Ці можна ўсёй сям’ёй сысьці ў манастыр? Адказаць на гэтае пытаньне можа кожны, нават ня вельмі абазнаны ў царкоўных справах, чалавек – вядома, не, манахі на ўсё жыцьцё адмаўляюцца ад сям’і. І адказаўшы гэтак, мы ня будзем мець рацыі, або лепш сказаць, не зусім будзем мець.
У 1973 годзе ў францускім горадзе Ліён са складу малітоўнай групы ўзьнікла каталіцкая арганізацыя з пакліканьнем да экумэнізму. Заснавальнікі назвалі яе Chemin Neuf, або Новая Дарога. Праз 11 гадоў ліёнскі архібіскуп прызнаў яе як грамадзкую супольнасьць вернікаў, а ў 1992 годзе іншы ліёнскі архібіскуп прызнаў Chemin Neuf ужо сьвятарскім манаскім інстытутам паводле дыяцэзіяльнага права. І вось на сёньняшні дзень у 15 краінах сьвету існуюць законныя дамы Chemin Neuf, дзе разам жывуць 900 мужчынаў і жанчынаў, у тым ліку і сямейныя пары зь дзецьмі.
Яшчэ больш за 8000 чалавек зьяўляюцца членамі Chemin Neuf, але жывуць у сваіх дамах і кватэрах і займаюцца працай у грамадзтве. Chemin Neuf, заснавальнікам якой стаў францускі езуіт Ларан Фабр, аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах католікаў, праваслаўных і пратэстантаў.
Уся гэтая інфармацыя – манаская арганізацыя, складзеная зь людзей розных канфэсіяў, якія захоўваюць сваю веру, сямейныя пары за мурамі законных дамоў, да таго ж зь дзецьмі – настолькі дзіўная, што замест таго, каб пераказваць інфармацыю з рэклямнага праспэкту Chemin Neuf, я ўзяў дыктафон і выправіўся ў чэскае мястэчка Тухамержыцэ пад Прагай, дзе ў мурах старадаўняга кляштару знаходзіцца законны дом Chemin Neuf. Адказаць на мае пытаньні згадзіўся настаяцель законнага дому айцец Каміл Новак. І першае, пра што я ў яго спытаўся, ці можна Chemin Neuf лічыць звычайным манаскім законам?
(Новак: ) “Гэта цікавае пытаньне. Я думаю, нас нельга лічыць звычайным манаскім законам. Таму што ў нас гэта троху больш складана. З пункту гледжаньня царкоўнага, мы маем толькі манаскае ядро, якое складаецца са сьвятароў. І гэтае ядро ёсьць тыповым манаскім інстытутам, які юрыдычна прызнаны ў царкве. А вакол гэтай групы людзей ёсьць уся супольнасьць Chemin Neuf. Гэта азначае, што сьвятарскае ядро – гэта ня ўся рэальнасьць нашага жыцьця. Калі б сьвятары жылі асобна, дык гэта ўжо была б ня нашая супольнасьць Chemin Neuf, а нешта іншае. Так што мы маем некалькі юрыдычных суб’ектаў, якія ўтвараюць нашую супольнасьць. Гэта ўласна інстытут Chemin Neuf, пасьля ідзе шырэйшая арганізацыя-брацтва вернікаў. Апрача таго нашая супольнасьць адкрытая да людзей іншых канфэсіяў. Сама яна ў Каталіцкай царкве, але ў яе ўваходзяць і некатолікі. І вось людзі, якія зьяўляюцца членамі Chemin Neuf, але ня ёсьць католікамі – утвараюць трэцюю групу нашай супольнасьці”.
(Абламейка: ) “Наступна я спытаўся ў айца Каміла Новака, колькі ў сьвеце існуе суполак Chemin Neuf?”
(Новак: ) “Мы не гаворым так – колькі ёсьць суполак Chemin Neuf. Ёсьць адзіная супольнасьць Chemin Neuf, проста яна мае шмат дамоў у розных краінах сьвету. На гэты момант нашыя дамы ёсьць у 15 краінах. Мы лічым, што мы прысутнічаем у нейкай краіне толькі тады, калі маем там прынамсі адзін законны дом, і ў ім пад адным дахам жыве група братоў і сёстраў. Апрача таго існуе яшчэ адзін спосаб нашага супольнага жыцьця, калі нашыя члены ня мусяць жыць пад адным дахам, як вы, Сяргей, бачыце тут, у Тухамержыцах. Яны жывуць так званым брацтвам раёну ці кварталу. Гэта значыць, што яны маюць свае кватэры ці дамы, і проста жывуць блізка адзін ад аднаго – прыблізна 5 мінутаў пешкі. Але гэтыя людзі таксама члены Chemin Neuf, а значыць удзельнічаюць у місіі Chemin Neuf, у супольных малітвах і гэтак далей”.
(Абламейка: ) “Chemin Neuf мае складаную структуру і больш за 9 тысяч членаў. Таму лягічным было і маё наступнае пытаньне да айца Каміла Новака – якія мэты ставіць перад сабой супольнасьць Chemin Neuf?”
(Новак: ) “На першым месцы стаіць духоўная служба, духоўная дапамога тым, хто хацеў бы ісьці далей па шляху духоўнага разьвіццья. Як ігнацыянская супольнасьць прапануем духоўныя практыкаваньні і іншыя мерапрыемствы, якія працягваюццца уік-энд або тыдзень і маюць пэўную тэму і, так сказаць, духоўнае суправаджэньне. Падчас іх чалавек можа сьцішыцца, памаліцца, бярэ ўдзел у разважаньнях над тэмай імпрэзы разам з астатнімі ўдзельнікамі. І гэта такі наш асаблівы спосаб дапамогі, калі чалавек мае супольнасьць, бачыць, што існуюць людзі, якія маюць аднолькавыя пытаньні і праблемы, якія на такім жа шляху да Бога, як і ён. Гэта адзін бок нашай дзейнасьці. Другая нашая задача – эвангелізацыя. Мы зьяўляемся супольнасьцю, якая закладзеная на падставе харызматычнага абнаўленьня, і таму прагнем прысутнічаць у сучасным грамадзтве і сваім жыцьцём, сваёй працай, сваім словам і іншымі спосабамі сьведчыць аб Богу, аб Ісусе Хрысьце і клікаць людзей у царкву на дарогу з Богам”.
(Абламейка: ) “Я таксама спытаўся ў настаяцеля законнага дому супольнасьці Chemin Neuf у мястэчку Тухамержыцэ Пад прагай айца Каміла Новака, людзі якіх вераў уваходзяць у чэскае аддзяленьне Chemin Neuf?”
(Новак: ) “Тут, у Чэхіі, большасьць з нас – католікі. Маем адну сястру лютэранку. І яшчэ адна сястра з Чэхіі, якая зараз знаходзіцца у нашым доме ў Ангельшчыне, належыць да чэска-братэрскай пратэстанцкай царквы”.
(Абламейка: ) “Далей я нагадаў айцу Камілу Новаку, як напачатку ён сказаў, што манахамі ў Chemin Neuf зьяўляюцца толькі сьвятары, а кім жа трэба лічыць сем’і, якія жывуць разам з манахамі пад адным дахам?”
(Новак: ) “Ну так, можна сказаць, што ў нас у доме ня толькі сьвятары. Проста ў пачатку я гаварыў аб юрыдычным аспэкце нашай супольнасьці. Маю на ўвазе, што паводле Каталіцкага Кананічнага права манахамі ёсьць толькі сьвятары. Але калі гаварыць паводле жыцьця, дык можна сказаць, што і сем’і, якія жывуць у нашых законных дамах, і сёстры-цэлібатніцы, і браты-цэлібаты, і маладыя людзі, што жывуць з намі – іх жыцьцё хутчэй падобнае на жыцьцё манахаў. Ня гледзячы на тое, што часта яны займаюцца працай па-за нашымі законнымі дамамі ў грамадзтве і па месцы працы, усе мы маем сваё ўнутранае жыцьцё, свой статут і іншыя правілы-рэгулы, і гэтым мы набліжаемся да манаскага спосабу жыцьця”.
(Абламейка: ) “Я спытаўся таксама ў айца Каміла Новака, якім ёсьць статус дзяцей жанатых параў, што жывуць манаскім жыцьцём у законных дамах Chemin Neuf?”
(Новак: ) “Дзеці не зьяўляюцца членамі нашай супольнасьці. Яны вырастаюць з супольнасьцю, бо іх бацькі ёсьць членамі Chemin Neuf. Але самі яны становяцца членамі супольнасьці толькі тады, калі самі пасьля паўналецьця захочуць стаць членамі Chemin Neuf”.
(Абламейка: ) “І вось уявім, што нейкая сям’я зь ліку сталых членаў Chemin Neuf захацела прыйсьці ў законны дом і застацца там жыць. Ці толькі гэта яе рашэньне і яе адказнасьць? Вось што адказаў айцец Каміл Новак”.
(Новак: ) “Не, не. Паколькі гэта шлюбная пара, дык абодва бакі – і малжонкі, і нашая супольнасьць – павінны пацьвердзіць гэты іх намер. Нельга захацець і прыйсьці ў законны дом. Трэба каб супольнасьць Chemin Neuf прызнала карысным, калі б тая ці іншая сям’я жыла ў законным доме, або, як мы кажам, у брацтве жыцьця. Гэта хутчэй наступная стадыя духоўнага разьвіцьця, калі сям’я ўжо далёка прасунулася ў малітве і ў жыцьці з Богам і адчувае, што мае такое пакліканьне – жыць у законным доме. Зь іншага боку, адказныя за супольнасьць людзі моляцца да Госпада і просяць Яго даць знак, ці сапраўды канкрэтная сям’я тое пакліканьне мае. У момант, калі абодва бакі атрымаюць сьвятло і пазнаюць, што гэта той шлях, які ім патрэбны, толькі тады прыход сям’і ў законны дом робіцца магчымым”.
(Абламейка: ) “Значыць, запытаўся я ў айца Каміла, такія сямейныя пакліканьні ня ёсьць частыя?
(Новак: ) “Так, большая частка жыве ў брацтве кварталу. Але магу сказаць, што ў кожным законным доме жыве мінімум адна сям’я. Гэта значыць, яна жыве ў брацтве жыцця. У Chemin Neuf немагчыма, каб у нейкім законным доме жылі толькі цэлібаты, трэба мець прынамсі адну сям’ю”.
(Абламейка: ) “І на заканчэньне, я папрасіў айца Каміла Новака расказаць, з чаго складаецца дзень насельнікаў законнага дому Chemin Neuf?”
(Новак: ) “Раніцай у 6:30 маем ранішнюю малітву з брэвіярыем – гэта як лацінскі брэвіяры, але зьменены пад нашыя ўмовы – мы яго сьпяваем. Пасьля маем час асабістай малітвы і сьняданак, які кожны мае асобна. У 9:00 маем агульны сход законнага дому і атрымліваем заданьні і даручэньні на дзень. У 12:00 сустракаемся на Сьвятой Імшы або на адарацыі – гэта залежыць, у які дзень. Каля 13:00 – абед. Пасьля яго сем’і, якія маюць дзяцей, застаюцца зь дзецьмі дома. А тыя, хто можа, працуюць у доме або над канкрэтнымі заданьнямі з нашай місіі. Калі адарацыі, гэта значыць выстаўленьня ў царкве Сьвятых Дароў, не было ўдзень, дык маем яе ў 18:00. А вечарам некалькі разоў на тыдзень маем супольныя заняткі – гэта можа быць сумесная малітва, можа быць выклад для моладзі або для сямейных параў. А кожную сераду ўся супольнасьць, падзеленая на групы максымальна па 12 асобаў, абменьваюцца думкамі над сучасным момантам нашага жыцьця – што нам замінае, што нас радуе. Тут можа быць шмат розных тэмаў, зьвязаных з нашай місіяй, з нашым жыцьцём, з нашай працай і з нашымі станам”.
Такая вось у нас адбылася размова з настаяцелем законнага дому супольнасьці Chemin Neuf ў мястэчку Тухомержыцэ пад Прагай айцом Камілам Новакам.
Як вы чулі, зь яго тлумачэньняў вынікае, што толькі Каталіцкае Кананічнае права не дазваляе назваць сямейныя пары, якія жывуць у законных дамах Chemin Neuf, манахамі. Але гэта юрыдычны аспэкт. У рэальным жа жыцьці яны манахі і ёсьць.
Так што можна канстатаваць, што 30 гадоў назад у сьвеце ўзьнікла першае каталіцкае экумэнічнае манаскае зграмаджэньне, членамі якога зьяўляюцца ня толькі бясшлюбныя сьвятары, але і бясшлюбныя браты, сёстры, а таксама сямейныя пары. Прычым пакліканьне Chemin Neuf, сярод іншага, менавіта фармацыя сям’і, а таму ў кожным законным доме павінна жыць найменей адна сямейная пара. Як гэта ні дзіўна, але гэта рэальнасьць. Членамі Chemin Neuf, да таго ж, зьяўляюцца і прадстаўнікі некаталіцкіх цэркваў.
У Беларусі законных дамоў Chemin Neuf пакуль няма.