш сытуацыю ў Асырыйскай царквы, таму большасьць яе вернікаў у апошнія гады эмігравала. Пры гэтым абедзьве царквы, і Халдэйская, і Асырыйская, аб’ядноўваюць адзін народ, і ў апошні час нават зьявіўся тэрмін халда-асырыец. Асырыйцы жылі раней у гарах на поўдні, а халдэйцы ў цэнтры краіны, бліжэй да Багдаду і вакол яго. Ну і важнае месца сярод хрысьціянаў адыгрываюць, як вы чулі, армяне-уніяты. У прыватнасьці, самы вялікі хрысьціянскі храм Багдаду належыць армянам-католікам.

Зрэшты, няма нічога вечнага, як бы аб гэтым нехта ні шкадаваў. Мяняецца рэлігійны, мяняецца і нацыянальны склад насельніцтва гарадоў і цэлых тэрыторыяў. Напрыклад, у 40-я гады ХХ стагодзьдзя большасьць насельніцтва Багдаду складалі габрэі, а зараз іх там няма наогул. Іншая справа, у выніку якіх працэсаў адбываюцца тыя драматычныя зьмены. Гістарычна вядома, што ніколі добраахвотна нейкі народ ці рэлігійная група не пакідалі пэўную тэрыторыю. Іх або выганялі, або зьнішчалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG