На парозе новага, 2003 году, епіскапат Грэцкай праваслаўнай цэрквы выступіў з адмысловым зваротам да 600 сьвятароў раёну Атэнаў. У ім зьмешчаныя заўвагі і рэкамэндацыі для духавенства, датычныя вопраткі і належных паводзінаў у публічных месцах. 3 студзеня грэцкія газэты паведамілі, што царкоўнае кіраўніцтва зацікавілася нормамі паводзінаў духавенства пасьля цэлай сэрыі скандальных і непрыстойных інцыдэнтаў. У адпаведнасьці з рэкамэндацыямі, напрыклад, седзячы ў крэсьле ў прысутнасьці іншых людзей, сьвятар не павінен закладаваць нагу на нагу. Ён у ніякім разе ня можа сабе дазволіць у публічным месцы паднімаць голас або быць няветлівым у дачыненьні да таксіста, нават калі той брыдка лаецца і грубіяніць. Грэцкае духавенства заклікаецца таксама не курыць, бо не выпадае, каб вернікі цалавалі руку сьвятара, якая сьмярдзіць тытунёвым дымам. Такім чынам, епіскапат нагадвае ніжэйшаму духавенству абавязковыя нормы паводзінаў, своеасаблівы царкоўны этыкет. Вядома, што існуе прыдворны, дыпляматычны, мэнэджэрскі этыкет, але ці існуе сьвятарскі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да а. Міхаіла Ардава, аўтара кніжкі пра звычаі духавенства “Дробязі з жыцьця архі-, прота-, проста ярэйскага жыцьця”.
(Ардаў: ) “Безумоўна, існуе. Больш за тое. Калі мы возьмем каноны Праваслаўнай Царквы, то там вельмі шмат гаворыцца пра паводзіны і зьнешні выгляд сьвятара. Прытым гэтае пытаньне час ад часу ставілася вельмі востра. Напрыклад, у 18 стагодзьдзі маскоўскі архіепіскап Амвросій апублікаваў дэкрэт, згодна зь якім любы чалавек, калі ўбачыць на вуліцы п’янага дыякана або сьвятара, мог яго прывесьці ў кансысторыю і атрымаць за гэта грашовую ўзнагароду. Што тычыцца нашых часоў, дык я ня надта знаёмы з сытуацыяй ў Грэцыі, але мяркую, што размова йдзе пра пануючую ў Грэцыі новастыльную царкву. Там, наколькі мне вядома, і сьвятары, і вернікі даволі холадна ставяцца да рэлігіі, храмы запушчаныя, а багаслужбы адбываюцца нават не ва ўсе нядзелі і сьвяты”
(Бандарук: ) “Гаварыў а. Міхаіл Ардаў з Масквы. Якраз у Грэцыі, у Салоніках, ужо некалькі гадоў жыве і рыхтуе доктарскую працу ў галіне сацыялёгіі рэлігіі выпускнік Жыровіцкай Духоўнай Сэмінарыі і Акадэміі Дзімітры Паграбенка. Я папрасіў яго пракамэнтаваць згаданы дакумэнт грэцкага епіскапату”.
(Паграбенка: ) “Я б распачаў з аднаго маленькага ўспаміну, яшчэ зь Беларусі. Калі я яшчэ вучыўся ў Жыровіцкай Сэмінарыі, у нас быў у манастыры адзін дыякан, а. Аляксандар. Да хіратоніі ён быў электрыкам, ці трактарыстам у саўгасе. І вось, памятаю, мы ўсё жартавалі зь яго, кажучы: айцец Аляксандар! Вас ніколі ня зробяць сьвятаром. Ён крыўдзіўся і пытаў – чаму? А ў яго на правай руцэ была татуіроўка з чырвонай зоркай. Мы кажам: бо калі вам будуць цалаваць руку, ня будуць жа цалаваць чырвоную зорку! Чаму я гэта кажу? Таму што, з аднаго боку, здаецца, зьнешнія паводзіны і выгляд сьвятара ня самыя важныя, асабліва для глыбока веруючых людзей, бо яны ж павінны разумець, што важна ня тое, што вонкі, але тое, што ўнутры, у сэрцы чалавека. Але ж, зразумела, ёсьць людзі, для якіх ВАЖНА – якая зорка вытатуіраваная на руцэ ў сьвятара, і гэтак далей”.
(Бандарук: ) “З другога боку, не сакрэт, што вернікі надзвычай уважліва прыглядаюцца сьвятаром – як яны сябе паводзяць, як апранаюцца, якая ў іх хата, які аўтамабіль. Напэўна, большасьць духавенства паводзіць сябе прыстойна і ўзорна. На жаль, нават адзінкавыя нэгатыўныя інцыдэнты атрымліваюць шырокі розгалас. Яны шкодзяць іміджу ўсёй царквы, падрываюць ейны аўтарытэт. Ці ў кантэксьце вышэйзгаданага напаміну грэцкаму духавенству можна гаварыць пра такую небясьпеку?”
(Паграбенка: ) “У Грэцыі Праваслаўная Царква карыстаецца высокім аўтарытэтам, паколькі яна адыграла немалую ролю ў вызваленьні краіны спад панаваньня Атаманскай Імпэрыі, а таксама яна ўнесла выдатны ўклад у культуру. Але зараз, у наш час, у Царкве ўзьнікла такая вось праблема: шмат сьвятароў ня маюць тэалягічнай асьветы, альбо іхны адукацыйны ўзровень наагул вельмі нізкі. І паколькі атмасфэра тут даволі свабодная, да сьвятароў ніхто не чапляецца і асабліва не кантралюе, дык некаторыя зь іх відавочна расслабіліся”.
(Бандарук: ) “Відавочна расслабілася і духавенства РПЦ, паколькі таксама Патрыярх Аляксей ІІ – ужо ня першы раз – зьвярнуўся да маскоўскага кліру з шэрагам папрокаў і рэкамэндацыяў. Ён, у прыватнасьці, асудзіў сьвятароў за злоўжываньне сьпіртнымі напоямі. Патрыярх адзначыў, што некаторыя сьвятары, ідучы за сэкулярызаваным сьветам, “падпалі пад уплыў разбэшчанага ладу жыцьця “новых рускіх”, спаборнічаюць паміж сабою ў модным адзеньні, выхваляюцца дарагімі аўтамабілямі і мабільнымі тэлефонамі. Духавенства, паводле Патрыярха, зьдзірае зь вернікаў высокія аплаты за хросты, шлюбы і паховіны, а некаторыя парафіі займаюцца падазронымі бізнэсамі. Аляксей ІІ лічыць, што недапушчальна, калі сьвятары выдаткоўваюць вялікія сумы на зьнешняе ўпрыгожаньне храмаў і пабудову шыкоўных дамоў для сябе, пры гэтым не знаходзячы сродкаў на нядзельную школку, царкоўную газэту, інтэрнэт-старонку, падрыхтоўку кадраў або працу з моладзьдзю. Калі Патрыярх адкрыта гаворыць пра гэта, дык відавочна, гэта ня выдумка нядобразычліўцаў. Што Вы думаеце на гэты конт, айцец Міхаіл Ардаў?”
(Ардаў: ) “Што тычыцца нашай, Маскоўскай Патрыярхіі, то ўзровень духавенства ў свой час штучна паніжаўся. Бальшавікі не дазвалялі высьвячаць глыбока веруючых, адукаваных людзей і ўсялякімі спосабамі адштурхоўвалі іх ад сьвятарства. А зараз маем дычыненьне зь іншай сумнай зьявай. Патрыярхія пераняла вялікую колькасьць сельскіх і гарадзкіх храмаў. Спатрэбілася вялікая колькасьць сьвятароў, і пачалі набіраць людзей непадрыхтаваных, выпадковых, абсалютна нецаркоўных. Таму і паводзіны гэтых людзей могуць быць самыя розныя. Увогуле, сьвятары не прыходзяць зь неба. Якія людзі, якое грамадзтва, такія атрымліваюцца і сьвятары. Яны набіраюцца са звычайных людзей, часта выхаваных ў сучасным скажоным асяродзьдзі, дзе поўны заняпад маралі, прыстойнасьці і гэтак далей. Усё гэта, зразумела, вельмі сумнае і сьведчыць аб тым, што сьвет відавочна набліжаецца да свайго канца”.
(Бандарук: ) “Трэба прызнаць, што праблема адпаведных паводзінаў духавенства ня новая. Ужо ў апостальскіх правілах і царкоўных канонах строга рэглямэнтуюцца паводзіны сьвятара і ягоны зьнешні выгляд. У 41 Апостальскім Правіле гаворыцца: “Епіскап, або сьвятар, або дыякан, гульням і п’янству адданы, або хай перастане гэта рабіць, або хай будзе пазбаўлены сану”. “Калі некага з кліру ўбачаць у карчме, хай будзе адлучаны ад царквы” (54). “Калі нехта з кліру (або сьвецкі чалавек) увойдзе памаліцца ў сынагогу юдэйскую... хай будзе адлучаны ад царквы” (65). “Аднойчы высьвячаным у клір, а таксама манахам не ўступаць ні ў вайсковую службу, ні ў сьвецкі чын... Тых, хто асьмеліцца зрабіць гэта, абкладаць анафемай” (7 пр. Халкідонскага Сабору 451 г.). Сьвятарам нельга мець карчму (9 пр.: Канстантын. Сабору 681 г.), займацца ліхвою (10), ім нельга ўдзельнічаць у “конных гонках, або прысутнічаць на ганебных гульнях” (24 і 50). Сьвятар таксама павінен быць адпаведна пастрыжаны, яму нельга “апранацца ў непрыстойную вопратку, ні дома, ні будучы ў дарозе, але ўжываць адзеньне, адпаведнае ягонаму сану” (27). Такім чынам, патрабаваньні ў дачыненьні да сьвятара вельмі высокія. Ён павінен быць “узорам для верных у слове, у жыцьці, у любві, у духу, у веры, у чысьціні” (1 Цім. 4,12) З другога боку, ён ня можа ні прыпадабняцца, ні ўзвышацца над вернікамі. Дык ці існуе нейкая залатая сярэдзіна?”
(Ардаў: ) “Разумееце, у тым і справа, што сьвятар павінен, з аднаго боку, не даваць спакусьлівага прыкладу вернікам, а з другога боку – не адштурхоўваць іх ад сябе сваёй надменнай недаступнасьцю. І ў кожнай сытуацыі, калі да сьвятара зьвяртаюцца людзі, ён павінен паводзіць сябе адэкватна. Зразумела, не выпадае сьвятару курыць, ні напівацца, але і размаўляць зь людзьмі трэба ветліва, хаця раз цьвёрда і рашуча, а іншы раз надзвычай лагодна. Але, безумоўна, навонкі ўсё гэта мае быць належным чынам, як мае быць, каб усе бачылі, што ты носьбіт божай ласкі, што ты гэтую ласку не апаганьваеш. Сьвятар не павінен пэцкацца ў тым брудзе, якога ў сьвеце так многа”.
(Бандарук: ) “І з гэтым жа пытаньнем – якім павінен быць сучасны сьвятар? – я зьвярнуўся да Дзімітрыя Паграбенкі”.
(Паграбенка: ) “На маю думку, сьвятар павінен быць самім сабою. Калі ў яго вясёлы характар, яму падабаецца бываць у кампаніі людзей, дык чаму не? Калі характар больш схільны да духоўнага ўдасканаленьня і малітвы – чаму не? Неабавязкова, каб усе слухалі сучасную музыку або цікавіліся моладзевымі трэндамі, але і гэта не павінна быць для сьвятара невядомым. Сьвятары не павінны забывацца, дзе і ў які час жывуць, яны павінны разьбірацца ва ўсім. Яны павінны рабіць сваю справу і адначасова быць, як казаў Апостал Павал, “усім для ўсіх”: з грэшнікамі быць бы грэшнік, радавацца з тымі, хто радуецца, а з тымі, хто плача, – плакаць. Па-мойму, калі чалавек сапраўды носьбіт божай ласкі, яму ня трэба сачыць за сваімі зьнешнімі паводзінамі, бо тая ласка і любоў, якія жывуць у ім, яны выявяцца і навонкі”.
(Бандарук: ) “Па тэлефоне з Масквы і з Салонікаў гаварылі: а. Міхаіл Ардаў і Дзімітры Паграбенка. Абодва яны ў асноўным згодныя. Сьвятар павінен паводзіць сябе ў адпаведнасьці са сваім санам, але адначасова прыстасоўваючыся да актуальнай сытуацыі. У адной з наступных перадачаў мы пацікавімся пытаньнем – а што вернікі думаюць пра зьнешнія паводзіны сьвятара і чаго патрабуюць ад яго?”